ГАРАДАВЫ́,
ніжэйшы чын гар. паліцэйскай варты ў Рас. імперыі ў 1862—1917. Служыў па вольным найме.
т. 5, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДАВЫ́ МАГІСТРА́Т,
саслоўны выбарны орган гар. ўпраўлення і суда ў Расіі ў 1721—28 і 1743—1864. Уведзены Пятром I. Падначальваўся Гал. магістрату. У гарадавы магістрат ўваходзілі бургамістры і ратманы (саветнікі), якіх выбіралі на пасадскіх сходах і зацвярджаў Гал. магістрат. Пасля губ. рэформы 1775 гарадавы магістрат выконваў суд. функцыі.
т. 5, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДАВЫ́ ПРЫКА́ЗЧЫК,
выбраны з павятовых служылых людзей правіцель горада (павета) у Расіі ў 16—17 ст. Выконваў функцыі гараднічага. Падпарадкоўваўся намесніку. Наглядаў за справамі служылых дваран, буд-вам і рамонтам гар. крапасных збудаванняў, боепрыпасамі, зборам падаткаў і выкананнем павіннасцей. У ваен. час выконваў функцыі гар. ваен. каменданта. Пасля ўвядзення ў гарадах пасады ваяводы гарадавыя прыказчыкі сталі іх памочнікамі, прызначаліся ваяводамі з мясц. дваран.
т. 5, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДНІ́ЧЫ,
1) начальнік замка (горада) на Беларусі ў 15—18 ст. Прызначаўся ўрадам з мясц. шляхты. Наглядаў за буд-вам і рамонтам абарончых збудаванняў, забеспячэннем замка зброяй, боепрыпасамі, харчамі. Пры адсутнасці кашталяна або старосты ўзначальваў гарнізон замка, засядаў у замкавым (гродскім) судзе.
2) Прадстаўнік мясц. адміністрацыі ў Расіі ў 16 — сярэдзіне 19 ст. У 16—17 ст. наз. Гарадавы прыказчык. У 1775—1862 узначальваў адм.-паліцэйскую ўладу ў пав. горадзе. Пасада гараднічага скасавана ў 1862.
т. 5, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́СНІК,
імя рускіх дойлідаў (ці дойліда) сярэдзіны 16 ст. Поснік Якаўлеў, «царкоўны і гарадавы майстар» у Пскове. Работы: праслы паўд. сцен і шэраг вежаў (у т. л. Спаская) крамля (1556—62) і Дабравешчанскі сабор (1562) у Казані (абедзве пабудовы з І.Шыраем). Яму прыпісваецца таксама буд-ва Успенскага сабора (1560) Успенскага манастыра ў г. Свіяжск. Другі П. — будаўнік (разам з Бармам) Васіля Блажэннага храма (1555—60) у Маскве. Ёсць меркаванні пра ідэнтычнасць абодвух П., а таксама П. і Бармы.
т. 12, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУШКА́РСКІ ПРЫКА́З,
цэнтральная ваен. ўстанова ў Расіі ў 16—17 ст. Вядомы з 1577. Прыказу былі падначалены служылыя артылерысты («пушкары», адсюль назва прыказа), казённыя кавалі рас. гарадоў (акрамя гарадоў на паўд. засечных межах, паморскіх і сібірскіх). Загадваў вырабам, размеркаваннем і ўлікам артыл. гармат і боепрыпасаў (яму былі падначалены Гарматны двор, Гранатны двор і казённыя парахавыя млыны), кантраляваў стан крапасных умацаванняў большасці гарадоў і назіраў за станам засек. Прыказ узначальвалі баярын (радзей акольнічы) і 2 дзякі; падзяляўся на гарадавы, засечны і грашовы сталы. У 1678—82 часова ўваходзіў у склад Рэйтарскага прыказа. У 1701 на базе П.п. створаны Артыл. прыказ.
т. 13, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЯВО́ДА,
1) у Стараж. Русі і іншых слав. краінах — начальнік княжацкай дружыны або кіраўнік народнага апалчэння. Згадваецца ў рус. летапісах з 10 ст. У канцы 15—17 ст. кожны з 5 асн. палкоў рус. войска меў аднаго ці некалькі ваявод. Вайсковая пасада ваяводы ліквідавана Пятром I на пач. 18 ст. 2) У ВКЛ і Рэчы Паспалітай — службовая асоба, кіраўнік мясц. адміністрацыі ў ваяводстве. Засядаў у радзе ВКЛ, а пасля Люблінскай уніі 1569 і ў сенаце Рэчы Паспалітай.
3) У Расійскай дзяржаве з сярэдзіны 16 ст. гарадавы ваявода — кіраўнік вайск. і цывільнай адміністрацыі ў горадзе і адпаведным павеце. Пасля рэформы Пятра I у 1719 ваявода — кіраўнік правінцыі. У 1775 правінцыі былі скасаваны, а разам з імі пасады ваявод захаваліся толькі ў Магілёўскай і Пскоўскай губ. 4) У Польшчы, у т. л. і ў Зах. Беларусі, у 1920—39 — кіраўнік адміністрацыі ваяводства, адначасова кіраўнік выканаўчага органа ваяводскага тэр. самакіравання. У 1944 пасада ваяводы адноўлена і існавала ў Польшчы да 1950, адноўлена ў 1973.
5) Назва гаспадара Валахіі і Малдовы ў 14—18 ст.
т. 4, с. 51
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)