ГА́ВЕЛ

(Havel) Вацлаў (н. 5.10.1936, Прага),

чэшскі дзярж. і грамадскі дзеяч, пісьменнік. Скончыў Пражскую акадэмію муз. і тэатр. мастацтва (1967). Адзін з заснавальнікаў і вядучых дзеячаў праваабарончага руху Хартыя-77, апазіцыйнага паліт. руху Грамадзянскі форум. Праследаваўся ўладамі, у 1970—89 тройчы быў зняволены ў турму. У 1989—92 прэзідэнт Чэхаславакіі, з 1993 — Чэхіі. Аўтар п’ес «Свята ў садзе» (паст. 1963; бел. пер. Л.Баршчэўскага), «Паведамленне» (паст. 1965), «Цяжка засяродзіцца» (паст. 1968), «Аўдыенцыя» (паст. 1975), «Largo desolato» (паст. 1985), «Спакуса» (паст. 1986), «Рэканструкцыя» (1987). Паэтыка яго драматургіі адпавядае тэатру абсурду, пры гэтым яна зыходзіць з канкрэтных умоў развіцця Чэхаславакіі. Гал. тэма яго філас. разважанняў — маральныя асновы палітыкі, механізацыя чалавека ва ўмовах несвабоды. Аналіз дысідэнцтва дадзены ў кн. эсэ «Дужасць нядужых» (1978) і «Лістах да Вольгі» (1980).

Тв.:

Бел. пер. — Свята ў садзе // Пры зачыненых дзвярах: Драм. тв. Мн., 1995;

Аўдыенцыя: П’еса ў адной дзеі // Крыніца. 1997. № 1 (27);

Рус. пер. — Трудно сосредоточиться. М., 1990;

Сила бессильных. Мн., 1991;

Заочный допрос. М., 1991.

Літ.:

Шабловская И.В. Чешский театр абсурда и европейский опыт // Славянские литературы в контексте мировой: Материалы и тез. докл. междунар. науч. конф. Мн., 1994.

І.В.Шаблоўская.

т. 4, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯ́НСКІ ФО́РУМ,

чэхаславацкі апазіцыйны да Камуніст. партыі Чэхаславакіі паліт. рух у 1989—91. Патрабаваў ажыццяўлення дэмакр. рэформаў у паліт., грамадскім і эканам. жыцці краіны. Гал. дзеячы — В.Гавел, В.Малы, Я.Дзенстбер. Пры падтрымцы форуму ў снеж. 1989 прэзідэнтам Чэхаславакіі стаў Гавел. У 1990 Грамадзянскі форум атрымаў перамогу на выбарах у Нац. сход краіны. У крас. 1991 адбыўся раскол Грамадзянскага форуму на Грамадз. дэмакр. партыю і Грамадз. рух (з 1993 Свабодныя дэмакраты).

Н.К.Мазоўка.

т. 5, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АКСАМІ́ТНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ» 1989 у Чэхаславакіі, умоўная назва працэсу пераходу ад камуніст. ладу, што існаваў з 1948, да дэмакр. праўлення. Адбылася ў ліст.снеж. ў мяккай, спакойнай форме (адсюль і назва). Масавыя выступленні 17—26 ліст. працоўных, студэнтаў за ўстанаўленне дэмакратыі і паліт. плюралізму ўзначалілі апазіц. рухі Грамадзянскі форум на чале з В.Гавелам і Грамадскасць супраць насілля. Камуністы вымушаны былі пайсці на перагаворы з апазіцыяй. У выніку ўлада перайшла да прадстаўнікоў апазіцыі. Нац. сход выключыў з канстытуцыі краіны артыкулы аб кіруючай ролі камуніст. партыі і марксісцка-ленінскай ідэалогіі. У снеж. 1989 прэзідэнтам краіны абраны Гавел, старшынёй нац. сходу — А.Дубчак, сфарміраваны ўрад нац. адзінства на чале з М.Чалфам. Парламенцкія выбары ў чэрв. 1990 замацавалі перамогу дэмакр. сіл.

А.А.Чалядзінскі.

т. 1, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)