эфірны алей, які атрымліваюць з зялёнай масы і драўніны гваздзіковага дрэва. Жоўтая вадкасць з пахам гваздзікі, шчыльн. 1040 кг/м³. Выкарыстоўваюць як духмянае рэчыва ў парфумерыі, сыравіну ў вытв-сці эўгенолу, рэпелент (ад камароў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЗО́ЙНАЯ КІСЛАТА́, бензолкарбонавая кіслата,
найпрасцейшая араматычная кіслата, C6H5COOH, мал. м. 122,05. Бясколерныя крышталі, tпл 122,4 °C, шчыльн. 1,316∙103кг/м³. Дрэнна раствараецца ў вадзе, добра ў спірце, эфіры, бензоле. Складаныя эфіры і солі бензойнай кіслаты (бензааты) ёсць у эфірных алеях (напр., гваздзіковы алей), прыродных бальзамах (талуанскі, перуанскі) і бензойнай смале. Атрымліваюць акісленнем талуолу. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці фарбавальнікаў, лек. сродкаў, духмяных рэчываў, у медыцыне як процімікробны і фунгіцыдны сродак; кансервант харч. прадуктаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАЗДЗІКО́ВАЕ ДРЭ́ВА (Syzygium aromaticum),
вечназялёнае дрэва сям. міртавых. Пашырана на Малукскіх а-вах, культывуецца ў многіх трапічных краінах. На Беларусі вырошчваюць ў аранжарэі Цэнтр.бат. сада АН.
Дрэва сярэдняй выш., са скурыстым супраціўным лісцем. Кветкі дробныя, белыя або ружовыя, сабраныя ў кустападобныя суквецці. Плод ягадападобны, аднанасенны. Усе часткі расліны маюць у сабе гваздзіковы алей, які выкарыстоўваюць у парфумерыі, медыцыне, мікраскапічнай тэхніцы, таксама з’яўляецца крыніцай для атрымання ваніліну. Высушаныя бутоны гваздзіковага дрэва (гваздзіка) выкарыстоўваюць як прыправу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНІ́КНІЦА (Geum),
кветкавая расліна сям. ружавых. Больш за 40 відаў. Пашыраны ва ўмераных паясах і ў Арктыцы. На Беларусі 3 віды П.: алепская (G. aleppicum), гарадская (G. urbanum), рачная (G. rivale). Трапляюцца ў лясах, садах, на ўзлесках, уздоўж дарог. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны П. чылійская (G. chiloense) і чырвоная (G. coccineum).
Шматгадовыя карэнішчавыя травы выш. да 80 см з прамастойнымі малагалінастымі сцёбламі. Прыкаранёвае лісце лірападобна-перыстае, сцябловае трайчастае або трохраздзельнае. Кветкі жоўтыя ці чырванаватыя, адзіночныя або ў шчытковых ці мяцёлчатых суквеццях. Плод — шматарэшак. Карэнішчы П. гарадской («гваздзіковы корань») ужываюць як прыправу, дабаўляюць у піва, квас. Эфіраалейныя, меданосныя, харч., лек., дубільныя, інсектыцыдныя і дэкар. расліны.