ГАЛІ́ЦЫЯ, Галіччына,

1) гістарычная назва зах.-ўкр. і польскіх зямель у складзе імперыі Габсбургаў у канцы 18 — пач. 20 ст. Ахоплівала тэр. сучасных Івана-Франкоўскай, Львоўскай і Цярнопальскай абласцей Украіны, Жэшаўскага і б.ч. Кракаўскага ваяводстваў Польшчы. Складалася з Зах. Галіцыі, населенай пераважна палякамі, і Усходняй, населенай украінцамі. Усх. Галіцыя з 6 ст. н.э. заселена славянамі (белыя харваты, дулебы), у 9—11 ст. у складзе Кіеўскай Русі, з 1141 у Галіцкім княстве, з 1199 у Галіцка-Валынскім княстве. У 1349—1772 пад уладай Польшчы. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) з яе Бэлзскага і значных частак Кракаўскага, Сандамірскага і Рускага ваяводстваў утворана правінцыя «Каралеўства Галіцыі і Ладамерыі» ў складзе Аўстр. імперыі (з 1867 Аўстра-Венгрыя). У 1786—1849 у правінцыю ўваходзіла таксама Букавіна, у 1795—1809 — тэр. паміж рэкамі Піліца і Зах. Буг (т.зв. Новая, ці Зах. Галіцыя). У 1809—15 ад Галіцыі аддзелена Цярнопальская акр., у 1846 — Кракаў з наваколлем. У 1848 у Галіцыі скасавана прыгоннае права. У 1-ю сусв. вайну Усх. Галіцыя была арэнай ваен. дзеянняў (гл. Галіцыйская бітва 1914). Пасля распаду Аўстра-Венгрыі (кастр. 1918) у ліст. 1918 у Львове абвешчана Зах.-ўкр. нар. рэспубліка (ЗУНР; праіснавала да ліп. 1919). У выніку польска-сав. Вайны 1919—20 Усх. Галіцыя трапіла пад уладу Польшчы (юрыдычна прызнана за ёй у 1923), у 1939 далучана да Укр. ССР (з 1991 незалежная Укр. дзяржава).

2) Назва тэр. Кракаўскага, Львоўскага, Станіслаўскага і Тарнопальскага ваяводстваў Польшчы ў 1919—39 і акругі, акупіраванай ням.-фаш. войскамі, Польшчы (т.зв. ген.-губернатарства) у 1941—45.

С.Б.Каўн.

т. 4, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎБУШ (Алекса Васілевіч) (1700, с. Печанежын Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 4.9.1745),

кіраўнік нац.вызв. і антыфеад. руху ўкр. апрышкаў. Атрад Д. (каля 50 чал.) у 1738—45 дзейнічаў на тэр. зах. раёнаў Украіны (Галіцыя, Букавіна, Закарпацце), нападаў на маёнткі шляхты, арандатараў, захопліваў іх маёмасць і раздаваў сялянам. Быў забіты. Імя Д. вядома таксама ў Польшчы, Малдове, Венгрыі.

т. 6, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНТ (Пётр Уладзіслаў Казіміравіч) (15.2.1836, в. Рудакі Свянцянскага пав. Віленскай губ. — 1912),

удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі, у Літве і Польшчы. Вучыўся ў Маладзечне. Напярэдадні паўстання служыў у Беластоку, паручнік. У крас. 1863 з групай афіцэраў Лібаўскага пях. палка ўдзельнічаў у фарміраванні гал. паўстанцкага атрада Гродзенскай губ. Змагаўся супраць царскіх войск на Беласточчыне, потым на чале асобнага атрада ў Аўгустоўскім пав., вызначыўся ў баях на сумежжы Літвы і Польшчы. У 2-й пал. 1863 кіраваў атрадамі паўстанцаў з сялян у Курпёўскай пушчы Ломжынскага пав. З канца 1863 у эміграцыі (Парыж, Галіцыя). Аўтар успамінаў пра паўстанне.

Г.В.Кісялёў.

т. 3, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́МБРЫХ (Sembrich) Марчэла [сапр. Каханская (Kochańska) Марцаліна; 18.2.1858, Вішнёўчык, Галіцыя, цяпер Украіна — 11.1.1935], польская спявачка (каларатурнае сапрана). У 1869—73 вучылася ў Львоўскай, у 1875—77 удасканальвалася ў Венскай кансерваторыі па класе фп. Спевам вучылася (па парадзе Ф.Ліста) у Дж.Б.Ламперці ў Мілане. Гастраліравала ў Еўропе і ЗША. Карысталася сусв. вядомасцю. Яе голас вылучаўся вял. дыяпазонам, рэдкай выразнасцю. У 1898—1909 салістка т-ра «Метраполітэн-опера». Выканала больш за 40 партый у операх В.А.Моцарта, Дж.Расіні, В.Беліні, Дж.Вердзі, Р.Вагнера. З 1924 выкладала ў Муз. ін-це Кёртыс у Філадальфіі і ў Джульярдскай школе ў Нью-Йорку.

т. 7, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАШЧЫ́НСКІ ((Goszczyński) Севярын) (4.11.1801, г.п. Ільінцы, Украіна — 25.2.1876),

польскі паэт, паліт. дзеяч; адзін з заснавальнікаў (з Б.Ф.Залескім) т.зв. укр. школы польск. рамантызму. Удзельнік паўстання 1830—31. Рэв.-патрыят. зместам з моцнымі радыкальнымі акцэнтамі насычаны яго раннія вершы і зб. «Пабудка» (1831). Падзеям казацка-сял. паўстання 1768 на Украіне прысвечана паэма «Канёўскі замак» (1828). Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў (Галіцыя, Францыя). Вершы позняга перыяду прасякнуты рэліг.-патрыят. духам («Пасланне да Польшчы», 1856). Аўтар «Дзённіка падарожжа ў Татры» (1832), паэмы «Сабутка» (1834), паэмы ў прозе «Кароль замчышча» (1842), літ.-крытычных і грамадска-паліт. даследаванняў — «Новая эпоха польскай паэзіі» (1835), «Слова пра самаахвярнасць» (1844), успамінаў «Бельведэрская ноч» (1870) і «Падарожжа майго жыцця» (выд. 1923).

Н.К.Мазоўка.

т. 5, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРЧА́Н (Міраслаў) (сапр. Бабюк Андрэй Дзмітрыевіч; 14.7.1897, в. Пядзікі Каламыйскага р-на Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 1937),

украінскі пісьменнік. Скончыў Львоўскую настаўніцкую семінарыю (1914). У 1922—29 у эміграцыі. Вучыўся ў Пражскім ун-це (1922—23) і ў Канадзе (1923—29), дзе вёў выдавецкую, літ., грамадска-публіцыстычную дзейнасць. З 1929 на Украіне. Рэпрэсіраваны ў 1933, рэабілітаваны пасмяротна. Друкаваўся з 1914. Першая кніга — зб. навел і нарысаў «Смех Нірваны» (1918). Зб. навел «Фільмы рэвалюцыі», маст.-мемуарная дылогія «Трагедыя Першага мая» (абедзве 1923) і «У бур’янах» (1925) пра падзеі грамадз. вайны, п’есы «Падпольная Галіцыя» (1926), «Сям’я шчотачнікаў» (1927), «Радый» (1928), «Плацдарм» (1931), аповесць «Карпацкая ноч» (1927) і інш. пра нац.-вызв. барацьбу ў Зах. Украіне. Перакладаў з рус., польск., ням. і чэш. моў.

Тв.:

Твори. Т. 1—2. Київ, 1987;

Рус. пер. — Избранное. М., 1958.

Літ.:

Новиченко Л. Мирослав Ірчан. Київ, 1958;

Мельничук-Лучко Л. Драматургія Мирослава Ірчана. Київ, 1963.

В.А.Чабаненка.

т. 7, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЛЕ́ЖА ((Krleža) Міраслаў) (7.7.1893, г. Заграб, Харватыя — 29.12.1981),

харвацкі пісьменнік, публіцыст. Скончыў ваен. акадэмію ў Будапешце. З 1947 віцэ-прэзідэнт Паўднёваславянскай акадэміі навук і мастацтваў (г. Заграб). Друкаваўся з 1914. Праблемы светабудовы, веры, мастацтва ў сімволіка-алегарычных легендах «Маскарад», «Легенда» (абедзве 1914), «Кралева» (1915), «Крыстафор Калумб» (1918), «Мікеланджэла Буанароці» (1919). Услаўленне зямнога быцця ў паэмах «Пан» і «Тры сімфоніі» (абедзве 1917). Зб-кі «Вершы» (т. 1—3, 1918—19), «Лірыка» (1919), цыклы антымілітарысцкіх навел «Харвацкі бог Марс» (1922), «Тысяча і адна смерць» (1933), драма «Галіцыя» (1922) прысвечаны падзеям 1-й сусв. вайны. Сац., духоўная і псіхал. біяграфія некалькіх пакаленняў харватаў у раманах «Вяртанне Філіпа Лацінавіча» (1932), «На мяжы розуму» (1938), «Банкет у Блітве» (т. 1—3, 1938—62), «Сцягі» (т. 1—5, 1962—69), «Дзённік» (т. 1—5, 1977). Аўтар цыкла сямейна-быт. драм «Паны Глямбаевы» (1928—32), стылізаваных пад старадаўнюю паэзію «Балад Петрыцы Керампуха» (1936), артыкулаў, эсэ, мемуараў, дарожных нататак. Гал. рэдактар «Энцыклапедыі Югаславіі».

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. М., 1967;

Избранное. М., 1980.

Г.П.Тварановіч.

т. 8, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НСКІ КАНГРЭ́С 1814—15,

міжнародны кангрэс, які завяршыў войны еўрапейскіх дзяржаў супраць напалеонаўскай Францыі. Праходзіў у вер. 1814 — чэрв. 1815 у Вене. Удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх еўрап. дзяржаў, акрамя Турцыі. Гал. роля належала Расіі, Англіі і Аўстрыі.

Кангрэс праходзіў у вострых супярэчнасцях, асабліва па пытаннях падзелу Польшчы і Саксоніі. 3.1.1815 Англія, Францыя і Аўстрыя падпісалі тайны дагавор супраць Расіі і Прусіі. Пад націскам гэтых краін Расія адмовілася ад часткі сваіх прэтэнзій на польск. тэрыторыю. Ёй была перададзена ўсх. ч. Варшаўскага герцагства, т.зв. Каралеўства Польскае. Зах. частка (Познань) засталася за Прусіяй, паўднёвая (Галіцыя) — за Аўстрыяй. Прусія атрымала толькі паўн. ч. Саксоніі, а таксама Рэйнскую правінцыю, Вестфалію, ч. Памор’я. Венскі кангрэс пазбавіў Францыю ўсіх яе заваёў. Уздоўж яе граніц быў створаны бар’ер з дзяржаў, здольных затрымаць новую агрэсію. Бельгія і Галандыя штучна аб’яднаны ў адзінае каралеўства Нідэрланды. Быў створаны Германскі саюз у складзе 39 герм. дзяржаў, герцагства Люксембург (належала каралю Нідэрландаў) і Гальштыніі (мела асабістую унію з Даніяй). З 19 швейц. кантонаў створана Швейц. канфедэрацыя, ёй аддалі важныя пагранічныя раёны. Англія пакінула сабе калоніі і марскія базы, захопленыя ў Галандыі і Францыі — Капскую калонію, а-вы Цэйлон і Мальта. Аўстрыя атрымала Тарнопальскую акругу, Ламбардыю і Венецыю. Данія, саюзніца Напалеона І, страціла Нарвегію, якую перадалі Швецыі. Італія засталася раздробленай і трапіла пад моцны ўплыў Аўстрыі.

Рашэнні Венскага кангрэсу былі накіраваны на аднаўленне і ўмацаванне феад. парадкаў у Еўропе, задавальненне тэр. прэтэнзій дзяржаў-пераможцаў, захаванне раздробленасці Германіі і Італіі. Венскі кангрэс стварыў т.зв. венскую сістэму, пры якой у Еўропе першынствавалі Англія і (да Крымскай вайны 1853—56) Расія. Для аховы ўстаноўленага Венскім кангрэсам міжнар. парадку ў вер. 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Вызначаныя Венскім кангрэсам граніцы ў Еўропе захоўваліся больш за 50 гадоў.

Літ.:

Дебидур А. Дипломатическая история Европы: Священный союз от Венского до Берлинского конгресса, 1814—1878: Пер. с фр. Т. 1. Ростов н/Д, 1995.

т. 4, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎСТРА-ВЕ́НГРЫЯ, Аўстра-Венгерская манархія, Дунайская манархія,

дуалістычная (двухадзіная) дзяржава ў 1867—1918. Пл. 676,615 тыс. км², нас. 52,8 млн. чал. (1914). Гал. адм. цэнтры — Вена і Будапешт. Створана ў выніку рэарганізацыі Аўстрыйскай імперыі Габсбургаў на аснове пагаднення (чэрвень 1867) паміж Аўстрыяй і Венгрыяй. Падзялялася (па р. Лейта) на 2 часткі: Аўстрыйскую імперыю («Каралеўствы і землі, прадстаўленыя ў рэйхсраце»),

ці Цыслейтанію (тэр. на З ад Лейты: Ніжняя і Верхняя Аўстрыя, Ціроль, Штырыя, Карынтыя, Зальцбург, Форарльберг, Багемія, Маравія, Сілезія, Крайна, Далмацыя, Герц і Градзішка, Істрыя, Трыест з вобласцю, Галіцыя, Букавіна), і Каралеўства венграў («землі свяшчэннай венгерскай кароны»), ці Транслейтанію [тэр. на У ад Лейты: Венгрыя, Харватыя, Славенія, Славакія, Трансільванія, Закарпацкая Украіна, Ваяводзіна, порт Рыека (Фіуме)]. Венгрыя і Аўстрыя прызнаваліся суверэннымі часткамі дзяржавы. Узначальвалася аўстр. імператарам (ён жа венг. кароль), улада якога фармальна абмяжоўвалася ў Аўстрыі рэйхсратам, у Венгрыі — сеймам. Імператарамі Аўстра-Венгрыі былі Франц Іосіф І і Карл I. Разам з самаст. аўстр. і венг. мін-вамі дзейнічалі 3 агульныя мін-вы (замежных спраў, ваен.-марское, фінансавае), падпарадкаваныя імператару. Агульнадзярж. канстытуцыі не было. Выдаткі на агульныя справы вызначаліся для абедзвюх частак манархіі ў пэўнай прапорцыі, рэгуляваліся пагадненнем рэйхсрата і сейма. Заканадаўчая ўлада ажыццяўлялася т.зв. дэлегацыямі, якія склікаліся штогод (па 60 чал. ад рэйхсрата і сейма). Пасля эканам. спаду 1873—95 гаспадарка Аўстра-Венгрыі ажывілася і набыла аграрна-індустрыяльны кірунак (да 1900 65—85% прамысл. прадукцыі давала Цыслейтанія, гал. чынам яе чэшскія землі), значныя капіталы ў яе ўкладалі інвестары (пераважна Германія). У сельскай гаспадарцы панавала буйн. памешчыцкае землеўладанне. У знешняй палітыцы Аўстра-Венгрыя арыентавалася на Германію, была чл. Траістага саюза 1882. У 1878 акупіравала, у 1908 анексіравала Боснію і Герцагавіну (гл. Баснійскі крызіс 1908—09), што прывяло да пагаршэння адносін з Расіяй. Як саюзнік Германіі ўдзельнічала ў 1-й сусв. вайне. Распалася ў кастр.ліст. 1918 у выніку паражэння ў 1-й сусв. вайне, уздыму нац.-вызв. і рэв. руху ў краіне. На яе тэр. ўтварыліся самаст. дзяржавы Аўстрыя, Венгрыя, Чэхаславакія, частка зямель увайшла ў склад Каралеўства Сербаў, Харватаў, Славенцаў, Румыніі, Польшчы. Гл. таксама гіст. нарыс у арт. Аўстрыя.

Літ.:

Австро-Венгрия и славяно-германские отношения. М., 1965;

Полтавский М.А. История Австрии: Пути гос. и нац. развития. Ч. 2. От революции 1948 г. до революции 1918—1919 гг. М., 1992. С. 86—303.

т. 2, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЯ У́НІЯ 1596,

акт пра арганізацыйнае аб’яднанне правасл. царквы з каталіцкай на тэр. Рэчы Паспалітай, абвешчаны 9.10.1596 на царк. саборы ў Брэсце (праходзіў 6—10.10.1596). Зацверджана каралём Жыгімонтам III Вазай. Паводле Брэсцкай уніі правасл. царква прызнавала вяршэнства папы рымскага і каталіцкі догмат аб зыходжанні Св. Духа не толькі ад Бога-айца, але і ад Бога-сына (з часам прынята і іншая каталіцкая дагматыка) і ператваралася ў грэка-каталіцкую (уніяцкую) царкву. Аднак уніяцкая царква захоўвала ўласную арганізац. структуру і іерархію, многія правасл. абрады, царк.-слав. і бел. мовы (на Украіне — укр.) у богаслужэнні, рэліг. л-ры, казаннях. Прыняцце Брэсцкай уніі праводзілася на аснове Фларэнційскай уніі 1439, якую спрабаваў увесці ў ВКЛ у сярэдзіне 15 ст. мітрапаліт Грыгорый Балгарын. Гал. прычынай заключэння уніі было імкненне да кансалідацыі царк. і свецкіх феадалаў ВКЛ і Польшчы пасля Люблінскай уніі 1569. Правасл. іерархі ВКЛ не жадалі падпарадкоўвацца маск. патрыярху, які прыняў гэты тытул у 1589 і меў намер пашырыць сваю ўладу на ўсю тэр. б. Кіеўскай Русі. Адначасова яны разлічвалі атрымаць усе прывілеі каталіцкіх біскупаў, абаперціся на падтрымку каталіцкай царквы ў нарастаючым канфлікце з брацтвамі і ў барацьбе з рэфармацыйным рухам. Папства праз Брэсцкую унію імкнулася пашырыць свой уплыў на Усход. Гал. тэарэтыкам уніі быў польскі езуіт П.Скарга, які абгрунтаваў сваю задуму ў кнізе «Пра еднасць касцёла Божага» (1577). Непасрэднымі ініцыятарамі падпісання Брэсцкай уніі сталі епіскап уладзімірскі і берасцейскі І.Пацей і епіскап луцкі і астрожскі К.Цярлецкі, якія ў 1595—96 наведалі Рым і падрыхтавалі з папам Кліментам VIII тэкст уніі. Унію падтрымала большасць іерархаў, у т. л. мітрапаліт кіеўскі М.Рагоза, які захаваў свой тытул. Аднак частка духавенства і свецкіх феадалаў на чале з кн. К.Астрожскім не прыняла Брэсцкую унію і правяла ў Брэсце свой сабор адначасова з уніяцкім. Правасл. царква ў Рэчы Паспалітай захавалася як самастойная побач з грэка-каталіцкай. Частка насельніцтва (асабліва мяшчане) змагаліся супраць уніі, аднак у канцы 18 ст. уніятамі было ўжо 75% жыхароў Беларусі. Брэсцкая унія скасавана ў Рас. імперыі Полацкім царкоўным саборам 1839 (за выключэннем Люблінскай, Сувалкаўскай і Сядлецкай губ., дзе уніяцтва існавала да 1875), у 1946 — у зах. абласцях Украіны (б. Галіцыя, знаходзілася ў складзе Аўстра-Венгрыі). Пра гісторыю уніяцтва гл. ў арт. Беларуская грэка-каталіцкая царква, Украінская грэка-каталіцкая царква.

Літ.:

Коялович М.О. Литовская церковная уния. Т. 1—2. СПб., 1859—61;

Жукович П.М. Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией. Вып. 1—6. СПб., 1901—12;

Мараш Я.Н. Роль Ватикана в подготовке и утверждении Брестской унии 1596 г. // Вопросы истории религии и атеизма: Сб. ст. М., 1963. Т. 11;

Никольский Н.М. История русской церкви. Мн., 1990;

Likowski E. Dzieje kościoła unickiego na Litwie I Rusi w XVIII і XIX wieku. Cz. 1. 2 wyd. Warszawa, 1906;

Panucevič V. Bierasciejskaja vunija. Chicago, 1972.

т. 3, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)