БАЛО́НКІ,

група парод дробных даўгашэрсных дэкар. сабак. Выведзены ў г. Балоння (Італія). У свеце больш вядомыя пад назвай бішоны: вялікі, гаванскі, бішон-фрыз, бішон-ліо і інш. Гадуюцца сабакаводамі-аматарамі ўсюды.

Найб. пашыраны балонкі: мальтыйская (балонскі бішон), выш. ў карку 20—25 см пры масе 3—4 кг (іншы раз да 5 кг), поўсць белая, прамая, шаўкавістая, тонкая; французская (бішон-фрыз), выш. ў карку 20—26 см, поўсць белая, доўгая, мяккая, хвалепадобная або кучаравая з густым падшэрсткам. Ва ўсіх балонак морда карацейшая за чэрап, вушы віслыя, на храстку, канстытуцыя сухая, мускулістая. Сабакі разумныя, рухавыя, даўгавечныя. Гадуюць таксама каляровых балонак, выведзеных у 1950-я г. ў Ленінградзе скрыжаваннем з пекінесамі і тыбецкімі тэр’ерамі, ад якіх яны атрымалі ў спадчыну масць розных адценняў, больш расцягнутае тулава і вышыню да 28 см.

Э.Р.Самусенка.

т. 2, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́СТРА РУС ((Castro Ruz) Фідэль) (н. 13.8.1926, г. Маяры, Куба),

кубінскі ваен., паліт. і дзярж. дзеяч. Д-р права (1949). Камандантэ рэвалюцыі. Скончыў Гаванскі ун-т (1949). З пач. 1950-х г. чл. і адзін з лідэраў левага крыла Партыі кубінскага народа («артадоксаў»). У час ваен. дыктатуры Ф.Батысты ўзначаліў няўдалы ўзбр. напад на казармы Манкада ў г. Сант’яга-дэ-Куба (1953); асуджаны на 15 гадоў. Вызвалены паводле амністыі (1955), эмігрыраваў у ЗША, Мексіку. 2.12.1956 на чале атрада з 82 чал. высадзіўся на Кубу і разгарнуў партыз. вайну, якая перарасла ў Кубінскую рэвалюцыю 1959 і прывяла да падзення дыктатуры Батысты. З 1959 галоўнакамандуючы Рэв. ўзбр. сіламі, прэм’ер-міністр Рэв. ўрада Кубы (з 1976), старшыня Дзярж. савета і СМ Кубы. У 1962—65 1-ы сакратар Нац. кіраўніцтва Адзінай партыі сацыяліст. рэвалюцыі Кубы, пасля перайменавання партыі ў Камуніст. партыю Кубы (1965) 1-ы сакратар яе ЦК. У 1979—82 старшыня Руху недалучэння.

Тв.:

Рус. пер — Избр. произв., 1952—1986 гг. М., 1986.

Літ.:

Szulc T. Fidel: A critical portrait. New York, 1986.

Ф.Кастра Рус.

т. 8, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)