ФТОРВАЛАКНО́,
комплексная нітка, якую фармуюць з фторзмяшчальных высокамалекулярных злучэнняў, пераважна політэтрафторэтылену (ПТФЭ). Устойлівае ў агрэсіўных асяроддзях, мае добрыя дыэл. ўласцівасці, нізкі каэф. трэння. Фізіялагічна няшкоднае.
Атрымліваюць Ф. фармаваннем з воднай дысперсіі ПТФЭ, у якой ёсць загушчальнік (напр., віскоза), з далейшай тэрмаапрацоўкай для спякання часцінак ПТФЭ і выдаленнем загушчальніку (валокны паліфен, тэфлон і інш.) або з фтарапластаў, растваральных у ацэтоне (валакно фтарлон). Выкарыстоўваецца ў розных тэхн. матэрыялах і вырабах — тканых і нятканых матэрыялах для фільтравання звышагрэсіўных вадкасцей і газаў, у вытв-сці касм. скафандраў, электраізаляцыйных матэрыялаў, у медыцыне (шыўны матэрыял) і інш.
т. 16, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)