ХА́РТЫЯ-77 (Charta 77),

дысідэнцкі праваабарончы рух і грамадз. ініцыятыва ў Чэхаславакіі ў 1970—80-я г. Засн. ў канцы 1976 — пач. 1977 групай апазіцыйнай чэхаславацкай інтэлігенцыі (сярод іх В.Гавел), якая падрыхтавала маніфест руху. Узначальвалася 3 спікерамі, якіх выбіралі штогод. Апелявала да міжнар. гуманіт. пагадненняў, падпісаных чэхаславацкім урадам, у т. л. на сустрэчы прадстаўнікоў Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (1980, Мадрыд), заклікала чэхаславацкае кіраўніцтва выконваць міжнар. пагадненні і прывесці ў адпаведнасць з імі ўнутр. заканадаўства. Распаўсюджвала афіц. матэрыялы і дакументы, якія зыходзілі ад урадавых структур, і падцэнзурныя, што ўтрымлівалі каментарыі да іх. Удзельнічала ў «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 і ўтварэнні Грамадзянскага форуму; пасля перамогі рэвалюцыі прэзідэнтам краіны выбраны Гавел. Дзейнічала да 1990—92.

Літ.:

Центрально-Восточная Европа во второй половине XX в. Т. 2. От стабилизации к кризису, 1966—1989. М., 2002.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 16, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)