ГАЙДАМА́КІ

(ад тур. haydamak нападаць),

удзельнікі вызв. руху на Правабярэжнай Украіне супраць польскай шляхты. Рух гайдамакаў узнік у 1720-я г. на Валыні і ў Зах. Падоліі, пазней распаўсюдзіўся на інш. раёны Украіны. Атрады гайдамакаў складаліся з сялян, бяднейшых запарожскіх казакоў, батракоў, рамеснікаў. У 1734, 1750, 1768 рух гайдамакаў перарастаў у буйныя паўстанні, найб. значнае ў 1768 («Калііўшчына»). У грамадз. Вайну 1918 — 20 на Украіне нац. фарміраванні, што змагаліся супраць сав. улады, выкарыстоўвалі папулярныя ў народзе гіст. традыцыі і называлі сябе гайдамакамі.

т. 4, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́НТА Іван

(?, с. Расошкі Чаркаскай вобл., Украіна — 1768),

адзін з кіраўнікоў Калііўшчыны — антыпольскага паўстання 1768 на Правабярэжнай Украіне. Быў казаком у надворным войску польскіх магнатаў Патоцкіх. З 1757 сотнік у г. Умань — цэнтры іх уладанняў. У час наступлення гайдамацкага войска на чале з М.Залізняком на Умань у чэрв. 1768 Гонта разам з атрадам надворных казакоў перайшоў на бок паўстанцаў. Пад кіраўніцтвам Залізняка і Гонты гайдамакі ўзялі штурмам Умань; Гонта быў абвешчаны паўстанцамі уманскім палкоўнікам. У час сустрэчы з камандаваннем рас. войск, накіраваных на падтрымку польскага боку для ліквідацыі паўстання, арыштаваны і выдадзены польскім уладам. Пакараны смерцю паблізу г. Магілёў-Падольскі. Маст. вобраз Гонты створаны Т.Р.Шаўчэнкам у паэме «Гайдамакі».

т. 5, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ЛАШ Аляксандр Іванавіч

(н. 6.3.1931, г.п. Градзіжск Палтаўскай вобл., Украіна),

украінскі кампазітар. Нар. арт. Украіны (1977). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1957). Сярод твораў: оперы «Гайдамакі» (1965), «Балада вайны» (1971), «Сцяганосцы» (1985); аперэты «Чыстая крыніца» (1975), «Легенда пра Кіеў» (1982), «Званы Расіі» (1983); вак.-сімф. і сімф. творы; 2 канцэрты для фп. з арк. (1982—83); хары; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар песень («Каліна ў жыце», «Два колеры», «Равеснікі»). Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1975.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬКА

(сапр. Міляеў) Васіль Сцяпанавіч (7.4.1893, с. Бурты Чаркаскай вобл., Украіна — 18.3.1972),

украінскі рэжысёр, акцёр, педагог. Нар. арт. СССР (1944). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1912, рэжысёрскую — у 1920. У 1926—56 (з перапынкамі) узначальваў Адэскі ўкраінскі муз.-драм. т-р (у 1948—56 — гал. рэжысёр). Сярод роляў: Шпак і Шальменка («Шальменка-дзяншчык» Р.Квіткі-Аснаўяненкі), Бублік («Платон Крэчат» А.Карнейчука), Банка («Макбет» У.Шэкспіра), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля). Паставіў спектаклі: «За двума зайцамі» паводле М.Старыцкага (1925), «У нядзелю рана зелле капала...» паводле В.Кабылянскай (1955), «Гайдамакі» паводле Т.Шаўчэнкі (1961) і інш. Арганізатар шэрагу тэатр. студый, заснавальнік тэатр. музея ў Кіеве (1924).

т. 4, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)