ГЕНАФО́НД (ад ген + фонд),

генетычны фонд, сукупнасць спадчыннай інфармацыі, зашыфраванай у генет. структурах жывых арганізмаў. Тэрмін уведзены рус. вучоным А.​С.​Сераброўскім у 1928 г. Носьбіты генафонду — асобіны, віды жывых арганізмаў, папуляцыі. Выміранне і знішчэнне відаў беззваротна збядняюць генафонд Зямлі (біясферы). Распрацоўваюцца метады захавання генет. рэсурсаў біясферы, асабліва генафонд тых раслін і жывёл, што маюць практычнае значэнне (сартоў культ. раслін і парод свойскіх жывёл) або знаходзяцца пад пагрозай знішчэння.

т. 5, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПУЛЕ́ЦЫЯ (ад лац. populus народ, насельніцтва),

сукупнасць жывых арганізмаў аднаго віду, якія маюць агульны генафонд, свабодна скрыжоўваюцца ці патэнцыяльна здольны скрыжоўвацца паміж сабой (панміксія), займаюць агульную тэр. і маюць пэўныя прасторава-часавыя ўзаемаадносіны. Тэрмін «П.» ўвёў В.Іагансен (1903).

Мае складаную структуру, якая падтрымліваецца механізмамі самарэгуляцыі і характарызуецца колькасцю асобін, шчыльнасцю засялення, характарам прасторавага размеркавання, палавым, узроставым і генет. складам. Унутры П. вылучаюць больш дробныя групы (сем’і, дэмы, парцэлы, мікрапапуляцыі і інш.). П. розных відаў, якія пражываюць у адным месцы, ствараюць біяцэноз. У прыродзе налічваецца шмат тыпаў П. (напр., насельніцтва Беларусі можна разглядаць як П. людзей; статак зуброў у Белавежскай пушчы — прыродная П. і інш.). Аддзяляецца ад суседніх П. рознымі формамі ізаляцыі, аднак межы паміж імі дакладна не акрэслены. П. разглядаецца як элементарная адзінка эвалюц. працэсу, здольная рэагаваць на змену асяроддзя перабудовай генет. структуры, з’яўляецца формай існавання віду, якая забяспечвае яго эвалюц. ўстойлівасць у сувязі з генет. разнастайнасцю асобных П. Вывучэнне П. мае важнае значэнне для распрацоўкі навук. асноў рацыянальнага выкарыстання і захавання біял. рэсурсаў. Гл. таксама Папуляцыйная генетыка, Экалогія папуляцыйная.

т. 12, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)