Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫ́ЧКА (Gentiana),
род кветкавых раслін сям. гарычкавых. Каля 400 відаў. Пашыраны ў нетрапічных краінах зямнога шара. На Беларусі трапляюцца: гарычка веснавая (G. verna) — вельмі рэдкі сярэднееўрапейскі горны рэліктавы від, адзначаны ў Пухавіцкім і Капыльскім р-нах Мінскай вобл., расце на вільготных лугах; гарычка крыжападобная, або сакаліны пералёт (G. cruciata), — рэліктавы лесастэпавы від, трапляецца рэдка, пераважна ў паўн. раёнах, расце на астэпаваных схілах узгоркаў, сухіх лугах, на лясных палянах і ўзлесках; гарычка лёгачная, або звычайная (G. pneumonanthe), трапляецца зрэдку па ўсёй тэр., расце на лугах, у хмызняках. гарычка веснавая і крыжападобная занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Гарычка лёгачная патрабуе прафілактычнай аховы. У Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі вырошчваюцца 2 інтрадукаваныя віды — гарычка трохкветная (G. tricolor) і тыбецкая (G. tibetika).
Шматгадовыя травяністыя і паўкусцікавыя расліны з голым пустым прамаслойным ці прыўзнятым сцяблом. Лісце суцэльнае, супраціўнае, звычайна падоўжана-ланцэтнае, ніжняе часта ў разетцы. Кветкі адзіночныя або сабраныя ў верхавінкавыя ці пазушныя суквецці, звычайна буйныя, ярка афарбаваныя (сінія, блакітныя, фіялетавыя, радзей пурпуровыя і жоўтыя), 4—5-членныя. Вяночак трубчасты або трубчаста-лейкападобны. Плод — каробачка. Лек. (выкарыстоўваюцца ў афіцыйнай і нар. медыцыне), харч., фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны, некат. віды — ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАЧЫ,
лекавыя сродкі, якія маюць горкія рэчывы. Яны стымулююць апетыт і паляпшаюць страваванне. Дзеянне горачаў заключаецца ў рэфлектарным узмацненні выдзялення страўнікавага соку ў выніку раздражнення канцоў смакавых нерваў поласці рота. Да горачаў адносяцца прэпараты, прыгатаваныя з адной (палын горкі, гарычка, дзьмухавец, цвінтарэй, трыліснік) ці некалькіх лек. раслін (настойка горкая, чай апетытны). Горач бывае ў выглядзе адвараў, настояў, экстрактаў, настоек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
віды раслін, адносна якіх мясцовымі, дзярж. ці міжнар. актамі, пагадненнямі і канвенцыямі агавораны і дзейнічаюць спец. меры аховы. Звычайна гэта рэдкія для пэўнага рэгіёна і тыя, што знікаюць, асабліва карысныя ці каштоўныя па пэўных якасцях віды дзікарослых раслін, якім пад уплывам негатыўных прыродных ці антрапагенных уздзеянняў пагражае скарачэнне колькасці або знікненне з флоры. Асн. частка іх занесена ў міжнар., рэгіянальныя ці нац.Чырвоныя кнігі. У Чырв. кнізе Беларусі 180 відаў ахоўных раслін, у т. л. 156 сасудзістых (бяроза карлікавая, венерын чаравічак сапраўдны, кадзіла сармацкае, купальнік горны, цыбуля мядзведжая, гарлачык белы, піхта белая, пазнацвет асенні, пярэсна еўрапейская, хвошч вялікі і інш.), 15 мохападобных (андрэя скальная, меркія ірландская, сфагнум мяккі, цынклідотус дунайскі і інш.), 9 водарасцяў (гільдэнбрантыя рачная, нітэла грацыёзная, хара грубая і інш.), 17 відаў грыбоў (пархавік вялізны, спарасіс кучаравы, труфля летняя і інш.) і 17 лішайнікаў (лабарыя ямістая і лёгачная, уснея квітучая і інш.).