ФРАНТАВЫ́Я ТЭАТРА́ЛЬНЫЯ КАЛЕКТЫ́ВЫ,
прафесійныя тэатр. калектывы, прызначаныя для культ. абслугоўвання вайск. часцей у франтавых і прыфрантавых зонах, ваенізаваных тылавых устаноў і арганізацый (мабілізацыйных і эвакуацыйных пунктаў, шпіталяў, лазарэтаў). Былі пашыраны ў грамадз. і Вял. Айч. войны. На Беларусі першы франтавы т-р створаны ў студз. 1919 пры Мінскім Доме асветы (у кастр. 1919 пераведзены ў Смаленск). У грамадз. вайну на Зах. фронце пры палітаддзеле 16-й арміі дзейнічалі паказальныя тэатры. У чэрв. 1941 створана першая франтавая бел. тэатр.-канцэртная брыгада (з часцямі 3-га Бел. фронту дайшла да Усх. Прусіі), ядро якой склалі акцёры Гомельскага абл. драм. рус. т-ра С.Астравумаў, З.Аўчарова, П.Галышоў, І.Кірэеў, Я.Палосін, І.Пацюткоў, М.Персцін, П.Чарноў, а таксама ў розны час уваходзілі музыканты і артысты муз. т-раў Г.Альшэўская, М.Бергер, А.Бяссмертны, Ю.Гузок, Д.Кроз, М.Маслоўскі, І.Сайкоў і інш. Кіраўнікі (у розны час) — Р.Прагін, Бяссмертны, Персцін. У рэпертуары — «Рускія людзі» К.Сіманава, «Ілгуння» («Мая жонка — ілгуння») М.Мэё і М.Энекена, канцэртныя выступленні. У 1943 у Маскве адноўлены як франтавы Дзярж. рус. драм. т-р Беларусі, які абслугоўваў гвардз. часці паветрана-дэсантных войск, часці 1-га Бел. фронту. Летам 1943 на Калінінскі фронт выязджала франтавая брыгада БДТ-1 у складзе Г.Глебава (кіраўнік), Р.Кашэльнікавай, П.Пекура, В.Полы, Л.Рахленкі, З.Стомы, Э.Шапко, М.Шашалевіч, Б.Янпольскага і інш. У рэпертуары — «Скупы» Мальера і канцэртнае выступленне. У 1944 створана 2-я франтавая брыгада т-ра пад кіраўніцтвам У.Уладамірскага. У рэпертуары — «Прымакі» Я.Купалы, «Валодзеў гальштук» К.Крапівы, канцэртная праграма. У. часці 1-га Бел. фронту вясной 1944 выязджала франтавая брыгада БДТ-2 у складзе Т.Бандарчык, М.Бялінскай, Я.Гаробчанкі, Л.Мазалеўскай, П.Малчанава (кіраўнік). А.Радзялоўскай, Ф.Шмакава. У рэпертуары — «Прымакі», «Проба агнём» К.Крапівы, «З цёплым ветрам» В.Пацёмкінай і Х.Херсонскага, канцэрты. Дзейнічала франтавая брыгада Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі на чале з Л.Александроўскай. У Ф.т.к. працавалі таксама рэжысёры М.Кавязін, К.Саннікаў і інш.
Літ.:
Остроумов С.П. Особое подразделение. Мн., 1981;
Няфёд У.І. Тэатр у вогненныя гады. Мн., 1959;
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1985. Т. 2. С. 506—517.
т. 16, с. 459