ВІТКЕ́ВІЧ Ян Праспер

(Іван Віктаравіч; 6.7.1808, мяст. Пашаўша, цяпер у Кельмескім р-не, Літва — 20.5.1839),

падарожнік, дыпламат. У 1823 за стварэнне тайнага т-ва «Чорныя браты» ў мяст. Крожы (цяпер Кражай, Літва) у падтрымку зняволеных філаматаў выключаны з гімназіі і сасланы салдатам на Арэнбургскую лінію. У 1832 атрымаў чын афіцэра. Сябраваў са ссыльнымі кіраўнікамі руху філаматаў Т.Занам і А.Сузіным. У 1835—36 зрабіў экспедыцыйную паездку праз Казахстан у Бухару, яе навук. апісанне прадыктаваў У.І.Далю. У 1837—38 па заданні Мікалая І на чале рас. дыпламат. місіі наведаў Афганістан. Абяцаў кабульскаму эміру Дост-Мухамеду ваен. падтрымку Расіі напярэдадні 1-й англа-афганскай вайны (гл. ў арт. Англа-афганскія войны), аднак царскі ўрад пабаяўся псаваць адносіны з Вялікабрытаніяй. Місія была спынена, Віткевіч адкліканы ў Пецярбург. Скончыў самагубствам.

Літ.:

Грицкевич В.П. От Нёмана к берегам Тихого океана. Мн., 1986. С. 111—112, 116—122, 128.

В.П.Грыцкевіч.

т. 4, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТКЕ́ВІЧ (Witkiewicz) Станіслаў Ігнацы [псеўд. Віткацы

(Witkacy); 24.2.1885, Варшава — 18.9.1939], польскі пісьменнік, тэарэтык мастацтва, мастак, філосаф. Сын мастака і пісьменніка С.Віткевіча (1851—1915). Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі выяўл. мастацтваў (1904—06, 1908—10). У 1918—22 чл. маст. групы «Польскія фармісты». Пачаў друкавацца ў 1919. Свае эстэт. і філас.-грамадз. погляды выклаў у працах «Новыя формы ў жывапісе і недарэчнасці, што адсюль вынікаюць» (1919),

«Эстэтычныя замалёўкі» (1922), «Тэатр» (1923). Напісаў больш як 30 п’ес («У малым дворыку», 1923; «Новае вызваленне», «Вар’ят і манашка», абедзве 1926; «Шаўцы», выд. 1948, паст. 1957; «Маці», паст. 1964; «Яны», паст. 1966, і інш.), іх паэтыка блізкая да экспрэсіянізму і сюррэалізму, часткова прадвызначыла абсурду драму. Аўтар раманаў «622 падзенні Бунга, або Дэманічная жанчына» (нап. 1910—11), «Адзінае выйсце» (нап. 1932—33, выд. 1968). У гратэскна-фантаст. раманах «Развітанне з восенню» (1927), «Ненаеднасць» (1930), напоўненых разважаннямі і дыскусіямі на філас., сац., эстэт. і паліт. тэмы, паказаў крызіс еўрап. культуры, абумоўлены ўсеагульнай уніфікацыяй жыцця, дэфармацыю і алагічнасць сучаснай цывілізацыі. Творчасць Віткевіча-мастака развівалася ў кірунку своеасаблівага экспрэсіянізму. У 1917—25 стварыў паўабстрактныя, фантаст.-сімвалічныя кампазіцыі «Барацьба стыхій» (1920), «Візіт да раджы» (1923) і інш. Пазней парваў з «чыстым мастацтвам». У філас. рабоце «Паняцці і сцвярджэнні, звязаныя з паняццем існавання» (1935) інтэрпрэтацыя праблемы «адзінка — існаванне», дадзеная Віткевічам, пазначана пэўнымі рысамі экзістэнцыялізму. Скончыў самагубствам.

Тв.:

Dzieła wybrane. Т. 1—5. Warszawa, 1985;

Рус. пер. — Сапожники: Драмы. М., 1989.

Літ.:

Sokół L. Groteska w teatrze S. I. Witkiewicza. Warszawa, 1973;

Błoński J. S.I.Witkiewicz jako dramaturg. Kraków, 1973;

Degler J. Witkacy w teatrze międzywojennym. Warszawa, 1973.

В.В.Саладоўнікаў.

т. 4, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Віткевіч С. (архітэктар) 8/509

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Віткевіч С. (літаратуразнаўца) 4/409; 7/463

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Віткевіч В. В. 9/38

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)