збудаванне вежавага тыпу, прызначанае для вызначэння месцазнаходжання суднаў і забеспячэння бяспекі плавання. Будуюцца на высунутай у мора ч. берага, у вусцях рэк, на водмелях, скалах, часам устанаўліваюць на якарах (плывучыя М.). Акрамя агульных бываюць М. для ВМФ (у закрытых для плавання раёнах); гідраакустычныя М.-адказчыкі, якія ўстанаўліваюцца на перыяд баявых дзеянняў і інш.
Абсталёўваюцца святлоаптычнай сістэмай (далёкасць бачнасці святла больш за 10 міль — 18,5 км), акустычнымі і гідраакустычнымі ўстаноўкамі (для падачы сігналаў у тумане, вадзе), радыётэхн. прыстасаваннямі (гл.Радыёмаяк, Радыёлакацыйны маяк), выратавальнымі станцыямі. М. на паветр. лініях, якія забяспечваюць арыентаванне лятальных апаратаў, наз. аэрамаякамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ДЭРМЕЕР, бідэрмаер (ням. Biedermeier, Biedermaier),
кірунак, які развіваўся пераважна ў ням. і аўстр. мастацтве каля 1815—48. Назву атрымаў пазней ад выдуманага прозвішча ням. абывацеля з цыкла вершаў Л.Айхрота «Biedermaiers Liederlust» (1850). Для бідэрмеера характэрна перапрацоўка формаў ампіру (пераважна ў інтэр’еры і дэкар.-прыкладным мастацтве) у духу інтымнасці і хатняй утульнасці. У жывапісе бідэрмеер спалучаў адгалоскі рамантызму з цікавасцю да простага чалавека — маленькіх радасцяў дробнага буржуа, штодзённага побыту бюргераў і сялян, да прыроды, таму часам творы майстроў бідэрмееру адносяць да «ранняга рэалізму». Жывапісныя творы адметныя невял. фарматам, карпатлівым выпісваннем дэталяў. Разам з тым у мастацтве бідэрмееру адчуваецца тэматычная вузкасць, ідэалізацыя ціха-мірнага, пераважна сямейнага побыту (жанравыя партрэты Г.Ф.Керстынга, бытавыя ідылічныя сцэны на фоне пейзажу Л.Рыхтэра, эпізоды з жыцця дзівакоў К.Шпіцвега, інтымныя жанравыя карціны І.П.Газенклевера, замалёўкі вулічных сцэн Ф.Кругера). Тыповымі майстрамі бідэрмееру былі аўстр. жывапісцы М. фон Швінд і Ф.Вальдмюлер. Блізкая да бідэрмееру творчасць дацкіх мастакоў К.Кёбке і К.В.Экерсберга.
Літ.:
Geismeier W. Biedermeier. Leipzig, 1979.
Да арт.Бідэрмеер. К.Шпіцвег. Убогі паэт. 1839.Да арт.Бідэрмеер. Пісьмовы стол з гадзіннікам, 1820 (злева); столік з чырвонага дрэва, 1830.Да арт.Бідэрмеер. Гасціная эрц-герцагіні Сафіі ў Лаксенбургу каля Вены. 1820-я г.Да арт.Бідэрмеер. Ф.Вальдмюлер. Сям’я ў парку. 1840-я г.