ВІ́ДЗАЎСКАЯ ЦАРКВА,

помнік архітэктуры мадэрна. Пабудавана ў 1910 з цэглы ў г.п. Відзы (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.). Прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай апсідай. Вільчык 2-схільнага даху над гал. фасадам завершаны 3-яруснай званіцай з цыбулепадобным купалам, алтарная частка — драўляным 8-гранным барабанам з цыбулепадобнай галоўкай. Гал. фасад завершаны 2-гранным шчытом, вылучаны высокім уваходным парталам, дэкарыраваны бакавымі лучковымі нішамі з выявамі крыжоў. Арх. дэкор выкананы сродкамі фігурнай цаглянай муроўкі — ліштвы вокнаў з лучковымі броўкамі, падаконныя філёнгі, крыжовыя нішы на лапатках, прафіляваныя карнізы.

т. 4, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬЧА́К,

вільчык, верхняе рабро (грэбень) 2-схільнай страхі і фігурнае вырашэнне верхніх канцоў закрылін 2-схільнай страхі ці страхі з залобкам. Вядомы ў многіх народаў Усх., Цэнтр, і Паўн. Еўропы. Найб. пашыраныя парныя вільчакі, утвораныя верхнімі выпускамі перакрыжаваных канцоў закрылін. Апрацаваныя ў выглядзе стылізаваных рагоў, накіраваных у процілеглыя бакі сілуэтаў птушак, змей, конскіх галоў і інш., у старажытнасці яны выконвалі ролю абярэгаў, з часам сталі дэкар. элементамі традыц. жылля. З пач. 20 ст. саступілі месца адзінарным вільчакам, выпілаваным з адной дошкі ў выглядзе трызубца, стралы, стылізаванай кветкі і інш. і прымацаванай на скрыжаванні закрылін.

Я.М.Сахута.

т. 4, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)