ЭЎГЕНО́Л (4-аліл-2-метаксіфенол),

арганічнае злучэнне, якое ўваходзіць у састаў эфірных алеяў (напр., гваздзіковы алей).

Бясколерная або жаўтаватая вадкасць з моцным пахам гваздзікоў, мал. м. 164,2, tпл. 10,3 °C, tкіп 252,7 °C. Не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў 50% этаноле (1:5). З воднымі растворамі шчолачаў утварае водарастваральныя солі (эўгеналяты), якія выкарыстоўваюць для выдзялення Э. з эфірных алеяў. Атрымліваюць алкіліраваннем алілавым спіртам або алілхларыдам гваяколу. Выкарыстоўваюць у парфумернай і тытунёвай прам-сці; сыравіна для атрымання ізаэўгенолу.

т. 18, кн. 1, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)