ГЕАФІ́ТЫ [ад геа... + ...фіт(ы)],

шматгадовыя расліны, у якіх пупышкі ўзнаўлення і запасныя пажыўныя рэчывы знаходзяцца ў органах (цыбулінах, карэнішчах, клубнях), захаваных у глебе, што дазваляе ім перажываць засушлівы або халодны перыяд года. Адна з жыццёвых формаў раслін; адносяцца да крыптафітаў. Да геафітаў належаць цыбульныя (цыбуля, цюльпан, нарцыс), карэнішчавыя (ландыш, спаржа, многія злакі і асокі), клубнецыбульныя (шафран і інш.), клубняносныя (бульба, батат і інш.). Часткі раслін, якія перажываюць неспрыяльныя ўмовы ў зімовы перыяд, ахаваны таксама ападам з адмерлых наземных органаў і снегам. Геафітаў найбольш у сухіх стэпах.

т. 5, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫПТАФІ́ТЫ [ад крыпта... + ...фіт(ы)],

шматгадовыя травяністыя расліны, у якіх наземныя органы адміраюць у неспрыяльны для вегетацыі сезон, а пупышкі ўзнаўлення закладваюцца на карэнішчах, якія знаходзяцца ў глебе (геафіты) ці пад вадой (гідрафіты); адна з жыццёвых форм раслін. Напр., у флоры Беларусі ў многіх злакаў, асок, хрэну, клубнях (бульба, тапінамбур), цыбулінах (цюльпан).

т. 8, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)