Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬВАНО́МЕТР (ад гальвана... + ...метр),
высокаадчувальная электравымяральная прылада, прызначаная для вымярэння малых токаў і напружанняў. Бывае пастаяннага і пераменнага току, са стрэлачным або светлавым паказальнікам (люстраныгальванометр, у якога на рухомай частцы гальванометра замест стрэлкі прымацавана мініяцюрнае люстэрка). Найб. пашырана выкарыстанне гальванометра для выяўлення адсутнасці току ці нулявой рознасці патэнцыялаў паміж якімі-н. пунктамі ланцуга (нуль-індыкатар). Пры праходжанні праз рамку гальванометра кароткачасовых імпульсаў атрымліваюцца балістычныя адхіленні рухомай часткі гальванометра ад нулявога становішча з наступным вяртаннем у яго пасля некалькіх ваганняў. Пры гэтым першае (максімальнае) адхіленне прапарцыянальнае працёкламу зараду. Для вымярэняў працяглых імпульсаў штучна павялічваюць момант інерцыі рухомых частак гальванометра (балістычны). Папярэднік гальванометра — гальванаскоп (для вызначэння наяўнасці току ў эл. ланцугу і яго напрамку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫНО́ГРАФ (ад актына... + ...граф),
прылада для бесперапыннага аўтаматычнага запісу інтэнсіўнасці сонечнай радыяцыі. Складаецца з прыёмніка (часцей тэрмаэл. актынометр), які варочаецца геліястатам за сонцам, і рэгістратара-гальванографа (самапісны высокаадчувальны гальванометр).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛЮКСМЕ́ТР (ад лац. fluxus цячэнне + ...метр), веберметр,
прылада для вызначэння змен магнітнага патоку па эрс, што індуцыруецца ў вымяральнай шпулі. Найб. пашыраны Ф. магнітаэл. (магнітаэлектрычная прылада з рухомай часткай — лёгкай бескаркаснай рамкай, якая знаходзіцца ў нейтральнай раўнавазе) і фотаэл. (магнітаэл. гальванометр з люстэркам на рухомай рамцы, да якой падключаецца вымяральная шпуля). Выкарыстоўваецца пры лабараторных вымярэннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЭРЦЫТЫ́МЕТР (ад лац. coërcitio утрыманне + ...метр),
прылада для вымярэння каэрцытыўнай сілы ферамагн. матэрыялаў. Выкарыстоўваецца пры магнітаструктурным аналізе вырабаў з ферамагн. матэрыялаў, магн. кантролі электра- і радыёапаратуры і інш.
Найб. пашыраны К., у якіх каэрцытыўная сіла вызначаецца па намагнічанасці ўзору. Даследуемы ўзор намагнічваецца да насычэння, напр. у намагнічвальнай шпулі прылады, потым праз шпулю прапускаюць пастаянны ток, магн. поле якога размагнічвае ўзор. Момант змяншэння намагнічанасці да нуля вызначаецца з дапамогай індыкатара (нулявой прылады). Пры вымярэннях па магн. індукцыі даследаваны ўзор робяць часткай замкнёнага магн. ланцуга пермеаметра, электрамагніта ці інш. Значэнне каэрцытыўнай сілы адпавядае напружанасці размагнічвальнага поля, пры якой магн. індукцыя ва ўзоры роўная нулю.
Блок-схемы каэрцытыметраў: а — з вымяральным генератарам (1 — намагнічвальная шпуля; 2 — узор; 3 — шпуля вымяральнага генератара; 4 — гальванометр, далучаны да калектара 5; 6 — вал электрарухавіка 7; 8 — сілавыя лініі магнітнага поля ўзору); б — феразондавага (1, 2 — адчувальныя элементы; 9 — нулявая прылада; 4 — узор; 5 — сілавыя лініі магнітнага поля ўзору, 6 — намагнічвальная шпуля).