Віла (арх.) 1/127, 475; 3/77

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛА (ад лац. villa сядзіба, маёнтак),

загарадны дом з садам ці паркам. У Стараж. Рыме вілай называлі загараднае памесце для адпачынку і забаў. Маляўніча размешчаныя пабудовы вілы групаваліся вакол адкрытага двара, жылыя памяшканні ўпрыгожвалі мазаікай і размалёўкай. Комплекс вілы іншы раз уключаў будынкі храма, т-ра, каналы, вадаёмы, дэкар. скульптуру (віла імператара Адрыяна ў Тывалі, 2 ст.). У эпоху Адраджэння склаўся тып вілы, які меў восевую кампазіцыю з гал. будынкам у цэнтры, яго лоджыя адкрывалася на тэрасныя сады (віла Мадама, цяпер у Рыме, пачата ў 1517, арх. Рафаэль, А. да Сангала Малодшы, віла «Ратонда» ў Вічэнцы, 1551 — 67, арх. А.​Паладыо). Строгія і зграбныя ансамблі віл эпохі Адраджэння змяніла складаная і мудрагелістая кампазіцыя пышных барочных віл. У 19—20 ст. вілай называюць камфартабельны аднасямейны дом з садам ці паркам у прыгарадзе ці курортнай мясцовасці (віла Савой каля Парыжа, 1929—31, арх. Ле Карбюзье; «Дом над вадаспадам» у Пенсільваніі, 1936, арх. Ф.​Л.​Райт; загарадны дом у Каліфорніі, 1946, арх. Р.​Нёйтра і інш.).

Віла Адрыяна ў Тывалі 125—135 н.э.
Да арт. Віла. Загарадны дом у Каліфорніі. Арх. Р.​Нёйтра. 1946.

т. 4, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛА (Vila),

Порт-Віла, сталіца дзяржавы Вануату, на ПдЗ в-ва Эфатэ. 19,3 тыс. ж. (1989). Порт на Ціхім ак. (вываз копры, какавы, кавы). Міжнар. аэрапорт. Перапрацоўка мяса і рыбы. Міжнар. фінансавы цэнтр (нізкія падаткі).

т. 4, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОРТ-ВІ́ЛА,

горад, сталіца дзяржавы Вануату ў Ціхім акіяне; гл. Віла.

т. 12, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Віла-Лобас Э. 2/386; 3/77

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛАО́БАС ((Villa-Lobos) Эйтар) (5.3.1887, г. Рыо-дэ-Жанейра, Бразілія — 17.11.1959),

бразільскі кампазітар, дырыжор, фалькларыст, педагог, муз. дзеяч. У 1905—12 вывучаў муз. фальклор. У 1923—30 жыў пераважна ў Парыжы. У 1930-я г. арганізоўваў адзіную сістэму муз. адукацыі ў Бразіліі, заснаваў шэраг муз. школ і хар. калектываў, Нац. кансерваторыю харавых спеваў (1942), адзін з заснавальнікаў (1945) і прэзідэнт Бразільскай муз. акадэміі. Аўтар спец. навук. дапаможнікаў («Практычнае кіраўніцтва для вывучэння фальклору», т. 1—6, 1932), тэарэт. прац. Яго творчасць — адна з вяршынь лац.-амер. музыкі. Яе нац. аснова арганічна спалучаецца з дасягненнямі еўрап. музыкі (тэхніка імпрэсіянізму ў фп. сюіце «Свет дзіцяці», фп. цыкле «Сіранды», камерных эпізодах «Шорас», неакласіцысцкія рысы ў цыкле «Бразільскія бахіяны»). Сярод інш. твораў: 9 опер, у т. л. «Ізат» (1914, паст. 1958), «Іерма» (1956, паст. 1971); аперэта «Мадалена» (1948); 15 балетаў, у т. л. «Уірапуру» (1917, паст. 1935), «Імператар Джонс» (1956); 12 сімфоній (1916—57), 2 сімфаньеты, 18 сімф. паэм; творы для духавога арк.; канцэрты для розных інстр. з арк.; камерна-інстр. ансамблі; творы для гітары, для голасу і фп., хары, песні і інш.

Літ.:

Мариз В. Эйтор Вилла-Лобос: Жизнь и творчество: Пер. с фр. Л., 1977;

Пичугин П.А. Эйтор Вилла-Лобос и бразильская национальная музыкальная культура // Культура Бразилии. М., 1981.

Э.Віла-Лобас.

т. 4, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕ́ЎСКІ ((Pniewski) Богдан) (26.7.1897, Варшава — 5.9.1965),

польскі архітэктар, адзін са стваральнікаў польскай арх. школы 20 ст. Ганаровы чл. франц. Акадэміі архітэктуры (з 1952). Скончыў політэхн. ін-т у Варшаве (1923). З 1932 праф. Акадэміі выяўл. мастацтваў, з 1945 — політэхн. ін-та. Для творчасці П. характэрна спалучэнне рыс неакласіцызму і функцыяналізму. Яго пабудовы адметныя рацыянальнай прастатой форм, манументальнасцю аб’ёмаў, фактурнай выразнасцю: жылыя дамы на вул. Мадалінскага (1925—26), віла на вул. Клёнавай (1935—37), будынкі Польскага радыё (1939), Мін-ва шляхоў зносін (1946—47), Дом селяніна (1957—61, з М.​Гандзялевіч), перабудова комплексу будынкаў Сейма (1948—51), Вял. т-ра (1954—65, у сааўт.; усе ў Варшаве); віла «Патрыя» ў г. Крыніца (1934). Дзярж. прэмія Польшчы 1952.

Б.Пнеўскі. Віла «Патрыя» ў г. Крыніца. 1934.

т. 12, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРУ́ЦЫ ((Pemzzi) Бальдасарэ) (хрышчаны 7.3.1481, г. Сіена, Італія — 6.1.1536),

італьянскі архітэктар і жывапісец. Супрацоўнічаў з Д.Брамантэ і Рафаэлем. У творчасці спалучаў прынцыпы Высокага Адраджэння з ранне-маньерыстычнымі тэндэнцыямі. Раннім пабудовам уласцівы лірычнасць і вытанчаная лёгкасць форм, больш познім — кантрасты нясучых і нясёных элементаў, напружана-дынамічная сувязь кампазіцыі з гар. асяроддзем. Сярод пабудоў: віла Фарнезіна (1509—11) і Палацца Масіма але Калоне (1536) у Рыме, партал царквы Сан-Франчэска (1519) у Сіене, палац Фарнезе (1535) у Капрароле і інш. З 1520 кіраваў буд-вам сабора св. Пятра ў Рыме. Аўтар манум. размалёвак, якія вызначаюцца тонкім дэкаратывізмам, часам ілюзіяністычнымі эфектамі: фрэскі ў царкве Сант-Анофрыо (каля 1503), на віле Фарнезіна (з 1511), у капэле Панцэці царквы Санта-Марыя дэла Пачэ (1516—17) у Рыме, у царкве Фантэджуста (1528), на віле Белькара (1530) у Сіене і інш. Афармляў спектаклі і феерыі, паўплываў на развіццё перспектыўнай тэатр. дэкарацыі.

Б.Перуцы. Віла Фарнезіна ў Рыме. 1509—11.

т. 12, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕЙЖАДЫ́НЬЮ (Aleijadinho, літар. маленькі калека; сапр. Лісбоа Антоніу Франсіску, Lisbôa; 29.8.1730 або 1738, г. Віла-Рыка, Бразілія — 18.11.1814),

бразільскі скульптар і архітэктар; прадстаўнік позняга барока. Знявечаны праказай, працаваў, прымацоўваючы інструменты да пальчатак. Пабудаваў цэрквы Сан-Франсіску ў Ору-Прэту і ў Сан-Жуан-дэл-Рэй. Стварыў скульптуры 12 біблейскіх прарокаў і серыю драўляных паліхромных груп «Страсці Хрыстовы» ў царкве Бон-Жэзус-ды-Матазіньюс у Кангоньясе.

т. 1, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖОНС ((Jones) Ініга) (15.7.1573, Лондан — 21.6.1652),

англійскі архітэктар. Неаднаразова наведваў Італію, дзе вывучаў работы А.Паладыо (да яго трактата «Чатыры кнігі пра архітэктуру» выдаў каментарыі ў 1715) і Дж.Віньёлы. У 1615—43 гал. дазорац каралеўскіх будынкаў. Як адзін з буйнейшых прадстаўнікоў англ. паладыянства сцвярджаў у айч. архітэктуры прынцыпы класічнага дойлідства. Яго праект палаца Уайтхал у Лондане (1619—22; пабудавана Банкетная зала), віла каралевы («Куінсхаўс») у Грынвічы (1616—35) адметныя выразнасцю кампазіцыі і высакароднай прастатой формаў.

т. 6, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)