КАЛЯНДА́РНЫЯ ПЕ́СНІ,
найбольш даўні пласт песеннага фальклору, у якім адбілася рытуальна-мастацкае асэнсаванне агр. свят і земляробчай працы ў непарыўнай рытмічнай сувязі з чаргаваннем пораў года. Вядомыя амаль усім земляробчым народам. У славян і балтаў разам з песнямі сямейна-абрадавага цыкла складаюць аснову ўсёй нар. песеннай культуры. На Беларусі К.п. ўтвараюць 4 вял. цыклы: зімовыя песні (калядныя песні і шчадроўскія), веснавыя песні (масленічныя песні, гуканне вясны, валачобныя песні, юраўскія песні, траецкія песні, русальныя), летні (купальскія песні, жніўныя песні, дажынкавыя), восеньскія песні (ярынныя, ільнавыя, уласна восеньскія). Песенныя цыклы каляндарнага круга ўключаюць таксама веснавыя і летнія карагоды, зімовыя гульнявыя песні («як водзяць казу», «як жэняць Цярэшку» і інш.) і ўмоўна прымеркаваныя лірычныя і лірыка-эпічныя (баладнага зместу) песні; «піліпаўскія», «лесавыя», «лугавыя», «як полюць», «як пасуць жывёлу» і інш. Вызначальная рыса К.п. — іх поліфункцыянальнасць, якая выяўляецца ў дамінуючым значэнні адных і дапаўняльным другіх функцый.
Дамінуючыя функцыі — нарматыўна-рэгламентуючая, знакава-апазнавальная і сугестыўна-інспіратыўная, дапаўняльныя — эстэтычная і псіхалагічна-рэкрэатыўная. Дамінуючыя функцыі абумоўліваюць якасную адметнасць К.п : строгую прымеркаванасць да пэўнага часу і абставін; фарміраванне тыпавых політэкставых напеваў — гранічна сціслых устойлівых меладычных формул, якія маюць сімвалічнае значэнне, выступаючы ў межах пэўнага арэала як муз. знак Каляды, вясны, Купалы, жніва, восені. У гэтым сэнсе іх можна вызначыць «як песня і — больш чым песня».
Паэтычны змест К.п. характарызуецца прац. земляробчай тэматыкай, пераплеценай з персаніфікаванымі вобразамі навакольнай прыроды і даўніх язычніцкіх святкаванняў. Нярэдка на першы план выступаюць матывы міфалагічныя (у песнях зімовага і летняга сонцаваротаў), а таксама баладныя (у купальскіх), пазней гіст. (у калядных), антыпрыгонніцкія (у жніўных). Вобразны лад вызначаецца маляўнічасцю (веснавыя, купальскія), урачыстай прыўзнятасцю (абходныя валачобныя і калядныя), псіхал. паглыбленасцю (восеньскія) або драматызмам маналагічнага выказвання (жніўныя). Напевы К.п. пры вонкава скупых меладычных сродках (вузкім ці сярэднім гукавым дыяпазоне — тэрцыі, кварты, квінты) валодаюць вял. выразнай сілай, дзякуючы раўназначнасці ўсіх кампанентаў муз. мовы: уласна меладычных (ладавых і рытмічных), інтанацыйна-адценневых, арнаментальных, тэмбравых і сэнсавай важкасці кожнай меладычнай дэталі ў межах меладычнай формулы. Немалаважную ролю адыгрывае і манера выканання: галасны спеў са звонкімі воклічамі і глісандуючымі завяршэннямі фраз (веснавыя песні), антыфонныя пераклічкі (веснавыя, купальскія), доўгія фермата — «зацягванні голасу» (жніўныя), рытуальны шум (калядныя). Пры ўсіх гіст. зменах, што адбываюцца ў традыц. нар. песнятворчасці, К.п., у адрозненне ад неабрадавых «простых» песень, асэнсоўваюцца сельскімі носьбітамі фальклору як песні «асобыя», «надабныя». Яны спантанна нібы нараджаюцца ў свядомасці іх носьбітаў менавіта ў пэўны і толькі ў пэўны час. Высокі іх статус, урачыстасць іх з’яўлення падкрэсліваюцца і ў паэт. тэкстах, напр., у канцоўках-зваротах валачобнікаў да гаспадара: «А мы госцікі недакучныя // А мы ў гадочак — адзін разочак».
Публ.: Беларускія народныя песні / Запіс Р.Шырмы. Т. 3. Мн., 1962; Анталогія беларускай народнай песні / Уклад. Г.Цітовіч. 2 выд. Мн., 1975; Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981; Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983; Паэзія беларускага земляробчага календара / Уклад. А.Ліс. Мн., 1992; Варфаламеева Т.Б. Песні Беларускага Панямоння. Мн., 1998.
Літ.:
Мухаринская Л.С. Белорусская народная пссня: Ист. развитие. Мн., 1977;
Елатов В.И. Песни восточнославянской общности. Мн., 1977;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии: Опыт системно-типол. исслед. Мн., 1985.
З.Я.Мажэйка.
т. 7, с. 499