ГА́РТМАН (Віктар Аляксандравіч) (5.5.1834, С.-Пецярбург — 4.8.1873),
рускі архітэктар. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1852—61). Адзін з заснавальнікаў «рускага стылю». Аўтар шэрагу выставачных павільёнаў (з выкарыстаннем зборных драўляных канструкцый), «Студыі» ў маёнтку Абрамцава Маскоўскай вобл. (1872). У яго работах ідэя развіцця нац. дойлідства ўвасаблялася ў багатым аздабленні будынкаў узорамі, запазычанымі з нар. вышывак і разьбы па дрэве (друкарня Мамантава ў Маскве, 1872). Вядомы і як рысавальшчык, акварэліст. Акварэлі Гартмана паслужылі тэмай фп. цыкла «Карцінкі з выстаўкі» М.П.Мусаргскага.
т. 5, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РТМАН ((Hartmann) Нікалай) (20.2.1882, Рыга — 9.10.1950),
нямецкі філосаф, заснавальнік т.зв. крытычнай (новай) анталогіі. З 1920 праф. філасофіі ва ун-тах Марбурга, Кёльна, Берліна, Гётынгена. Напачатку быў паслядоўнікам марбургскай школы неакантыянства, потым распрацаваў анталагічную канцэпцыю, якая ўяўляе сабой мадэрнізацыю арыстоцелеўска-схаластычнага вучэння пра быццё («Новыя шляхі анталогіі», 1942), развіў вучэнне пра слаістую структуру быцця як іерархіі 4 якасна розных пластоў: неарганічнага і арганічнага, душэўнага і духоўнага. На аснове сваёй анталогіі пабудаваў натурфіласофію, філасофію аб’ектыўнага духу, этыку разам з тэорыяй «каштоўнасцей», эстэтыку і тэорыю пазнання. У яго філасофіі праяўляюцца рысы ірацыяналізму і агнастыцызму. Асн. творы: «Этыка» (1925), «Да абгрунтавання анталогіі» (1935), «Філасофія прыроды» (1950), «Эстэтыка» (1953).
т. 5, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НАТХНЕ́ННЕ,
стан своеасаблівага напружання і ўздыму духоўных сіл, творчага хвалявання чалавека, які вядзе да ўзнікнення ідэі або рэалізацыі задумы ў мастацтве, навуцы, тэхніцы. Характарызуецца павышанай агульнай актыўнасцю чалавека, незвычайнай прадукцыйнасцю яго дзейнасці, усведамленнем лёгкасці, перажываннем «апантанасці» і эмацыянальнага паглыблення ў творчасць. Існуюць розныя погляды на прычыны ўзнікнення Н. Ідэаліст. дагматыка разглядае яго як «боскую апантанасць», містычнае азарэнне (Платон, Ф.Шэлінг, Э.Гартман, З.Фрэйд, Г.Рыд); матэрыялісты адмаўляюць яго звышнатуральны характар і разглядаюць як псіхічную з’яву, абумоўленую грамадскімі і індывід. стымуламі, а таксама працэсам працы.
т. 11, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕЗІ́НГЕРЫ (ням. Minnesinger ад Міппе каханне + Singer спявак),
нямецкія рыцарскія паэты-спевакі. Мастацтва М. узнікла ў 2-й пал. 12 ст. пад уплывам лірыкі правансальскіх трубадураў. Апявалі рыцарскае каханне, служэнне прыгожай даме, Богу і сюзерэну, ваен. жыццё рыцараў і крыжовыя паходы. Найб. вядомыя паэты-М. — Вольфрам фон Эшэнбах, Гартман фон Аўэ, Вальтэр фон дэр Фогельвайдэ. З крызісам рыцарскай культуры і ўзнікненнем т.зв. сельскага мінезангу паэзія М. заняпала і ў 14 ст. на змену ёй прыйшоў бюргерскі майстэрзанг (гл. Майстэрзінгеры). Вобраз М. ўвасоблены ў оперы Р.Вагнера «Тангейзер і спаборніцтва спевакоў у Вартбургу» (1845).
т. 10, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТУІТЫВІ́ЗМ,
філасофская плынь, якая асн. спосабам спасціжэння быцця лічыць непасрэднае інтуітыўнае пранікненне ў сутнасць розных прадметаў і з’яў. Для І. характэрна разуменне інтуіцыі як самай «каштоўнай» псіхічнай здольнасці ў параўнанні з дыскурсіўным, лагічным мысленнем. Асаблівае значэнне ідэі І. набылі ў розных містычных плынях, у якіх містычная інтуіцыя лічылася найвышэйшай формай спасціжэння звышрэальнасці ў яе сувязі з рэальнасцю асабістага «Я». На важную ролю інтуіцыі ў пазнанні рэчаіснасці звярнулі ўвагу ўжо ант. філосафы (Платон, Арыстоцель). Як асобны філас. кірунак 1. узнік на мяжы 19—20 ст., што было своеасаблівай рэакцыяй на пашырэнне рацыянальнага спосабу мыслення. Вылучаюць 2 разнавіднасці І. Для адной характэрна супрацьпастаўленне інтэлекту і інтуіцыі (А.Бергсон і інш. прадстаўнікі «філасофіі жыцця»), для другой — спроба арганічна спалучыць інтэлектуальнае і інтуітыўнае пазнанне (М.А.Лоскі, С.Франк, Э.Жыльсон, Ж.Марытэн, часткова Э.Гусерль, М.Шэлер, Н.Гартман). У цэлым І. імкнецца абгрунтаваць поўную аўтаномію інтуітыўнага пазнання ад прыродазнаўчага.
Э.С.Дубянецкі.
т. 7, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮНТАРЫ́ЗМ (ад лац. voluntas воля),
кірунак у філасофіі, сацыялогіі і псіхалогіі, паводле якога першаасновай існага, вышэйшага прынцыпу быцця і развіцця навакольнага свету з’яўляецца воля. Валюнтарызм ставіць волю на прыярытэтныя пазіцыі ў духоўным быцці як процілеглае рацыяналізму і інтэлектуалізму, якія адстойваюць вызначальную ролю розуму, інтэлекту. Тэрмін «валюнтарызм» увёў у навук. ўжытак ням. сацыёлаг Ф.Цёніс у 1883. Першапачатковыя элементы валюнтарызму выявіліся ў філасофіі Аўгусціна і Іаана Дунса Скота, якія менавіта ў валявых актах бачылі першааснову ўсіх духоўных працэсаў. Падобныя прынцыпы — у вучэнні І.Канта аб першаснасці практычнага розуму над тэарэтычным, І.Фіхтэ аб волі як абсалютным творчым прынцыпе сусвету. Пры гэтым у Канта, Фіхтэ, Ф.Шэлінга, Г.Гегеля воля па сваёй прыродзе разумная, у А.Шапенгаўэра ж, які лічыцца класічным прадстаўніком валюнтарызму, яна набывае трактоўку ірацыяналістычнага першапачатку Сусвету; у яго трактоўцы свядомасць і інтэлект толькі другасныя праявы волі. Э.Гартман сцвярджаў, што воля знаходзіцца ва ўсім і ўсюды дзейнічае несвядома, з чаго вынікала бессэнсоўнасць сусветнага працэсу. Ф.Ніцшэ ў сваёй канцэпцыі зыходзіў з таго, што ўсё жывое, і найперш чалавек, апанавана воляй да ўлады. Тэрмін «валюнтарызм» выкарыстоўваюць і для характарыстыкі сацыяльна-паліт. практыкі, яна не лічыцца з аб’ектыўнымі тэндэнцыямі ці заканамернасцямі гіст. развіцця, а кіруецца суб’ектыўнымі жаданнямі і самавольствам асоб, што прымаюць пэўныя рашэнні.
Я.М.Бабосаў.
т. 3, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)