ВЯСНЯ́НКІ

(Plecoptera),

атрад прымітыўных насякомых. Вядомы з пермскай эпохі. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераных шыротах Паўн. паўшар’я. Жывуць каля праточных вадаёмаў. У Віцебскай вобл. Зарэгістраваны 6 відаў, найчасцей трапляецца вяснянка шэрая (Nemura cinerea).

Цела даўж. да 30 мм, падоўжанае, мяккае, на заднім канцы 2 хваставыя ніткі. Галава з доўгімі вусікамі. У самак 2 пары празрыстых крылаў, пярэднія вузкія, заднія шырокія, у спакоі складваюцца веерападобна; у самцоў пакарочаныя або адсутнічаюць. Ротавы апарат грызучы, у дарослых рэдукаваны. Лятаюць ранняй вясной (адсюль назва). Ператварэнне няпоўнае. Лічынкі развіваюцца ў вадзе 1—4 гады, драпежныя. Дарослыя вяснянкі і іх лічынкі — корм для рыб.

т. 4, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНСА́МБЛЬ НАРО́ДНАГА ТА́НЦА РАСІ́І,

адзін з буйнейшых харэагр. калектываў Расіі. Створаны ў 1937 у Маскве, да 1991 наз. Ансамбль нар. танца СССР, з 1965 акадэмічны. Арганізатар і маст. кіраўнік І.Майсееў.

У рэпертуары танцы народаў свету, у т. л. бел. («Лявоніха», «Бульба», «Юрачка», «Янка»), канцэртныя мініяцюры, харэагр. сюіты, фалькл. цыклы («Партызаны», «Руская сюіта», малд. сюіта «Жок», укр. сюіта «Вяснянкі», «Карцінкі мінулага», «Танцы славянскіх народаў», «Па краінах свету», праграма «Дарога да танца» і інш.), што сталі ўзорамі ў галіне мастацтва нар. танца і з’яўляюцца вынікам зліцця самабытнай нар. творчасці з акад. асновай танца. Выступае ў суправаджэнні малога сімф. аркестра, у складзе якога трупа нар. інструментаў. Пры ансамблі працуе школа-студыя.

т. 1, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУКА́ННЕ ВЯСНЫ́,

старажытны язычніцкі абрад; першае па часе веснавое свята беларусаў. У асобных месцах пачыналася 1 сакавіка с. ст. (на хрысц. свята Аўдакею), усюды — з 25 сакавіка (на Дабравешчанне). Удзельнікі абраду выходзілі на высокае месца — пагорак, бераг ракі, дзе звычайна збіралася моладзь — раскладалі вогнішча (на Магілёўшчыне палілі ўсякае смецце — ачышчалі зямлю, на Гомельшчыне запаленае кола на плыце пускалі па рацэ — водгалас культу сонца), спявалі вяснянкі, вадзілі карагоды, якія выконвалі магічную функцыю («дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць»). Сляды аграрна-магічнай функцыі хлеба захаваліся ў печыве, якое рабілі ў выглядзе птушак (гл. Галёпы). Паступова абрад гукання вясны ператварыўся ў прыгожае свята, забаву моладзі і ў такім выглядзе дайшоў да нашых дзён.

Г.А.Барташэвіч.

т. 5, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)