Гаметы 1/9, 388; 3/9, 327, 328, 425, 428; 4/328; 5/540; 7/572; 9/251; 10/17; 11/187, 531

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМЕ́ТЫ (ад грэч. gametē жонка, gametēs муж),

палавыя клеткі, рэпрадукцыйныя клеткі жывёл і раслін. Забяспечваюць перадачу спадчыннай інфармацыі ад бацькоў патомкам. Ва ўсіх шматклетачных арганізмаў спелыя гаметы (сперматазоіды і яйцаклеткі) развіваюцца ў палавых залозах — ганадах (мужч. — семянніках і жан. — яечніках). Адрозніваюцца паміж сабой марфалагічнай будовай і паходжаннем. Гаметы аднолькавай велічыні наз. ізагаметамі, неаднолькавай — анізагаметамі, больш вял. — макрагаметамі, дробныя — мікрагаметамі. Гаметы маюць адзінарны (гаплоідны) набор храмасом, які фарміруецца ў працэсе гаметагенезу. Пры зліцці разнаполых гамет утвараецца зігота з дыплоідным наборам храмасом, якая дае пачатак новаму арганізму. Развіццё арганізма з неаплодненай гаметыпартэнагенез.

т. 5, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМЕТА́НГІЙ (ад гаметы + грэч. angeion сасуд), спецыялізаваная клетка або шматклетачны палавы орган раслін і грыбоў, у якім развіваюцца гаметы. У некат. грыбоў і водарасцей гаметангій прадстаўлены адной шмат’ядзернай клеткай, змесціва якой без падзелу на гаметы зліваецца са змесцівам другой падобнай клеткі. У ааміцэтаў, аскаміцэтаў, базідыяміцэтаў і вышэйшых раслін з дыферэнцыраванымі паводле полу гаметамі мужчынскія гаметангіі называюцца антэрыдыямі, жаночыя — аагоніямі або архегоніямі.

В.С.Гапіенка.

т. 5, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВЫ́Я КЛЕ́ТКІ,

тое, што гаметы.

т. 11, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОМАГАМЕ́ТНАСЦЬ (ад гома... + гаметы),

характарыстыка арганізма (або групы арганізмаў), які мае ў храмасомным наборы пару або некалькі пар гамалагічных палавых храмасом і ўтварае аднолькавыя па наборы храмасом гаметы. Пол, прадстаўлены такімі асобінамі, наз. гомагаметным. У млекакормячых, рыб і некат. відаў раслін (каноплі, хмель, шчаўе) гомагаметнасць характэрна для жан. полу, у птушак, матылькоў і некат. відаў суніц — для мужчынскага.

т. 5, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЭРЫ́ДЫЙ (ад грэч. anthēros квітнеючы),

мужчынскі орган палавога размнажэння (мужчынскі гаметафіт) споравых раслін (моха- і папарацепадобных, некаторых водарасцяў) і грыбоў (ааміцэтаў і аскаміцэтаў). У вышэйшых раслін — невял. авальнае або шарападобнае цельца з покрывам з аднаго або некалькіх радоў бясплодных клетак. Унутры антэрыдыю ўтвараюцца сперматагенныя клеткі, з іх потым узнікаюць мужчынскія гаметы — сперматазоіды, або спермацыі. У грыбоў змесціва антэрыдыю не падзелена на асобныя гаметы.

т. 1, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОМАТАЛІ́ЗМ (ад гома... + грэч. thallos галінка, атожылак),

двухполавасць у некат. грыбоў і водарасцей, пры якой да зліцця (капуляцыі) здольны гаметы, што паходзяць з аднаго талома (з адной клеткі). Такія віды называюць гоматалічнымі. Гл. таксама Гетэраталізм.

т. 5, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІГО́ТА (ад грэч. zygotos злучаны разам),

клетка, утвораная зліццём мужчынскай і жаночай палавых клетак (гамет) у жывёльных і раслінных арганізмах; пачатковая стадыя развіцця зародка. Ядры гамет зліваюцца ў адно, але храмасомы кожнай гаметы зберагаюць сваю індывідуальнасць. З. мае двайны набор храмасом — дыплоідная фаза развіцця арганізма. Гл. таксама Дыплоід, Апладненне.

т. 7, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАГА́МІЯ (ад гетэра... + ...гамія),

1) тып палавога працэсу, пры якім мужчынскія і жаночыя палавыя клеткі (гаметы), што зліваюцца пры апладненні, адрозніваюцца формай і памерам. Для вышэйшых раслін і шматклетачных жывёл, а таксама для некаторых грыбоў характэрна аагамія; у адносінах да некаторых прасцейшых, якім у палавым працэсе ўласцівы капуляцыя і кан’югацыя, выкарыстоўваюць тэрмін «анізагамія». Гл. таксама Ізагамія.

2) Змена функцыі мужчынскіх і жаночых клетак або іх размяшчэнне на расліне (як анамалія).

т. 5, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАГА́МІЯ (ад іза... + ...гамія),

тып палавога працэсу, пры якім палавыя клеткі (гаметы), што зліваюцца, маюць аднолькавыя знешнія памеры (марфалагічныя рысы), аднак розныя біяхім. і фізіял. ўласцівасці. Палавое размнажэнне на першых этапах свайго эвалюц. развіцця праяўляецца ў больш прымітыўным выглядзе. Пры іх зліцці ўтвараецца зігота, з якой развіваецца новы даччын арганізм. Пашырана ў аднаклетачных водарасцей, ніжэйшых грыбоў і ў многіх прасцейшых, адсутнічае ў мнагаклетачных жывёл. Гл. таксама Аагамія, Анізагамія, Гетэрагамія.

т. 7, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)