Віскоза 2/578; 3/100; 11/139, 140, 495

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСКО́ЗА

(ад позналац. viskosus вязкі),

канцэнтраваны раствор ксантагенату цэлюлозы ў разбаўленым водным растворы гідраксіду натрыю. Вязкая празрыстая вадкасць аранжавага колеру, састаў якой (% па масе): 6,5—9% ксантагенату цэлюлозы, 6,5—7,5% гідраксіду натрыю NaOH, вада і невял. колькасць (0,01—0,02%) прымесей. Атрымліваюць віскозу з драўніннай цэлюлозы. Асн. стадыі вытв-сці: апрацоўка цэлюлозы 18—20%-ным растворам NaOH (мерсерызацыя) і ўзаемадзеянне шчолачнай цэлюлозы з серавугляродам CS2 (атрыманне ксантагенату). Выкарыстоўваюць у вытв-сці віскознага валакна, плёнкі (цэлафан), штучнай скуры (кірза).

Літ.:

Роговин З.А., Гальбрайх Л.С. Химические превращения и модификация целлюлозы. 2 изд. М., 1979.

М.Р.Пракапчук.

т. 4, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСКАЗІ́МЕТР

(ад віскоза + ...метр),

прылада для вымярэння вязкасці вадкасцей і газаў. Бываюць капілярныя (найб. пашыраныя; вызначаецца час працякання зададзенага аб’ёму вадкасці праз капіляр), ратацыйныя (вымяраецца вярчальны момант або вуглавая скорасць аднаго з сувосевых цел, паміж якімі знаходзіцца даследаваная вадкасць або газ), шарыкавыя (вымяраецца час падзення шарыка паміж 2 меткамі) і ультрагукавыя (вымяраецца скорасць затухання ваганняў у даследаванай вадкасці). Выкарыстоўваецца для вымярэння вязкасці пры розных т-рах металаў, буд. матэрыялаў, хім. і харч. прадуктаў і інш. Гл. таксама Вісказіметрыя.

т. 4, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХНЯДЗВІ́НСКАЕ ТКА́ЦТВА,

народнае мастацкае ручное ўзорыстае ткацтва на тэр. Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. Вядомае здаўна (у л-ры — з 19 ст.). Тут ткалі посцілкі, дываны, ручнікі. Адметнае ў Верхнядзінскім ткацтве традыц. спалучэнне 2 колераў: чорнага з малінавым, белым, чырвоным ці аранжавым. Разнастайнасць дасягаецца ўзбуйненнем ці здрабненнем асобных матываў, рознымі перапляценнямі нітак пры захаванні адзінага кампазіцыйнага ладу. Тэхніка — перабор, шматрамізная, выбарная; узоры — «у дымкі», «у ромбы» і г.д. З 1967 пры Верхнядзвінскай ф-цы маст. вырабаў працуе цэх маст. ткацтва, дзе ткуць ручнікі, посцілкі, накідкі на крэслы ў традыц. колерах з бел. арнаментам. Матэрыял — лён, віскоза, воўна, чарот (з яго робяць сурвэткі, сумкі).

Дз.С.Трызна.

т. 4, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)