ВІТКЕ́ВІЧ
(Witkiewicz) Станіслаў Ігнацы [псеўд. Віткацы (Witkacy); 24.2.1885, Варшава — 18.9.1939], польскі пісьменнік, тэарэтык мастацтва, мастак, філосаф. Сын мастака і пісьменніка С.Віткевіча (1851—1915). Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі выяўл. мастацтваў (1904—06, 1908—10). У 1918—22 чл. маст. групы «Польскія фармісты». Пачаў друкавацца ў 1919. Свае эстэт. і філас.-грамадз. погляды выклаў у працах «Новыя формы ў жывапісе і недарэчнасці, што адсюль вынікаюць» (1919),
«Эстэтычныя замалёўкі» (1922), «Тэатр» (1923). Напісаў больш як 30 п’ес («У малым дворыку», 1923; «Новае вызваленне», «Вар’ят і манашка», абедзве 1926; «Шаўцы», выд. 1948, паст. 1957; «Маці», паст. 1964; «Яны», паст. 1966, і інш.), іх паэтыка блізкая да экспрэсіянізму і сюррэалізму, часткова прадвызначыла абсурду драму. Аўтар раманаў «622 падзенні Бунга, або Дэманічная жанчына» (нап. 1910—11), «Адзінае выйсце» (нап. 1932—33, выд. 1968). У гратэскна-фантаст. раманах «Развітанне з восенню» (1927), «Ненаеднасць» (1930), напоўненых разважаннямі і дыскусіямі на філас., сац., эстэт. і паліт. тэмы, паказаў крызіс еўрап. культуры, абумоўлены ўсеагульнай уніфікацыяй жыцця, дэфармацыю і алагічнасць сучаснай цывілізацыі. Творчасць Віткевіча-мастака развівалася ў кірунку своеасаблівага экспрэсіянізму. У 1917—25 стварыў паўабстрактныя, фантаст.-сімвалічныя кампазіцыі «Барацьба стыхій» (1920), «Візіт да раджы» (1923) і інш. Пазней парваў з «чыстым мастацтвам». У філас. рабоце «Паняцці і сцвярджэнні, звязаныя з паняццем існавання» (1935) інтэрпрэтацыя праблемы «адзінка — існаванне», дадзеная Віткевічам, пазначана пэўнымі рысамі экзістэнцыялізму. Скончыў самагубствам.
Тв.:
Dzieła wybrane. Т. 1—5. Warszawa, 1985;
Рус. пер. — Сапожники: Драмы. М., 1989.
Літ.:
Sokół L. Groteska w teatrze S. I. Witkiewicza. Warszawa, 1973;
Błoński J. S.I.Witkiewicz jako dramaturg. Kraków, 1973;
Degler J. Witkacy w teatrze międzywojennym. Warszawa, 1973.
В.В.Саладоўнікаў.
т. 4, с. 203