Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНО́М (англ. genome ад грэч. genos род, паходжанне),
адзінарны (гаплоідны) набор храмасом з лакалізаванымі ў ім генамі; асн.генет. і фізіял. сістэма дадзенага віду арганізмаў. У адрозненне ад генатыпагеном уяўляе сабой характарыстыку віду, а не асобнага арганізма. У гаплафазе дыплоіда кожная клетка мае 1 геном, у дыплафазе — 2 (адзін уведзены ў зіготу жаночай, другі — мужчынскай гаметай). Выключэнне складаюць паліплоідныя формы. Пры аддаленай гібрыдызацыі магчыма атрыманне алапаліплоідаў (напр., гібрыды ад скрыжавання пшаніцы і жыта), якія нясуць розныя геномы. Для вызначэння колькасці і падабенства геномаў у розных відаў выкарыстоўваюць геномны аналіз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЛБЕРТ ((Gilbert) Уолтэр) (н. 21.3.1932, г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША),
амерыканскі вучоны ў галіне біяхіміі і малекулярнай біялогіі. Чл. Нацыянальнай АН ЗША (1968). Скончыў Гарвардскі ун-т (1953). З 1953 у Кембрыджскім (Вялікабрытанія), з 1957 у Гарвардскім ун-тах. Навук. працы па метадах устанаўлення першаснай структуры дэзоксірыбануклеінавай кіслаты (ДНК), вывучэнні механізму спецыфічнага ўзаемадзеяння бялкоў і ДНК. Здзейсніў кланіраванне гена, які кадзіруе сінтэз інсуліну, і ўвядзенне яго ў геном бактэрый. Нобелеўская прэмія 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВЕ́РСІЯ (ад лац. reversio вяртанне) у генетыцы, узнаўленне ў мутантнага арганізма дзікага (нармальнага) фенатыпу ў выніку паўторнай мутацыі. Адбываецца за кошт прыгнечання (супрэсіі) уздзеяння мутантнага гена або шляхам сапраўднай мутацыі. Арганізм, які ўзнік у выніку супрэсіі, мае псеўдадзікі фенатып, а пры сапраўднай зваротнай мутацыі — нармальны, таму што геном вяртаецца ў зыходны стан (напр., узнаўленне зыходнай нуклеатыднай паслядоўнасці ў гене, які быў закрануты прамой мутацыяй). Частата і характар Р. залежаць ад тыпу змен, якія адбыліся пры прамой мутацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУЛЬБЕ́КА ((Dulbecco) Рэната) (н. 22.2.1914, г. Катандзара, Італія),
італа-амерыканскі вірусолаг. Чл.Нац.АН ЗША, замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва і Італьянскай нац.АН. Праф. (1954). Скончыў Турынскі ун-т (1936, Італія). З 1947 у ЗША у Індыянскім ун-це, з 1949 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це, з 1963 і з 1977 у Солкаўскім ін-це біял. даследаванняў, з 1972 нам. дырэктара Лонданскага дзярж. аб’яднання лабараторый па даследаванні рака. Навук. працы па даследаванні механізмаў узаемадзеяння анкагенных вірусаў, якія маюць ДНК, з нармальнымі клеткамі. Эксперыментальна даказаў, што ДНК віруса пранікае ў геном клеткі і становіцца яго часткай. Нобелеўская прэмія 1975 (разам з Д.Балтымарам і Х.М.Тэмінам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ ХВАРО́БЫ,
хваробы, абумоўленыя біяхім. парушэннямі (расстройствы бялковага, вугляводнага і інш. абмену рэчываў). Узнікаюць пры парушэнні паслядоўнасці амінакіслот у поліпептыдным ланцугу. Паняцце ўведзена Л.К.Полінгам. Развіваюцца пры пашкоджванні сінтэзу нуклеінавых к-т і пратэінаў. Абумоўліваюцца мутацыямі генаў і аберацыямі храмасом, што праяўляецца сіндромамі прыроджаных парушэнняў развіцця, спадчыннымі хваробамі, недахопам у арганізме незаменных амінакіслот і інш. малекул, уздзеяннем розных таксінаў, якія пашкоджваюць сінтэз бялкоў; убудоўваннем вірусных генаў і прыёмных бялкоў у геном клетак; недастатковасцю рэцэптарзалежнага эндацытозу, розных ферментаў і інш. Высвятленне малекулярных механізмаў парушэння функцыянавання клетак і арганізма дае магчымасць расшыфраваць патагенез некат. псіхічных (напр., шызафрэнія) і інш. хвароб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНАТЫ́П (ад ген + тып),
генетычная (спадчынная) канстытуцыя арганізма, сукупнасць усіх яго генаў, лакалізаваных у храмасомах; кантралюе развіццё прыкмет арганізма — яго фенатып. У больш шырокім сэнсе генатып — сукупнасць ядзерных (геном) і няядзерных — цытаплазматычных і пластыдных (плазмон) носьбітаў спадчыннасці. Генатып разглядаецца як адзіная сістэма генаў, якія знаходзяцца ў складаным узаемадзеянні паміж сабой. Праз генатып перадаецца спадчынная інфармацыя ад пакалення да пакалення. Ён вызначае норму рэакцыі пры развіцці прыкмет арганізма. Варыяцыі ў межах гэтай нормы рэакцыі абумоўліваюцца мутацыямі і ўплывам фактараў навакольнага асяроддзя. Арганізмы з рознымі генатыпамі могуць мець аднолькавы фенатып (т.зв.фенакопіі) і, наадварот, з аднолькавым генатыпам — розны фенатып (мадыфікацыі). Для вызначэння структуры генатыпу праводзяцца адпаведныя аналітычныя скрыжаванні і генет. аналіз патомства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБАНУКЛЕІ́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ (РНК),
біялагічныя палімеры, якія складаюцца з монануклеатыдаў. Абавязковы кампанент усіх жывых клетак, многіх вірусаў. Удзельнічаюць у рэалізацыі генет. інфармацыі. Першасную структуру РНК вызначае паслядоўнасць размяшчэння монануклеатыдаў у поліпептыдным ланцугу. На ўзроўні другаснай структуры малекула РНК фарміруе адзін ланцуг (асобныя ўчасткі, камплементарныя адзін аднаму, утвараюць 2 ланцугі). У фарміраванні трацічнай структуры РНК важную ролю адыгрываюць бялкі, пры гэтым узнікаюць рыбасомы, інфармасомы.
Адрозніваюць некалькі тыпаў РНК: рыбасомная (рРНК) — каля 80% клетачнай РНК, транспартная (тРНК) — 15%, матрычная або інфармацыйная (мРНК) — каля 5% усёй РНК клеткі. Гал. функцыя рРНК — структурная арг-цыя рыбасомы, дзе адбываецца зборка поліпептыднага ланцуга. Трансп. РНК актывізуе і пераносіць амінакіслоты і выконвае адаторную функцыю, якая дазваляе перакласці «мову» генет. кода (паслядоўнасць нуклеатыдаў) у «мову» структуры бялковай малекулы (амінакіслотная паслядоўнасць). Матрычная РНК — камплементарная копія генаў, якія кадзіруюць структуру бялкоў. Яна выкарыстоўваецца як матрыца пры зборцы поліпептыднага ланцуга. Асобна вылучаюць вірусную РНК. У некат. тыпаў вірусаў яна адыгрывае ролю захавальніцы генет. інфармацыі. Пранікненне такога віруса ў клеткі патрабуе папярэдняга сінтэзу дэзоксірыбануклеінавай кіслаты (ДНК) на матрыцы РНК гэтага віруса. Паток генет. інфармацыі (экспрэсія генаў) уключае транскрыпцыю — сінтэз усіх тыпаў РНК на малекуле ДНК і трансляцыю — біясінтэз бялку на мРНК (генет. інфармацыя ДНК рэалізуецца шляхам праграміраванага праз мРНК сінтэзу бялкоў, якія вызначаюць фенатыпічныя прыкметы жывых арганізмаў). Утварэнне мРНК на матрыцы ДНК у пракарыятычных клетках — адносна просты працэс і ўключае гал. чынам транскрыпцыю адпаведнага гена з дапамогай РНК-полімеразы. Біясінтэз мРНК у эўкарыётаў значна адрозніваецца шматступеньчатасцю фарміравання актыўнай малекулы. Малекулы тРНК як у эўкарыётаў, так і ў пракарыётаў сінтэзуюцца ў выглядзе вял. папярэднікаў. У клетках эўкарыётаў сінтэз рРНК лакалізаваны ў ядзерку і ажыццяўляецца РНК-полімеразай I; геном утрымлівае ад 50 да 1000 ідэнтычных копій генаў, якія кадзіруюць рРНК.
Літ.:
Березов Т.Т., Коровкин Б.Ф. Биологическая химия. 3 изд. М., 1998.