ГА́РДЭН, Хардэн (Harden) Артур (12.10.1865, г. Манчэстэр, Вялікабрытанія — 17.6.1940), англійскі біяхімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1909), Германскай акадэміі даследчыкаў прыроды «Леапальдзіна» (1935). Д-р філасофіі (1888), праф. біяхіміі (1912). Скончыў ун-т Вікторыі ў Манчэстэры (1886). У 1887—88 у Эрлангенскім ун-це ў Германіі, з 1888 у Манчэстэрскім ун-це. У 1897—1930 у Ін-це прафілактычнай медыцыны ў Лондане (з 1907 дырэктар), адначасова з 1912 у Лонданскім ун-це. Навук. працы па біяхіміі спіртавога браджэння і ферментах, што прымаюць у ім удзел. Вынайшаў каферменты, даследаваў будову і функцыі каферменту I. Нобелеўская прэмія 1929 (разам з Х.Эйлерам-Хельпінам).

т. 5, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Ковент-Гардэн» (тэатр, Лондан) 3/230

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«КО́ВЕНТ-ГА́РДЭН»

(«Covent Garden»),

оперны тэатр у Лондане. Засн. ў 1732 тэатр. дзеячам і акцёрам Дж.​Рычам як драматычны. З 1847 оперны, з 1890-х г. «Каралеўскі оперны т-р «Ковент-Гардэн», з 1949 дзяржаўны. У 18—1-й пал. 19 ст. ў т-ры працавалі некалькі самаст. труп; ставіліся драм., оперныя і балетныя спектаклі, цыркавыя праграмы. Сучасны рэпертуар складаюць творы англ. кампазітараў і сусв. класіка. З канца 19 ст. спектаклі ідуць на мове арыгінала. У іх удзельнічаюць буйнейшыя спевакі свету. У розны час спектаклямі т-ра дырыжыравалі Р.​Вагнер, Ф.​Вейнгартнер, О.​Клемперэр, А.​Коўтс, Г.​Малер, Ф.​Мотль, Г.​Рыхтэр, Б.​Хайтынк, А.​Мелік-Пашаеў, Г.​Раждзественскі, Я.​Святланаў і інш. Сярод муз. кіраўнікоў т-ра Т.​Бічэм, К.​Ранкль, Р.​Кубелік, К.​Дэйвіс, Г.​Шолці і інш. З 1946 на сцэне «К.-Г.» выступае Каралеўскі балет Вялікабрытаніі.

Будынак тэатра «Ковент-Гардэн». 1810.

т. 8, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́РАС ((Carreras) Хасэ) (н. 5.12.1946, г. Барселона, Іспанія),

іспанскі спявак (лірычны тэнар). Выступае ў «Метраполітэн-опера», «Ла Скала», «Ковент-Гардэн» і інш. т-рах свету. Валодае голасам прыгожага тэмбру, вылучаецца ярка індывідуальным стылем выканання. Вядомы як выканаўца лірычных партый у операх (у т. л. малавядомых) Г.​Даніцэці, Дж.​Вердзі, Дж.​Пучыні. Выступае ў ансамблях з М.Кабалье, П.Дамінга, Л.Павароці.

Х.Карэрас.

т. 8, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕМБЛ ((Kemble) Джон Філіп) (1.2.1757, г. Прэскат, Вялікабрытанія — 26.2.1823),

англійскі акцёр і драматург. Выступаў у Лондане ў т-рах «Друры-Лейн», «Ковент-Гардэн» (некаторы час яго ўзначальваў), кіраваў т-рам у Дубліне. Акцёр класіцысцкага кірунку, майстар маналога. Сярод ролей: Гамлет, Атэла, Брут («Гамлет», «Атэла», «Юлій Цэзар» У.​Шэкспіра), Марла («Яна прыніжаецца, каб перамагчы» О.​Голдсміта) і інш. Аўтар трагедыі «Велізарый», фарса «Жанчына-афіцэр» і інш.

т. 8, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРГА́НСА ((Berganza) Тэрэса) (н. 16.3.1935, Мадрыд),

іспанская спявачка (мецца-сапрана). Вучылася ў Мадрыдскай кансерваторыі. Спявае ў буйнейшых т-рах свету («Ла Скала», «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера»). Віртуозна валодае мастацтвам каларатуры. Выконвае найб. складаныя партыі ў операх Дж.​Расіні «Севільскі цырульнік» (Разіна), «Італьянка ў Алжыры» (Ізабэла), В.​А.​Моцарта «Вяселле Фігара» (Керубіна), «Міласэрнасць Ціта» (Секст) і інш. Тонкі інтэрпрэтатар камерных вак. твораў Э.​Гранадаса, М. дэ Фальі і інш. ісп. кампазітараў.

т. 3, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛЬТЭР (Walter) Бруна [сапр. Шлезінгер (Schlesinger) Вальтэр Бруна; 15.9.1876, Берлін — 17.2.1962], нямецкі дырыжор; буйнейшы прадстаўнік школы Г.Малера. Вучыўся ў кансерваторыі Штэрна (Берлін). З 1896 працаваў з рознымі еўрап. аркестрамі, у Венскай, Берлінскай дзярж. оперы, т-ры «Ковент-Гардэн». Адзін з заснавальнікаў і неаднаразовы ўдзельнік Зальцбургскіх фестываляў. З 1929 кіраўнік аркестра Гевандхаўза ў Лейпцыгу. З 1933 у Вене, з 1939 у ЗША. У 1941—57 (з перапынкамі) у т-ры «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк). Выдатны інтэрпрэтатар твораў В.​А.​Моцарта, Дж.​Вердзі, Малера, А.​Брукнера, І.​Брамса, Л.​Бетховена і інш.

т. 3, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУК ((Brook) Пітэр) (н. 21.3.1925, Лондан),

англійскі рэжысёр. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. Рэжысёрскую дзейнасць пачаў у 1943 у Лондане. У Каралеўскім Шэкспіраўскім тэатры (з 1962 адзін з кіраўнікоў т-ра) паставіў п’есы У.​Шэкспіра «Мера за меру», «Зімовая казка», «Гамлет», «Кароль Лір» і інш. Працаваў у драм. т-рах Лондана, Бірмінгема, Парыжа. Ставіў оперы ў «Ковент-Гардэн» (Лондан) і «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк). З 1944 працуе ў кіно. Сярод фільмаў: «Опера жабракоў» (1953), «Мадэрата кантабіле» (1960), «Уладар мух» (1962), «Кароль Лір» (1971), «Трагедыя Кармэн» (1984). З 1971 кіраўнік Міжнар. цэнтра тэатр. даследаванняў у Парыжы.

т. 3, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКРЭ́ДЗІ ((Macready) Уільям Чарлз) (3.3.1793, Лондан — 27.4.1873),

англійскі акцёр, рэжысёр. Дэбютаваў у 1810 у Бірмінгеме. З 1816 у Лондане ў т-рах «Ковент-Гардэн» (у 1837—39 кіраўнік), «Друры-Лейн» (у 1841—43 кіраўнік). Пастаноўшчык і выканаўца гал. роляў у п’есах: «Генрых V» У.​Шэкспіра, «Два Фаскары» Дж.​Байрана, «Страфард» Р.​Браўнінга, «Ліёнская прыгажуня», «Рышэльё» Э.​Дж.​Булвер-Літана. Акцёр вял. драм. тэмпераменту. Яго мастацтву ўласціва яркая тэатральнасць, глыбокае пранікненне ў псіхал. сутнасць вобраза. Адзін з першых адрадзіў на сцэне сапраўдныя шэкспіраўскія тэксты. Сярод роляў: кароль Лір, Гамлет, Макбет (аднайм. п’есы Шэкспіра).

т. 9, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБАЛЬЕ́ ((Caballe) Мантсерат) (н. 12.4.1933, г. Барселона, Іспанія),

іспанская спявачка (сапрана); буйнейшая прадстаўніца мастацтва бельканта. Вучылася ў Барселонскай кансерваторыі ў Э.​Кемені. З 1956 салістка оперных т-раў у Базелі, Брэмене, з 1965 у т-ры «Метраполітэн-опера». Спявае таксама ў т-рах «Ла Скала», «Ковент-Гардэн», «Гранд-Апера», Венскай дзярж. оперы і інш. Валодае моцным прыгожым голасам вял. дыяпазону. Выкананне адметнае экспрэсіяй, багаццем тэмбравай і дынамічнай нюансіроўкі. Сярод партый: Норма («Норма» В.​Беліні), Марыя Сцюарт (аднайм. опера Г.​Даніцэці), Манон («Манон Леско» Дж.​Пучыні) і інш. З яе імем звязана адраджэнне шэрагу опер Даніцэці, Беліні, Дж.​Расіні. Выступае ў канцэртах. У 1997 гастраліравала ў Мінску.

М.Кабалье.

т. 7, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)