ГО́РАЧЫ,

лекавыя сродкі, якія маюць горкія рэчывы. Яны стымулююць апетыт і паляпшаюць страваванне. Дзеянне горачаў заключаецца ў рэфлектарным узмацненні выдзялення страўнікавага соку ў выніку раздражнення канцоў смакавых нерваў поласці рота. Да горачаў адносяцца прэпараты, прыгатаваныя з адной (палын горкі, гарычка, дзьмухавец, цвінтарэй, трыліснік) ці некалькіх лек. раслін (настойка горкая, чай апетытны). Горач бывае ў выглядзе адвараў, настояў, экстрактаў, настоек.

т. 5, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)