камета, адкрытая чэшскім астраномам Л.Когаўтакам на здымках неба ў 1973. Візуальна назіралася ў канцы 1973 — пач. 1974 (бляск у перыгеліі дасягнуў -3 візуальнай зорнай велічыні). Мела 3 хвасты, у т. л. 1 анамальны, накіраваны да Сонца. У К.к. выяўлены спектральныя лініі вады, зарэгістравана радыёвыпрамяненне малекул метылцыяну, цыяністага вадароду і этылавага спірту. К.к. рухаецца па гіпербалічнай арбіце і пакіне Сонечную сістэму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСЕ́Й (лац. Perseus),
сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Найб. яркія зоркі П. — α (Мірфак) і β (Альголь), 1,8 і 2,2—3,5 візуальнай зорнай велічыні; 90 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. Зорка β П. — адна з найб. вядомых зацьменных пераменных зорак. У П знаходзіцца візуальна бачнае падвойнае рассеянае зорнае скопішча χ і η Персея. На тэр. Беларусі відаць увесь год, акрамя позняй вясны. Гл.Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮМІНЕСЦЭ́НТНЫ АНА́ЛІЗ,
сукупнасць якасных і колькасных метадаў аналізу, заснаваных на назіранні люмінесцэнцыі. Пры гэтым рэгіструюць уласнае свячэнне атамаў або малекул, якія ўваходзяць у аб’ект, што даследуецца, або свячэнне спецыяльна ўведзенага люмінафору. Рэчыва ўзбуджаюць найчасцей ультрафіялетавым святлом і наглядаюць люмінесцэнцыю візуальна ці з дапамогай фатометраў.
Хімічны Л.а. заснаваны на характарыстычнасці свячэння кожнага рэчыва. Ім карыстаюцца для ідэнтыфікацыі рэчываў, вызначэння структуры малекул, кантролю чыстаты хім. прадукцыі, вызначэння канцэнтрацыі рэчываў і інш. Сартавы Л.а. дае магчымасць сартаваць шкло. насенне, раздзяляць разнародныя часцінкі, вызначаць шляхі перамяшчэння вадкасці (падземнае цячэнне, кровазварот), нябачныя надпісы, сляды бясколерных рэчываў (пры экспертызе). Люмінесцэнтныя мікраскапія і дэфектаскапія заснаваны на люмінесцэнцыі мікрачасцінак (пераважна біялагічных) у спец. мікраскопах і свячэнні люмінафораў у мікрарасколінах дэталей ці люмінафораў, якія прасачыліся праз парушэнні герметычнасці.
Літ.:
Люминесцентный анализ. М., 1961;
Божевольнов Е.А. Люминесцентный анализ неорганических веществ. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНІМА́ЛЬ-АРТ (англ. minimal art),
мінімальнае мастацтва, кірунак авангардызму. Узнік у 1960-я г. ў ЗША пад уплывам ідэй гештальтпсіхалогіі. Тэрмін «М.-а.» увёў у 1965 крытык Р.Вольхейм. Творы вызначаюцца звядзеннем трохмерных маст. форм да прасцейшых геам. аб’ёмаў буйных памераў, якія выконваюцца на заводах паводле эскіза мастака (вял. пластмасавыя ці метал. скрынкі, конусы, кубы, рашэцістыя структуры, роўна афарбаваныя прамавугольныя планшэты, лісты бляхі і інш.). Агляд вял. аб’екта з розных пунктаў абумоўлівае непарыўную зменлівасць ракурсаў, асвятлення, перспектыўных скарачэнняў і інш., у выніку геам. вобразы візуальна губляюць сваю ўстойлівую форму і ствараецца супярэчнасць паміж успрыняццем твора і рэальным пачуццёвым вопытам гледача. Падкрэсленая канструктыўнасць форм прызначана адвяргаць суб’ектыўныя асацыяцыі з канкрэтнымі рэчамі і вобразамі і ствараць вобраз арганізаванага, фармальна дакладнага свету, канструкцыю свядомасці, увасобленай у матэрыяле. Сярод прадстаўнікоў М.-а.: К.Андрэ, Р.Бладэн, Д.Джад, С.Ле Віт, Р.Морыс, Ф.Стэла, Д.Флейвін, Д.Юд і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ЙНЫЯ ЗО́РКІ,
зорная сістэма з 2 зорак, звязаных фізічна (фізічныя П.з.) ці размешчаных амаль на адным прамені назірання (аптычныя П.з.). Фіз. П.з. з прычыны ўзаемнага прыцяжэння рухаюцца па эліптычных арбітах вакол агульнага цэнтра мас.
Паводле ўмоў назірання фіз. П.з. падзяляюць на 4 групы. Візуальна-П.з. можна бачыць паасобна простым вокам ці ў тэлескоп, напр. зоркі Міцар і Алькор. Адлегласць паміж кампанентамі можа быць настолькі вялікая, што прыцяжэнне інш. зорак разбурае падвойную сістэму. Спектральна-П.з. выяўляюцца па зменах спектральных ліній (зрушэнне ці раздваенне) у іх спектрах. Зацьменна-П.з. (разнавіднасць спектральна-падвойных) бачныя як пераменныя: перыядычна трапляючы на адну лінію з праменем назірання, яны зацямняюць адна адну. Астраметрычныя П.з. — адна з кампанент вельмі малая і нябачная ў тэлескоп; выяўляецца па анамаліях у руху гал. кампаненты. Існуюць кратныя зорныя сістэмы (складаюцца з некалькіх зорак), напр.Кастар. Прыблізна 70% усіх зорак уваходзяць у склад падвойных ці кратных сістэм. Іх даследаванне мае важнае значэнне для высвятлення прыроды і эвалюцыі зорак.
Літ.:
Бэттен А. Двойные и кратные звезды: Пер. с англ.М., 1976;
Тесные двойные звездные системы и их эволюция. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСІ́ЦКІ (Лазар Маркавіч) (22.11.1890, г. Пачынак Смаленскай вобл., Расія — 30.12.1941),
расійскі архітэктар, мастак-канструктар, графік. Праф. (1921). Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе ў г. Дармштат (Германія; 1909—14) і Рыжскім політэхн. ін-це (у Маскве; 1915—16). Выкладаў у Вышэйшых нар.маст. школе ў Віцебску (1919—20), маст.-тэхн. майстэрнях (1921) і маст.-тэхн. ін-це (з 1926) у Маскве. У 1921—25 жыў у Германіі і Швейцарыі. Чл. груп «Стыль» і «Сцвярджальнікі новага мастацтва» (з 1921), Асацыяцыі новых архітэктараў. Вядомы пад псеўд. Эль Лісіцкі. Распрацоўваў праекты вышынных дамоў для Масквы (1923—25). У духу супрэматызму выканаў шэраг плакатаў («Клінам чырвоным бі белых», 1920), распрацоўваў праекты трансфармуемай мэблі (1928—29), новыя прынцыпы выставачнай экспазіцыі (сав. павільёны на замежных выстаўках 1925—34, Усесаюзная паліграф. выстаўка ў Маскве, 1927), вырашэння сцэн. прасторы для т-ра. У кніжным афармленні абгрунтоўваў метад візуальна-прасторавага канструявання кнігі, выкарыстоўваў сціплую арнаментыку, кантраст друкарскіх шрыфтоў, фотамантаж (зб-кі «Украінскія народныя казкі», 1919; «Маякоўскі. Для голасу», 1922). У Віцебску падрыхтаваў кн. «Пра два квадраты» (1922).
Літ.:
Э.Лисицкий: Художник, типограф, фотограф и архитектор. Л., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДАРЫ́С АПТЫ́ЧНЫ,
карціна, якая атрымліваецца ў выніку праходжання прамянёў святла, што ідуць ад аб’екта, праз аптычную сістэму (лінзы, прызмы, люстэркі і інш.) і аднаўляе яго контуры і дэталі. Утвараецца паводле законаў геаметрычнай оптыкі і з’яўляецца асновай зрокавага ўспрымання розных аб’ектаў на сятчатцы вока і іх утварэння на фотаплёнцы, кінаэкране, фотакатодзе і інш.
Адрозніваюць відарыс аптычны сапраўдны і ўяўны. Сапраўдны відарыс аптычны ўтвараецца збежнымі пучкамі прамянёў у пунктах іх перасячэння і можа назірацца візуальна, праектавацца на экран і фатаграфавацца. Калі прамяні, што выходзяць з аптычнай сістэмы, разыходзяцца, то ўяўны відарыс аптычны ўтвараецца ў пунктах перасячэння прадаўжэнняў гэтых прамянёў, што праведзены ў бок, процілеглы іх распаўсюджанню. Уяўны відарыс аптычны немагчыма атрымаць на экране ці сфатаграфаваць, аднак ён можа выконваць ролю аб’екта для інш. аптычнай сістэмы (напр., вока ці збіральнай лінзы), якая пераўтварае яго ў сапраўдны. Наяўнасць аберацый аптычных сістэм прыводзіць да ўтварэння аберацыйных плям, што выклікае афарбоўку відарыса аптычнага і парушае яго геам. падабенства з арыгіналам. У выніку таго, што на аб’ектывах, акулярах, дыяфрагмах і інш. аптычных дэталях адбываецца дыфракцыя святла, відарыс аптычны пункта ў ідэальных (безаберацыйных) сістэмах выглядае як складаная дыфракцыйная карціна, характарыстыкі якой залежаць ад раздзяляльнай здольнасці аптычных сістэм.
Літ.:
Слюсарев Г.Г. Методы расчета оптических систем. 2 изд. Л., 1969;
Марешаль А., Франсон М. Структура оптического изображения: Пер. с фр.М., 1964.
В.В.Валяўка.
Утварэнне відарысаў аптычных: а — уяўнага відарыса M′ пункта M у плоскім люстэрку; б уяўнага відарыса M′ пункта M і сапраўднага відарыса N′ пункта N ва ўвагнутым сферычным люстэрку; в — сапраўднага A′B′ і ўяўнага M′N′ відарысаў аб’ектаў AB і MN у збіральнай лінзе; i, j — вуглы падзення, а i′, j′ — вуглы адбіцця прамянёў святла; C — цэнтр сферы; F, F′ — фокусы лінзы.