ГАЛЕ́ВІ Іегуда, Іехуда ха-Леві (каля 1075, г. Тудэла, Іспанія — 1141), яўрэйскі паэт і філосаф; быў вядомы і як урач. З 1109 жыў у Кардове, памёр на шляху ў Палесціну. Пісаў на іўрыце і араб. мове. Творчасці гранадскага перыяду (да 1090) уласціва аптымістычнае гучанне (пераважаюць застольныя песні, любоўная лірыка і інш.), але паступова стала дамінаваць тэма трагічнага лёсу яўр. народа (літургічныя гімны «Песні выгнання», «Песні Сіёна» і інш.). У рэліг.-філас. трактаце «Кніга доказаў і довад у абарону зняважанай веры» («Кніга Хазара») даў апалогію іудаізму і паказаў перавагу непасрэднага рэліг. вопыту, заснаванага на інтуіцыі, над разумовымі ведамі, не адмаўляючы, аднак, рацыянальнага пазнання. Творчасць Галеві зрабіла ўплыў на яўр. паэзію і філасофію.

Тв.:

Рус. пер. — Сердце мое на Востоке. Тель-Авив, 1976;

Репр. Б.м., 1990.

Г.​В.​Сініла.

т. 4, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Галеві Ф. 2/331; 3/132; 10/639

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АФЕНБА́Х (Offenbach; сапр. Эбершт; Eberscht) Жак

(20.6.1819, Кёльн — 4.10.1880),

кампазітар, дырыжор, віяланчэліст. Заснавальнік франц. класічнай аперэты. З 1833 у Парыжы. Вучыўся ў Ф.​Галеві (кампазіцыя). Іграў у тэатр. аркестрах, выступаў як віяланчэліст і дырыжор. У 1855—62 кіраваў створаным ім т-рам «Буф-Парызьен». Аўтар сусветна вядомых аперэт: «Арфей у пекле» (1858), «Прыгожая Алена» (1864), «Парыжскае жыццё» (1866), «Перыкола» (1868), «Дачка тамбурмажора» (1879) і інш. У цэнтры большасці аперэт Афенбаха — з’едлівая сатыра, пародыя на бурж.-арыстакратычнае грамадства. Музыка Афенбаха адметная вытанчанасцю, палкай танц. рытмікай. З твораў лірычнага плана вылучаецца рамант. опера «Казкі Гофмана» (1881; паст. ў Мінску ў 1941, 1983).

Літ.:

Соллертинский И. Оффенбах. М, 1962;

Трауберг Л. Жак Оффенбах и другие. М., 1987.

Ж.Афенбах.

т. 2, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКАЯ КАНСЕРВАТО́РЫЯ музыкі і дэкламацыі, вышэйшая музычная ўстанова Францыі. Створана ў 1793 у Парыжы як Нац. муз. ін-т у выніку зліцця Каралеўскай школы спеваў і дэкламацыі (засн. ў 1784) і муз. школы Нац. гвардыі (з 1792); з 1795 сучасная назва. Заснавальнік і першы кіраўнік Б.​Сарэт. Пры П.к. адкрыты ў 1812 тэатр, у 1823 Пачатковая школа спеваў, у 1828 «Таварыства канцэртаў Парыжскай кансерваторыі» (дзейнічае).

Прымае навучэнцаў амаль без узроставых абмежаванняў. Студэнты, якія паспяхова закончылі курс кампазіцыі, адзначаюцца (з 1803) нац. дзярж. Рымскімі прэміямі. У 19—20 ст. П.к. ўзначальвалі кампазітары Л.Керубіні, Д.Ф.Абер. А.​Тама, К.​Дэльвенкур, М.​Дзюпрэ, Р.​Лушор і інш., сярод выкладчыкаў музыканты Ф.​Паэр, Ж.​Ф.​Лесюэр, Ф.​Галеві, Р.Крэйцэр, А.​Адан, П.​Дзюка, А.​Карто, Д.Міё. Мае б-ку (засн. ў 1801), у якой адзін з найбольшых у Францыі збораў нот і кніг па музыцы, Музей муз. інструментаў (з 1861).

т. 12, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭВО́ д’Экзіль

(Prévost d’Exiles) Антуан Франсуа (1.4.1697, г. Эдэн, Францыя — 25.11.1763),

французскі пісьменнік-асветнік, прадстаўнік ранняга сентыменталізму і ракако. Скончыў езуіцкі калеж (1713), стаў абатам. Аўтар сац.-псіхал. раманаў «Мемуары і прыгоды знатнага чалавека, які аддаліўся ад свету» (т. 1—7, 1728—31), «Англійскі філосаф, або Гісторыя Кліўленда, незаконнага сына Кромвеля, напісаная ім самім» (т. 1—8, 1731—39), «Кілерынскі ігумен» (1735), «Гісторыя адной грачанкі» (1740), «Мемуары добра выхаванага чалавека» (1745), у якіх паўстае шырокая панарама жыцця тагачаснай Францыі і Еўропы, ставяцца вострыя сац. праблемы. Вяршыня яго творчасці — раман «Гісторыя кавалера Дэ Грыё і Манон Леско» (1731, неаднаразова экранізаваны). Вобраз Манон — сімвал складанасці і таямнічасці чалавечай натуры, увасабленне горкага лёсу прыгажосці ў свеце саслоўнай няроўнасці і пагоні за багаццем. На сюжэт рамана напісаны балет Ф.​Галеві, оперы Ф.​Абера, Ж.​Маснэ, Дж.​Пучыні.

Тв.:

Рус. пер. — История кавалера де Грие и Манон Леско;

История одной гречанки;

Новеллы. М., 1989.

Літ.:

Пахсарьян Н.Т. Генезис, поэтика и жанровая система французского романа 1690—1760-х гг. Днепропетровск, 1996.

Г.​В.​Сініла.

т. 13, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЗЭ́ ((Bizet) Жорж) (сапр. імя Аляксандр Сезар Леапольд, пры хрышчэнні Жорж; 25.10.1838, Парыж — 3.6.1875),

французскі кампазітар, піяніст. Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1857, вучыўся ў А.​Мармантэля, П.​Цымермана, Ф.​Галеві, Ш.Гуно). У 1857 за кантату «Клавіс і Клацільда» атрымаў вял. Рымскую прэмію, у 1858—60 жыў у Італіі. Адмовіўшыся ад канцэртнай дзейнасці, займаўся кампазітарскай творчасцю. Напісаў каля 20 опер (многія не закончаны), у т. л. «Дон Пракопіо» (1858—59, паст. 1906), «Іван Грозны» (1865, не закончана, паст. 1946), З аперэты, у т. л. «Доктар Міракль» (1857), музыку да драм. спектакляў. Найб. блізкія яму былі сюжэты з элементамі псіхал. драмы, вострымі канфліктамі. Раннія оперы Бізэ «Шукальнікі жэмчугу» (1863), «Перцкая прыгажуня» (паводле В.​Скота, 1866, паст. 1867) развіваюць традыцыі франц. лірычнай оперы, вылучаюцца меладычным багаццем, маляўнічасцю аркестроўкі, зручным для спеваў выкладаннем вак. партый. У іх выявілася імкненне кампазітара да народнасці, жыццёвай праўды. Рэаліст. тэндэнцыі больш яскравыя ў оперы «Джаміле» (паводле паэмы А.​Мюсэ «Намуна», 1871, паст. 1872) і музыцы да драмы А.​Дадэ «Арлезіянка» (1872). Ён амаль не карыстаўся цытатамі, але, засвоіўшы рытма-інтанац. асаблівасці нар. напеваў, дакладна ўзнаўляў у іх характар усх. і правансальскай музыкі. Вял. папулярнасць набылі 2 аркестравыя сюіты з музыкі да «Арлезіянкі» (1-я належыць Бізэ, 1872, 2-я — Э.​Гіро, 1885) — яркі ўклад у сусв. сімф. музыку. Найб. значны твор Бізэ — опера «Кармэн» (паводле П.​Мерымэ, 1875) — адна з вяршыняў опернага мастацтва 19 ст. Аўтар арк. твораў, у т. л. сімфоніі-кантаты «Васка да Гама» (1859—60), сімфоніі «Рым» (1871), фп. п’ес, рамансаў, песень і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Письма. 2 изд. М., 1988.

Літ.:

Брук М. Бизе. М., 1938;

Хохловкина А. Жорж Бизе. М., 1959;

Robert F. Georges Bizet: L’homme et son oeuvre. [Paris, 1965].

Л.​А.​Сівалобчык.

Ж.Бізэ.

т. 3, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)