Газель (літ. жанр) 1/619; 5/144, 145; 7/354; 9/282; 10/35

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗЕ́ЛЬ (ад араб. газаль),

від лірычнага верша ў народаў Сярэдняй Азіі, Б.​Усходу, Індыі і Пакістана. Уключае, як правіла, не менш за 3 і не больш чым 12 двухрадкоўяў — бейтаў, звязаных манарыфмай (аа, ба, ва, га...). У апошнім бейце ўпамінаецца імя ці псеўданім аўтара верша. Газель узнікла з персідскай нар. лірычнай песні, росквіту дасягнула ў творчасці Саадзі, Хафіза, Джамі, Нізамі. З 19 ст. гэты від верша пранік у еўрап. паэзію (І.​В.​Гётэ, А.​Фет, В.​Брусаў, І.​Франко). У бел. л-ры вядома «Кактэбельская газель» С.​Ліхадзіеўскага.

т. 4, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́ ((Barye) Антуан Луі) (24.9.1795 ці 1796, Парыж — 25.6.1875),

французскі скульптар і жывапісец. Прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў скульптара Ф.​Ж.​Бозіо (з 1816) і жывапісца А.​Гро (з 1817). Чл. Парыжскай АМ (1868). Аўтар пейзажаў і скульпт. выяў жывёл, адметных тонкасцю назірання натуры, часта ў драматычныя моманты барацьбы («Тыгр, які раздзірае кракадзіла», «Удаў, які душыць газель», 1830-я г.; рэльеф «Леў» на цокалі Ліпеньскай калоны ў Парыжы, 1836; 4 групы драпежнікаў перад Музеем мастацтваў у Марселі, 1868; усе ў бронзе).

А.Бары. Удаў, які душыць газель. Бронза.

т. 2, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАЗ»,

марка грузавых аўтамабіляў. Выпускаецца акц. аб’яднаннем «ГАЗ» (г. Ніжні Ноўгарад, Расія) з 1932. Мае алюмініевы блок цыліндраў, гіпоідную гал. перадачу, гідравакуумны ўзмацняльнік тармазоў, самаблакіравальны дыферэнцыял. З 1996 выпускаюцца бартавыя аўтамабілі з магутнасцю рухавіка 73,5—102 кВт, грузападымальнасцю 4—5,5 т, найб. скорасцю 80—90 км/гадз, а таксама поўнапрыводная мадэль ГАЗ-66-12-010 (88,3 кВт; 2 т; 90 км/гадз); з 1994 — «Газель» ГАЗ-3302 (73,5 кВт; 1650 кг; 115 км/гадз); з 1995 — яе мадыфікацыі, у т. л. 12-месцавы мікрааўтобус ГАЗ-3221.

Да арт. «ГАЗ». Грузавы аўтамабіль «Газель».

т. 4, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗЕ́ЛІ,

зборная назва падобных па выглядзе і памерах парнакапытных жывёл сям. пустарогіх. 19 відаў. Пашыраны ў пустынях, стэпах і лесастэпах Афрыкі і Азіі. Жывуць статкам. Найб. вядомыя джэйран, дзерэн, газель-дама (Gasella dama) і інш.

Даўж. да 170 см, выш. ў карку да 120 см, маса да 85 кг. Целасклад лёгкі, зграбны. Маюць лірападобныя рогі даўж. да 80 см. Афарбоўка шаравата-пясочная або карычняватая з больш светлым нізам. Хутка бегаюць. Кормяцца расліннасцю. Нараджаюць 1—2 дзіцянят. Аб’екты палявання. 3 віды і 7 падвідаў у Чырв. кнізе МСАП.

Да арт. Газелі. Газель-дама.

т. 4, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ВАШ,

нацыянальны парк у цэнтр. частцы Эфіопіі. Засн. ў 1969 у цясніне р. Аваш. Пл. каля 9 тыс. га. Стэпавая і лугастэпавая расліннасць з перавагай злакаў, зараснікі калючага хмызняку; у фауне — антылопы (орыкс-бейза, газель Сёмерынга, вадзяны казёл і малы куду), зебра Грэві, леапард.

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВА́З (Атар-аглы) (15.8.1884, г. Хіва — 1919),

узбекскі паэт-асветнік. Вучыўся ў медрэсэ. У 18-гадовым узросце стаў прызнаным нар. паэтам Харэзма. Прадаўжальнік традыцый класічнай узб. літаратуры. У вершах рэалістычна адлюстроўваў тагачасную рэчаіснасць, выкрываў феад. знаць і ўлады. Аўтар зб. лірыкі «Шчаслівыя дні». Пісаў розныя па форме вершы (рубаі, газель, кыта і інш.), выкарыстоўваў фальклорныя вобразы.

т. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЫ́ДА (араб.),

паэтычны жанр у л-рах Б. і Сярэдняга Усходу, Сярэдняй і Паўд.-Усх. Азіі; пераважна панегірычны верш у гонар нейкай выдатнай падзеі або асобы. Паводле формы нагадвае газель, аднак колькасць бейтаў у ёй дасягае 50—70 і больш. Узнікла ў араб. л-ры яшчэ ў даісламскі перыяд, росквіту дасягнула ў 11—12 ст. Найб. вядомыя майстры К. — Рудакі, Унсуры, Хагані Шырвані і інш.

т. 8, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭДЫ́Ф (араб., літар. — той, хто сядзіць за коннікам),

слова або словазлучэнне, якое ў нязменным выглядзе паўтараецца ў вершаваных радках пасля канцавых рыфмаў. Характэрны для ўсх. верша (напр., газель). Сустракаецца і ў бел. паэзіі. У нар. песнях Р. — своеасаблівы кароткі прыпеў пасля кожнага радка. Р. выкарыстаў у сваёй «Песні» Ф.​Багушэвіч:

Чаго бяжыш. мужычок?
— Паганяе мароз.
Чаму ляжыш, мужычок?
— Бо урадніка вёз.
Чаго ты п’еш, мужычок?
— Бо і хлеба не еў.
За што ты б’еш, мужычок?
— Бо і сам тое меў...

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ НЕФУ́Д,

пясчаная пустыня на Пн Аравійскага п-ва, у Саудаўскай Аравіі. Пл. 80 тыс. км². Працягласць з ПнЗ на ПдУ каля 500 км, з З на У — 300 км. Размешчана на плато з асобнымі астраўнымі кражамі на выш. 600—1000 м. У рэльефе масівы барханных (выш. да 100 м) і градавых пяскоў, камяністыя паверхні — хамады. Характэрны лейкападобныя паніжэнні — фульджы, дзе трапляюцца калодзежы і аазісы. Клімат трапічны, рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. 10 °C, ліп. 30 °C (макс. да 54 °C), ападкаў 100 мм за год. Пастаянныя моцныя вятры. Шматлікія сухія рэчышчы — вадзі. Разрэджаная палынна-эфемеравая расліннасць. Жывёльны свет: гіена, шакалы, дзікі кот, з капытных — газель; шматлікія грызуны, яшчаркі. Качавая жывёлагадоўля (авечкі, вярблюды).

т. 4, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)