ГАЗАВА́Т (араб.),
адна з назваў «свяшчэннай вайны» мусульман супраць іншаверцаў. Гл. таксама Джыхад.
т. 4, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМАМА́Т,
1) адна з форм мусульманскай тэакратыі.
2) У гісторыі народаў Каўказа І. — дзяржава мюрыдаў у Дагестане і Чэчні, якая ўзнікла ў канцы 1820-х г. у час Каўказскай вайны 1817—64. Ідэйная апора І. — мюрыдызм, а таксама газават і джыхад. І. узначальвалі імамы. Асабліва вызначыўся Шаміль [1834—59]. У пач. 1850-х г. паглыбіўся ўнутр. крызіс І., у т. л. абвастрыліся супярэчнасці паміж феадаламі і сялянамі. Асобныя праяўленні І. мелі месца ў 20 ст., у т. л. ў Чэчні ў час ваен. дзеянняў 1995—96.
т. 7, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЫХА́Д (араб. літар. намаганне),
адно з асн. паняццяў у ісламе і адзін з гал. рэліг. абавязкаў мусульман-мужчын. У сярэдневякоўі азначала ўзбр. змаганне з нявернымі (немусульманамі) у імя пашырэння (захавання) мусульм. ўплыву ў свеце («свяшчэнная вайна», або газават ці фатх). Пазней Дж. стаў разглядацца як духоўнае ўдасканаленне ісламскіх вернікаў праз іх пэўныя намаганні (пераадоленне чалавечых слабасцей і шкодных звычак, пакаранне злачынцаў і парушальнікаў маральных нормаў). У гісторыі мусульм. краін ідэя Дж. выкарыстоўвалася для ўзмацнення рэліг. пачуццяў вернікаў (нярэдка ў форме фанатызму) і згуртавання насельніцтва ў час унутр. і знешніх войнаў, у т. л. нац,вызв. паўстанняў. Часам лозунгам Дж. імкнуцца абгрунтаваць свае дзеянні тэрарысты-мусульмане.
У.С.Кошалеў.
т. 6, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫ́ЙСКАЕ НАРО́ДНАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1857—59,
антыкаланіяльнае паўстанне пераважна на Пн і ў цэнтры Індыі. Выклікана ўзмацненнем калан. прыгнёту з боку брыт. Ост-Індскай кампаніі, рэзкім павелічэннем падаткаў і інш. Асн. масу паўстанцаў складалі сяляне, ударную сілу — палкі сіпаяў, незадаволеных сваім непаўнапраўным становішчам (у т. л. прыніжэннем рэліг. пачуццяў) у англ. калан. арміі. Пачалося ў маі 1857 з узбр. выступлення бенгальскай арміі (135 тыс. сіпаяў) і яго падтрымкі гарнізонам і насельніцтвам Дэлі. Паўстанцы занялі Дэлі, прымусілі фармальнага магольскага імператара Бахадур-шаха II абвясціць сябе правіцелем Індыі і падпісаць адозву да насельніцтва з заклікам да паўстання, якое хутка ахапіла тэр. ад Пенджаба да Бенгаліі і інш. раёны. Мусульм. духавенства абвясціла свяшчэнную вайну (газават) супраць англічан. Паўстанцы знішчалі англ. ваен. і цывільных чыноўнікаў (часта разам з сем’ямі), здраднікаў, авалодалі некалькімі крэпасцямі. У асн. цэнтрах паўстання (гарады Дэлі, Канпур, Лакхнаў) утварыліся самаст. мясц. ўрады. Раз’яднанасць паўстанцаў (сярод іх кіраўнікоў была княгіня Лакшмі-Баі) аблегчыла задушэнне паўстання англічанамі, якія былі лепш узброены і арганізаваны.
Літ.:
Юрлова Т.Ф. Народное восстание 1857—1859 гг. в Индии и английское общество. М., 1991.
т. 7, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)