Віхраў Р. 8/312

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АТМАСФЕ́РНАЯ ТУРБУЛЕ́НТНАСЦЬ,

асаблівасць рухаў паветраных патокаў, што маюць неўпарадкаваны характар на фоне агульнай цыркуляцыі атмасферы; адна з асн. уласцівасцяў атмасферы. Прычыны атмасфернай турбулентнасці — узнікненне паветраных віхраў рознага памеру. У выніку адбываецца хуткае перамешванне паветра, асабліва вертыкальнае, абмен цяплом, вільгаццю, аэразольнымі часцінкамі паміж асобнымі яго слаямі. Ад атмасфернай турбулентнасці залежыць сутачны ход ветру, формы воблакаў, асаблівасці ападкаў.

т. 2, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІХО́Р у атмасферы, віхар,

маса паветра, ахопленая вярчальным рухам вакол рухомай восі. Памеры ў дыяметры ад некалькіх метраў да некалькіх тысяч кіламетраў. Скорасць ветру можа дасягаць ураганнай сілы (да 100 м/с). Да віхраў адносяць цыклон і яго трапічную разнавіднасць тайфун, тромб і тарнада, смерч. На Беларусі з сак. да вер. зрэдку адзначаюцца смерчы. Меншыя па памерах віхры часта бываюць летам у сухое надвор’е.

т. 4, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНЫ САЮ́З МО́ЛАДЗІ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ (КСМЗБ),

нелегальная камуніст. арг-цыя моладзі Зах. Беларусі ў 1924—38. Існаваў як тэр. аўтаномная частка Камуністычнага саюза моладзі Польшчы (КСМП). Яго дзейнасць накіроўвалі КСМП і Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ). Вышэйшы орган — з’езд, паміж з’ездамі — ЦК. Пасля адыходу ў 1921 Зах. Беларусі да Польшчы разрозненыя камсамольскія арг-цыі пачалі адраджаць сваю дзейнасць. Скліканая ЦК КПЗБ у студз. 1924 камсамольская канферэнцыя Зах. Беларусі прыняла рашэнне пра стварэнне адзінага саюза — КСМЗБ. У яго аснову быў пакладзены прынцып дэмакр. цэнтралізму, а ўся структура і дзейнасць рэгламентаваліся ў адпаведнасці са Статутам камсамола Польшчы. Нізавым звяном КСМЗБ былі ячэйкі (ад 3 да 7 чл.), якія аб’ядноўваліся ў раённыя (гарадскія), а тыя — у акр. арг-цыі. У розныя гады КСМЗБ падзяляўся на 6—10 акруг, аб’ядноўваў ад 1200 (1925) да 3500-4000 (1932) членаў; у іх ліку было 80% сялян, 83% беларусаў, каля 15% яўрэяў. КСМЗБ дапамагалі КП(б)Б і камсамол БССР. У Мінску з 1925 дзейнічала школа для парт. і камс. функцыянераў Зах. Беларусі; на тэр. БССР КСМЗБ правёў свой адзіны з’езд (сак. 1931, в. Сляпянка пад Мінскам) і III канферэнцыю (1932). КСМЗБ накіроўваў барацьбу сялянскай, рабочай, вучнёўскай моладзі за сац. і нац. вызваленне, за дэмакр. свабоды, за ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. супраць пагрозы вайны і інш. У сярэдзіне 1930-х г., ён дапамагаў КПЗБ праводзіць лінію па стварэнні адзінага антыфаш. фронту. Выдаваў свае газ. і час.: «Малады камуніст», «Малады змагар», «Пад сцягам камсамола», «Камсамолец» (на бел., польск., рус. і яўр. мовах) і інш. На працягу ўсёй сваёй гісторыі КСМЗБ праследаваўся ўладамі, да 73 яго членаў знаходзілася ў турмах. Кіруючымі дзеячамі КСМЗБ у розныя часы былі: В.​З.​Харужая, М.​М.​Дворнікаў, В.​П.​Ласковіч, Я.​І.​Скурко (М.​Танк), П.​Пестрак, І.​Я.​Дабрыян, С.​В.​Прытыцкі, Л.​Р.​Шайкоўскі і інш. КСМЗБ спыніў дзейнасць у 1938 у сувязі з беспадстаўным роспускам Камінтэрнам Кампартыі Польшчы, у т. л. КПЗБ.

Літ.:

Віхраў А.А. Баявы памочнік КПЗБ (1921—1928 гг.). Мн., 1975;

Революционный авангард трудящейся молодежи Западной Белоруссии (1921—1939 гг.): Док. и материалы. Мн., 1978.

М.​В.​Бобер.

т. 7, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)