Гаворка 2/224, 225—226; 3/282; 4/340

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГАВО́РКА,

найдрабнейшая адзінка дыялектнай мовы, сродак зносін жыхароў аднаго рэгіёна. Кожная гаворка (на Беларусі, напр., слуцкая, навагрудская, чэрвеньская) уяўляе сабой пэўную сістэму ўзаемазвязаных асаблівасцей: фанетычных, граматычных, лексіка-фразеалагічных, што функцыянуюць як элементы складанага моўнага арганізма. Група або некалькі груп мясц. гаворак, аб’яднаных агульнасцю рыс у фанетыцы, граматычным і лексічным складзе, утвараюць дыялект.

т. 4, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЕРБАЙДЖА́НСКАЯ МО́ВА,

адна з цюркскіх моў (агузасельджукская падгрупа), дзярж. мова Азербайджанскай Рэспублікі (гл. Азербайджан). Пашырана таксама ў Грузіі, Арменіі, Дагестане, Іране, Іраку і Турцыі. З сучасных моў найб. блізкая турэцкай. Мае 4 дыялектныя групы: усх. (бакінскі, кубінскі, шэмахінскі дыялекты, муганская і ленкаранская гаворкі), зах. (казахскі, гянджынскі, карабахскі дыялекты і айрумская гаворка), паўн. (нухінскі дыялект і закатальска-кахская гаворка), паўд. (нахічэванскі, ардубадскі, таўрызскі дыялекты і ерэванская гаворка). Адрозненні ў дыялектах закранаюць пераважна фанетыку і лексіку. Літ. азербайджанская мова развіваецца з 13 ст. (аснова — шэмахінскі і бакінскі дыялекты).

У фанет. сістэме 9 галосных фанем, 23 зычныя. У марфалогіі 9 часцін мовы, у т. л. паслялогі. У сінтаксісе развіта сістэма злучнікавых складаных сказаў. Пісьменства да 1929 на аснове араб. графікі, у 1929—39 на аснове лац. алфавіта, з 1939 на аснове рус., з 1991 — лац. графікі.

т. 1, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТАНЦІ́Н (7—1289),

князь віцебскі і полацкі ў 1260-я г. Паводле М.​М.​Карамзіна, сын кн. Таўцівіла, якога змяніў на полацкім пасадзе. Жанаты з дачкой кн. Аляксандра Неўскага Еўдакіяй. Згадваецца ў Наўгародскім летапісе пад 1262 з нагоды маючага адбыцца паходу наўгародцаў, палачан і літоўцаў на г. Юр’еў (Тарту). У буле рымскага папы Урбана IV 23.5.1264 паведамляецца, што К. «падараваў» Лівонскаму ордэну землі свайго княства. Відаць, гаворка ішла пра г. Рэжыцу і воз. Лубна (цяпер г. Рэзекне і воз. Лубанас, Латвія), якія потым былі вернуты, магчыма, за яго дапамогу Аляксандру Неўскаму ў барацьбе з крыжакамі. Пасля забойства кн. Міндоўга (1263) за прыхільнасць да кн. Траняты К. пазбаўлены полацкага княжання (саступіў яго Ізяславу або Гердзеню). У Віцебску К. княжыў, верагодна, у 1262—64.

Л.​У.​Калядзінскі.

т. 7, с. 592

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛО́СА (ад грэч. glōssa мова, гаворка),

1) у антычнасці рэдкаўжывальнае, незразумелае слова ў пісьмовым помніку, якое патрабавала тлумачэння.

2) Тлумачэнне або пераклад незразумелага слова на палях ці паміж радкамі рукапісу, друкаванага выдання. Існавалі зборы глос з адпаведнымі каментарыямі да іх (гл. Гласарый). У сярэднія вякі глосы выкарыстоўвалі пры тлумачэнні біблейскіх і юрыд. тэкстаў. У бел. пісьменства глосы ўвёў Ф.​Скарына. Рыхтуючы да друку Біблію, «Псалтыр», «Апостал» і «Малую падарожную кніжыцу», ён імкнуўся зрабіць іх зразумелымі для простых людзей, таму ў якасці глосы браў словы жывой нар. мовы («кивотъ — скриня», «Сионъ — гора»). Скарынінскую традыцыю прадоўжылі С.​Будны ў «Катэхізісе», В.​Цяпінскі ў «Евангеллі» і інш. 3) Цвёрдая форма верша ў ісп. паэзіі 14 — 17 ст. — верш з некалькіх строф (звычайна 4 дзесяцірадкоўяў з эпіграфам, які складаецца з апошніх радкоў кожнай страфы і тлумачыцца наступнымі строфамі. У бел. паэзіі класічную форму глос у аднайменным вершы выкарыстаў С.​Кавалёў.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́КАПІС у музыцы, увасабленне сродкамі музыкі розных гукавых і пазагукавых з’яў навакольнага свету. Апіраецца на выяўл. магчымасці муз. мастацтва, якія выступаюць у 2 асн. тыпах: гукавая імітацыя і выяўленчасць асацыятыўнага характару. Сярод рэальных гучанняў прадметнага асяроддзя, якія часта імітуюцца ў музыцы: пляск хваль, шум мора, шапаценне лесу (у оперы «Марынка» Р.​Пукста), гучанне муз. інструментаў, гаворка, стогны, плач чалавека і інш. Імітацыя можа быць ідэнтычная аб’екту пераймання па тэмбры, інтанацыях ці больш апасродкаванай. Гукавыяўленчасць асацыятыўнага тыпу засн. на слыхавым успрыманні муз. гукаў як узаемазвязаных з рознымі пазагукавымі з’явамі (дынамічнымі, каларыстычнымі, аптычнымі). Асацыятыўны гуказапіс часта выступае як элемент праграмнай музыкі, дзе загалоўкі і рэмаркі канкрэтызуюць вобразны змест. На практыцы імітацыйны і асацыятыўны гуказапісы часта аб’ядноўваюцца (харэаграфічная навела «Мушкецёры» Я.​Глебава). З узнікненнем электроннай музыкі (муз. камп’ютэраў, сінтэзатараў і інш. эл.-муз. канструкцый) у гуказапісе шырока выкарыстоўваюцца новыя гукавыяўл. эфекты, незвычайныя, «незямныя», «касмічныя» гучнасці (у т. л. ў кіно, драм. т-ры, на эстрадзе і інш.).

Н.​А.​Юўчанка.

т. 5, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМІУ́РГ (ад грэч. demiurgos майстар, стваральнік),

у Стараж. Грэцыі ў гамераўскі перыяд — рамеснікі, майстры, урачы, паэты і інш., у класічны — толькі рамеснікі, у некат. гарадах-полісах — вышэйшыя службовыя асобы. У рэлігіі адно з вызначэнняў Бога. Упершыню тэрмін Д. выкарыстаны Філалаем з Кратона і сафістам Крытыем (5 ст. да н.э.). У ант. філасофіі (Платон) — паняцце, якое выяўляе творчую функцыю ідэальных сутнасцей (істот) у працэсе пераходу іх да матэрыяльнага космасу. У дыялогу Платона «Тымей» паняцце Д., што раскрывае дыялектыку космасу, з’яўляецца адным з ключавых. Д. прадстаўлены як тварэц і бацька космасу, ніжэйшых багоў, сусв. душы і да т.п. Зыходным матэрыялам для стваральнай дзейнасці Д. служыць матэрыя («пластычная маса»), вобразам — першавобраз-парадыгма Эйдас. У сярэдневякоўі паняцце Д. часцей за ўсё трактавалася як ідэальная першааснова, якая стварае свет. У філасофіі Г.​Гегеля ў якасці Д. выступае анталагізаванае мысленне суб’екта — абсалютны дух; менавіта ён з’яўляецца стваральнікам свету. У сучаснай філас. л-ры, калі ідзе гаворка аб паняцці Д., часцей за ўсё маецца на ўвазе гегелеўская трактоўка гэтага паняцця.

Т.​І.​Адула.

т. 6, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЮЦЫНА́ЦЫІ (ад лац. hallucinatio трызненне, прывід),

стан уяўнага (несапраўднага) успрымання чалавекам чаго-небудзь як рэальна існуючага ў навакольным асяроддзі без уздзеяння знешніх раздражняльнікаў. Паводле І.​П.​Паўлава, у аснове галюцынацый ляжаць парушэнні функцый кары галаўнога мозга. Найчасцей галюцынацыі ўзнікаюць пры псіхічных захворваннях.

Адрозніваюць галюцынацыі: зрокавыя, слыхавыя, нюхальныя, тактыльныя і інш.; простыя (успышкі святла, шоргат, стук) і складаныя (вобразы людзей, гаворка); сапраўдныя галюцынацыі і псеўдагалюцынацыі (менш выразныя і ў меншай ступені звязаныя з пачуццём рэальнасці; адсутнічаюць у дзіцячым узросце). Да галюцынацый не адносяць ілюзіі. Зрокавыя галюцынацыі характэрныя для псіхозаў інфекц. і інтаксікацыйнага паходжання. Пры белай гарачцы, напр., хворыя бачаць дробных жывёл (мышэй, змей), адчуваюць поўзанне па скуры насякомых, уяўную прысутнасць пачвар, страшыдлаў, забойцаў. Слыхавыя галюцынацыі больш частыя пры шызафрэніі. Нярэдка яны тояць сац. небяспеку, таму што могуць мець імператыўны (загадвальны) змест і накіроўваць хворага на агрэсіўныя дзеянні. У хранічных алкаголікаў слыхавыя галюцынацыі часцей «каментарныя» («галасы» абмяркоўваюць стан ці дзеянні хворага). Нюхальныя і тактыльныя галюцынацыі ўвасабляюцца ў адчуванні несапраўдных пахаў (напр., гнілі, парфумы, газы і г.д.) і дотыкаў да скуры (насякомых, вільгаці, паветраных патокаў і інш.). Шэраг рэчываў (галюцынагены) здольныя выклікаць галюцынацыі штучна, што ўласціва наркаманіі.

Ф.​М.​Гайдук.

т. 5, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНЫ СЛО́ЎНІК,

лінгвістычны даведнік, што тлумачыць або перакладае толькі тую лексіку, якой адрозніваюцца слоўнікавыя склады 2 блізкароднасных моў або слоўнікі адной і той жа мовы. Першыя Д.с. бел. мовы — «Слоўнік беларускай мовы» І.​І.​Насовіча (1870) і рукапісны «Беларускі слоўнік» С.​Мядзведскага (1910), якія перакладалі на рус. мову тыя бел. словы, што лексічна і семантычна адрозніваліся ад адпаведных рус. слоў. Падобны двухмоўны Д.с. — слоўнікавы дадатак «Кароткі дыферэнцыяльны руска-беларускі слоўнік» да практычнага дапаможніка «Беларуская мова для небеларусаў» А.​А.​Крывіцкага, А.​Я.​Міхневіча, А.​І.​Паддужнага (1973).

Існуюць і інш. разнавіднасці Д.с.: дыферэнцыяльна-дыялектныя або абласныя даведнікі (у адрозненне ад поўных дыялектных слоўнікаў уключаюць толькі тыя дыялектызмы, якімі дадзеная гаворка або група гаворак адрозніваюцца ад слоўнікавага складу літ. мовы, напр., «Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны» М.​В.​Шатэрніка, 1929, «Слоўнік Гродзенскай вобласці» Т.​П.​Сцяшковіч, 1983); дыялектныя даведнікі, што ўводзяць у навук. ўжытак упершыню лексікаграфічна зафіксаваныя лексічныя і фразеалагічныя адзінкі, якія адсутнічалі ў папярэдніх рэгіянальных слоўніках (напр., «З народнай фразеалогіі: Дыферэнцыяльны слоўнік» І.​Я.​Лепешава, 1991). Асобныя даследчыкі (Крывіцкі, Г.​А.​Цыхун) вылучаюць змяшаны (дыферэнцыяльна поўны) тып дыялектнага слоўніка.

Літ.:

Норман Б.Ю. Гипотеза Сэпира-Уорфа и белорусско-русский дифференциально-семантический словарь // Актуальные проблемы лексикологии. Мн., 1970.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 6, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯЛЕ́КТ (ад грэч. dialektos гаворка),

найбольш буйное этнагенетычнае адзінства гаворак або іх груп у складзе мовы, блізкіх асн. асаблівасцямі сваёй будовы (фанет. сістэмай, граматычным ладам, слоўнікам) і сумежных па тэрытарыяльным размяшчэнні. Бел. дыялектная мова складаецца з паўн.-ўсх. Д. (аб’ядноўвае роднасныя па сваёй зыходнай аснове гаворкі мясц. насельніцтва паўн.-ўсх. ч. краіны) і паўд.-зах. Д. (гаворкі паўд.-зах. ч. краіны, за выключэннем яе паўд.-зах. кутка). Паводле мясц. асаблівасцей гаворкі паўн.-ўсх. Д. падзяляюцца на 3 групы — віцебскую, усх.-магілёўскую і полацка-мінскую, паўд.-зах. Д. — гродзенска-навагрудскую, слуцкую і мазырскую (усх.-палескую). Паміж паўн.-ўсх. і паўд.-зах. дыялектамі вылучаецца група сярэднебеларускіх (пераходных) гаворак, якія склаліся ў працэсе ўзаеманакладання і «размывання» берагоў супрацьлеглых Д. на іх стыку (у выніку змешвання іх «прыбярэжных» гаворак і ўзаемаўплыву). Паўн.-ўсх. і паўд.-зах. Д. разам з групай сярэднебел. гаворак складаюць асноўны масіў гаворак бел. нац. мовы, які тэрытарыяльна супрацьпастаўляецца па сваіх асаблівасцях зах.-палескай групе гаворак. Апошняя з’яўляецца часткай Д. бел.-ўкр. моўнага сумежжа. Асаблівасці Д. найб. адлюстроўваюцца ў мове сельскага насельніцтва. Аднак у сувязі з яго інтэнсіўным пераразмеркаваннем разбураюцца тэр. аднароднасць груп гаворак і дыялектныя межы. На аснове пэўных дыялектных і занальных аб’яднанняў сфарміравалася і знаходзіцца ў цеснай сувязі з імі і зараз бел. літаратурная мова.

Літ.:

Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак. Мн., 1968—69.

А.​А.​Крывіцкі.

т. 6, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)