ГАІ́ЦІ

(Haïti; стараж. назва Кіскея),

востраў у групе Вялікіх Антыльскіх астравоў, у Вест-Індыі. На Гаіці дзяржавы Гаіці і Дамініканская Рэспубліка. Абмываецца на Пн Атлантычным ак., на Пд — Карыбскім м. Ад в-ва Куба аддзелены Наветраным пралівам, ад в-ва Пуэрта-Рыка — пралівам Мона. Пл. 77 тыс. км². Нас. 14,4 млн. чал. (1994). Берагі моцна парэзаныя залівамі пераважна рыясавага тыпу. Складзены з вулканічных і асадкавых парод. Рэльеф гарысты, выш. да 3175 м (г. Дуартэ — самая высокая ў Вест-Індыі). Частыя землетрасенні. Клімат трапічны пасатны. На ПнУ і Пд схілы гор укрыты вечназялёнымі і мяшанымі трапічнымі лясамі. На З і ва ўнутр. раёнах — лістападныя лясы і хмызнякі, на вяршынях — хвойныя і цвердалістыя лясы. Адкрыты ў 1492 Х.Калумбам і названы ім Эспаньёлай.

т. 4, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАІ́ЦІ

(Haïti),

Рэспубліка Гаіці (République d’Haïti), дзяржава ў Вест-Індыі. Займае зах. частку в-ва Гаіці і суседнія дробныя астравы. На У мяжуе з Дамініканскай Рэспублікай. Аддзелена ад Кубы Наветраным пралівам, ад Ямайкі — прал. Ямайка. Падзяляецца на 9 дэпартаментаў. Пл. 27,8 тыс. км². Нас. 6,9 млн. чал. (1993). Сталіца — г. Порт-о-Прэнс. Дзярж. мова французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 студз.).

Прырода. Большая частка паверхні — чаргаванне горных масіваў (хр. Паўночны, Мато, Сель, От, Мантань-Нуар) выш. да 2680 м (г. Ла-Сель) з міжгорнымі далінамі і ўпадзінамі (Паўн. раўніна, даліна р. Артыбаніт, Цэнтр. плато, упадзіна Кюль-дэ-Сак). Ёсць радовішчы баксітаў, меднай руды. Клімат трапічны пасатны. Т-ра паветра ад 23—25 °C у студз. да 29 °C у ліп. Ападкаў 1000—2000 мм за год, у закрытых горных далінах каля 500 мм; вільготны сезон (май—верасень). Бываюць ураганы. Рэкі кароткія, часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне. Пад вечназялёнымі і лістападнымі трапічнымі лясамі засталося 4% тэрыторыі.

Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва — гаіцяне, нашчадкі рабоў, вывезены з Афрыкі ў 16—18 ст. Паводле расавага складу негры (95%) і мулаты (5%). Большасць вернікаў — католікі, шырока распаўсюджаны афра-хрысціянскі культ ваду́. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 248 чал. на 1км². Значная частка яго сканцэнтравана ў прыбярэжных раёнах, асабліва на Пд і ПнУ, у міжгорных далінах. Гар. насельніцтва 30%. Найб. горад Порт-о-Прэнс — 753 тыс. ж., затым Кап-Аіцьен 92 тыс. ж., Ганаіў — 63 тыс. ж. (1992). У сельскай гаспадарацы занята 66% насельніцтва, у абслуговых галінах — 25%, у прам-сці — 9%.

Гаспадарка. Гаіці — самая бедная краіна Лац. Амерыкі, уваходзіць у лік 7 найменш развітых краін свету. Эканоміка базіруецца на с.-г. вытв-сці. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 450 дол. ЗША. У эканоміцы пераважае замежны капітал. Для сельскай гаспадаркі характэрны шматлікія карлікавыя сял. гаспадаркі і буйныя плантацыі таварных культур. Апрацоўваецца каля 33% плошчы краіны, пад лугамі і пашай — каля 20%. Вырошчваюцца экспартныя культуры: кава (займае 11% апрацаваных зямель), сізаль, какава, цукр. трыснёг, бавоўнік, тытунь, эфіраалейныя культуры; харчовыя: кукуруза, рыс, бананы, маніёк, проса. Жывёлагадоўля пераважна ў гарах. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коней, аслоў і мулаў. Лоўля рыбы, крабаў, крэветак, амараў. Прам-сць развіта слаба. Некалькі невялікіх ЦЭС працуюць на імпартным паліве. Горназдабыўная прам-сць: здабыча баксітаў і гліназёмны з-д (каля г. Мірагаан), невял. здабыча меднай руды і цэментнай сыравіны. Параўнальна развіта тэкст. прам-сць. Ёсць асобныя прадпрыемствы гарбарна-абутковай, харчасмакавай прам-сці, цукр. з-д, сізалевыя ф-кі, цэментны з-д, фармацэўтычныя прадпрыемствы, саматужныя майстэрні. Амаль усе прамысл. прадпрыемствы знаходзяцца ў сталіцы. Транспарт пераважна аўтамабільны. Ёсць 4000 км аўтадарог, 950 км з іх асфальтаваныя. Гал. марскі порт і міжнар. аэрапорт Порт-о-Прэнс. Гаіці экспартуе вырабы тэкст. прам-сці, каву, інш. с.-г. прадукты; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва, хімікаты. Гал. гандл. партнёр ЗША (каля 84% экспарту і 65% імпарту). Імпарт перавышае экспарт у 2 разы. Краіна выкарыстоўвае дапамогу развітых краін і міжнар. арганізацый. Грашовая адзінка — гурд.

Гісторыя. В-аў Гаіці адкрыты Х.Калумбам у 1492, названы ім Эспаньёлай. Спачатку каланізаваны іспанцамі, якія амаль поўнасцю знішчылі карэннае насельніцтва — індзейцаў-аравакаў. З пач. 16 ст. пачаўся масавы ўвоз неграў-рабоў з Афрыкі для работы на плантацыях. У 17 ст. ў зах. ч. Пасяліліся франц. піраты, з 1697 гэта ч. вострава афіцыйна адышла да Францыі і атрымала назву Сан-Дамінга. Тут развівалася вытв-сць цукру, кавы, какава, бавоўны. Гаіці лічылася самай багатай франц. калоніяй. Разам з тым негры-рабы (90% насельніцтва) жорстка эксплуатаваліся і жылі ў галечы, моцна былі абмежаваны правы свабодных мулатаў. У канцы 18 ст. пад уплывам франц. рэвалюцыі 1789—99 пачаўся бурны ўздым нац.-вызв. руху. Паўстанне рабоў у 1791 перарасло ў вайну за незалежнасць. На чале паўстанцаў стаяў Ф.Д. Тусэн-Луверцюр, які нанёс паражэнне англ. і ісп. войскам, адмяніў рабства, у 1801 абвешчаны пажыццёвым кіраўніком усяго вострава, уключаючы і яго ўсх. частку. Пасля яго паланення французамі барацьбу ўзначаліў ген. Ж.Ж.Дэсалін. 1.1.1804 ён абвясціў незалежнасць калоніі, аднавіўшы старую індзейскую назву — Гаіці. Значная ч. зямель плантатараў была перададзена б. рабам. На працягу ўсяго 19 ст. ў краіне ішла барацьба за ўладу паміж прадстаўнікамі мулацкіх і негрыцянскіх вярхоў, частымі былі змовы і дзярж. перавароты. У 1844 усх. ч. в-ва Гаіці (Санта-Дамінга) аддзялілася, утварыўшы Дамініканскую Рэспубліку. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Гаіці ўзмацніўся прыток замежнага капіталу. У 1915—34 Гаіці акупіравана ЗША, стала фактычна іх пратэктаратам. У 1957 у выніку выбараў, якія праходзілі ў абставінах дэстабілізацыі, прэзідэнтам стаў Ф.Дзювалье, які ў 1964 абвясціў сябе «пажыццёвым прэзідэнтам» і ўстанавіў жорсткі рэжым тэрору і гвалту. Пасля смерці Ф.Дзювалье ў 1971 пост прэзідэнта перайшоў да яго сына Жан Клода, які прадоўжыў умацаванне рэжыму жорсткай дыктатуры. Задушэнне апазіцыі, расправы і пакаранні, дзеянні тайнай паліцыі выклікалі шырокі пратэст у свеце, што прывяло да ізаляцыі краіны, скарачэння замежных інвестыцый, спынення турызму. Рэзка пагоршылася эканам. становішча Гаіці, у сярэдзіне 1980-х г. па краіне пракацілася хваля пратэсту, узначаленая каталіцкім духавенствам. У час нар. паўстання ў лют. 1986 Ж.К.Дзювалье ўцёк з краіны. У 1987 прынята новая канстытуцыя Гаіці, а ў 1990 на першых свабодных выбарах прэзідэнтам стаў левы паліт. дзеяч святар Ж.Б.Арыстыд. Рэформы, якія ён стаў праводзіць, выклікалі незадаволенасць ваен. алігархіі. 30.9.1991 прэзідэнт быў скінуты і высланы з краіны. Арг-цыя Амер. дзяржаў (ААД) і ААН асудзілі пераварот і запатрабавалі вярнуць да ўлады законна выбранага прэзідэнта. Супраць ваен. рэжыму былі ўведзены міжнар. санкцыі. У кастр. 1994 Арыстыд вярнуўся на Гаіці. У пач. 1996 яго змяніў на пасадзе прэзідэнта паплечнік, б. прэм’ер-міністр Р.Прэваль. Гаіцічл. ААН з 1945, чл. ААД, Лац.-амер. эканам. супольнасці. Найб. паліт. партыі — Нац. фронт за дэмакратыю і перамены, Рух за аднаўленне дэмакратыі і інш. Вядучыя прафс. аб’яднанні — Канфедэрацыя дэмакр. адзінства, Прафс. цэнтр працоўных Гаіці.

І.В.Загарэц (гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).

т. 4, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ АНТЫ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ́

(ісп. Grandes Antillas, англ. Greater Antilles),

заходняя частка архіпелага Антыльскія астравы ў Вест-Індыі. Уключае вял. а-вы Куба, Гаіці, Ямайка, Пуэрта-Рыка і менш значныя, размешчаныя паблізу. Агульная пл. 209 тыс. км².

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ́

(ісп. Antillas),

архіпелаг у Атлантычным ак. паміж Паўн. і Паўд. Амерыкай (Вест-Індыя). Падзяляецца на Вялікія Антыльскія астравы і Малыя Антыльскія астравы. Пл. 220 тыс. км². Антыльскія астравы мацерыковага і вулканічнага паходжання, паверхня б.ч. гарыстая (найвыш. г. Дуартэ, 3175 м, на в-ве Гаіці), характэрна моцная сейсмічнасць (акрамя раўніннай ч. Кубы). Клімат трапічны вільготны. Расліннасць — саванна, захаваліся ўчасткі лістападных і вечназялёных лясоў і хмызнякоў. Жывёльны свет: грызуны, лятучыя мышы, з паўзуноў кракадзілы, яшчаркі, змеі. На Антыльскіх астравах дзяржавы Антыгуа і Барбуда, Барбадос, Гаіці, Грэнада, Дамініка, Дамініканская Рэспубліка, Куба, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Кітс і Невіс, Сент-Люсія, Трынідат і Табага, Ямайка, а таксама ўладанні ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Нідэрландаў, ч. тэр. Венесуэлы.

т. 1, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЗЕЛЬСКІЯ МІ́РНЫЯ ДАГАВО́РЫ 1795,

сепаратныя мірныя дагаворы, заключаныя ў Базелі (Швейцарыя) паміж рэсп. Францыяй і двума ўдзельнікамі першай антыфранц. кааліцыі — Прусіяй і Іспаніяй: 5 крас. — паміж Францыяй і Прусіяй (да Францыі далучаўся левы бераг Рэйна); 22 ліп. — паміж Францыяй і Іспаніяй (да Францыі адыходзіла ісп. частка в-ва Гаіці, да Іспаніі — тэр. Каталоніі, Навары і баскскія правінцыі). Заключэнне дагавораў стала пачаткам распаду першай антыфранц. Кааліцыі.

т. 2, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХЕ́ДА

(Ojeda, Hojeda) Алонса дэ (каля 1470, г. Куэнка, Іспанія — каля 1515),

іспанскі мараплавец, канкістадор. Удзельнік 2-й экспедыцыі (1493—96) Х.Калумба. У пошуках золата першы з еўрапейцаў трапіў ва ўнутр. раёны Гаіці. У 1499—1500 узначаліў экспедыцыю (з удзелам А.Веспучы), якая адкрыла бераг Гвіяны і шэраг астравоў, у тым ліку Кюрасао. У 1502 зноў абследаваў карыбскі бераг Венесуэлы, у 1508—10 — паўн. бераг Калумбіі і заснаваў там крэпасць, паклаўшы пачатак іспанскай каланізацыі Паўд. Амерыкі.

т. 2, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУАНТА́НАМА

(Guantánamo),

горад на У Кубы, паблізу ад узбярэжжа Карыбскага м. Адм. ц. правінцыі Гуантанама. 207.8 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: харч., тэкст., тытунёвая, абутковая, металаапр., вытв-сць буд. матэрыялаў. На ўзбярэжжы — саляныя промыслы.

Засн. ў 1819. Каланізаваны франц. ўцекачамі з Гаіці. Паводле трактатаў 1903 і 1934, навязаных Кубе, у бухце Гуантанамы знаходзіцца ваен марская база ЗША. Куба патрабуе вяртання тэр. сушы і мора ў раёне Гуантанамы, якія ёй належаць.

т. 5, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСІ́С

(Alexis) Жак Стэфен (22.4.1922, г. Ганаіў, Гаіцікрас. 1961),

гаіцянскі пісьменнік. Урач-неўрапатолаг. Пісаў на франц. мове. Забіты агентамі дыктатара Дзювалье. Аўтар раманаў «Добры генерал Сонца» (1955), «Дрэвы-музыканты» (1957), «Вокамгненна» (1959), кн. казак «Рамансера ў святле зор» (1960). У цэнтры твораў Алексіса — вобраз шматпакутнай гаіцянскай зямлі. Яго рэалізм, жорсткі і горкі, адначасова мае рамантычна-палымяны характар. Прыхільнік шырокага выкарыстання фальклору ў л-ры.

Тв.:

Рус. пер. — Добрый генерал Солнце. М., 1960;

Деревья-музыканты. М., 1964.

т. 1, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСТ-І́НДЫЯ

(West Indies),

агульная назва астравоў Атлантычнага ак. паміж мацерыкамі Паўн. і Паўд. Амерыкі. Агульная пл. каля 240 тыс. км². Нас. больш як 35 млн. чал. (1993). Астравы выцягнуты дугой на 3500 км. Уваходзяць у склад Лацінскай Амерыкі. Вест-Індыя ўключае: Багамскія, Вялікія Антыльскія астравы, Малыя Антыльскія астравы, Трынідад, Табага і інш. а-вы; найб.в-аў Куба. Рэльеф моцна расчлянёны, пераважна гарысты. Выш. да 3175 км (на в-ве Гаіці). Рэгіён моцна сейсмічны (акрамя раўніннай часткі Кубы), шмат дзеючых і патухлых вулканаў (Суфрыер, Мантань-Пеле і інш.). Радовішчы марганцавай і жал. руды, храмітаў, нафты, баксітаў, фасфарытаў і інш. Клімат трапічны пасатны. На раўнінах вырошчваюць цукр. трыснёг, трапічныя культуры, у гарах ёсць участкі вечназялёных і лістападных лясоў, другасныя саванны. На астравах Вест-Індыі размешчаны дзяржавы: Антыгуа і Барбуда, Багамскія Астравы, Барбадас, Гаіці, Грэнада, Дамініка, Дамініканская Рэспубліка, Куба, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Кітс і Невіс, Сент-Люсія, Трынідад і Табага, Ямайка, а таксама шэраг уладанняў Вялікабрытаніі, ЗША, Нідэрландаў і Францыі. Астравы адкрыты Х.Калумбам (1492—1502) і да пач. 16 ст. памылкова лічыліся часткай Азіі. Названы пазней у адрозненне ад Ост-Індыі.

т. 4, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОЛЧ

(Balch) Эмілі Грын (8.1.1867, Ямайка-Плейн, штат Масачусетс, ЗША — 9.1.1961),

амерыканскі грамадскі дзеяч, эканаміст. Адукацыю атрымала ва ун-тах Чыкага, Берліна і Гарвардскім. Праф. у каледжы Уэлслі (1913—18). У кн. «Нашы суграмадзяне — славяне» (1910) разглядала праблемы міграцыі, абвяргала погляды аб расавай непаўнацэннасці славян. Удзельніца 1-га (1915) і 2-га (1919) Міжнар. кангрэсаў жанчын. З 1919 першы сакратар-казначэй Жаночай міжнар. лігі за мір і свабоду, з 1926 займалася праблемамі Гаіці (выступала за вывад амер. войскаў і ўстанаўленне самакіравання), у 2-ю сусв. вайну ад імя лігі дапамагала амерыканцам яп. паходжання, інтэрніраваным у спец. лагеры. Нобелеўская прэмія міру 1946 (разам з Дж.Мотам).

т. 3, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)