РЫ́БНЫЯ ПРАДУ́КТЫ,

харчовыя, медыцынскія, кармавыя і тэхнічныя прадукты перапрацоўкі рыбы. Найб. важны харч. прадукт — мяса рыб (складае 35—69% ад масы рыбы), якое мае шмат паўнацэнных бялкоў (16—20%), поліненасычаных тлушчаў, вітамінаў E і групы B, мінер. рэчываў. У залежнасці ад колькасці тлушчаў у мясе рыба падзяляецца на катэгорыі: посная (тлушчаў да 2%), сярэдняй тлустасці (2—5%), тлустая (больш за 5%). Асн. віды прамысл. перапрацоўкі — замарожванне, вэнджанне, вяленне і кансерваванне. Да харч. Р.п. належаць таксама ганады (ікра, малокі), печань. Сыравіна для атрымання мед. Р.п. (тлушчы, вітамінныя прэпараты) — печань рыб сям. трасковых і інш. Кармавыя і тэхн. Р.п. (рыбная мука, рыбны клей, гуанін, жамчужны пат) атрымліваюць з адходаў перапрацоўкі рыбы (галовы, плаўнікі, луска, вантробы) і малакаштоўнай рыбы.

Т.​М.​Шаўцова.

Да арт. Рыбныя прадукты: паўфабрыкаты свежай рыбы.

т. 13, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСЕРВАВА́ННЕ.

1) К. харчовых прадуктаў — апрацоўка прадуктаў жывёльнага і расліннага паходжання з мэтай прадухілення іх ад псавання (гніення, браджэння) пры працяглым захоўванні.

Спосабы К. заснаваны на розных прыёмах знішчэння мікробаў і разбурэння ферментаў або стварэння неспрыяльных умоў для іх актыўнасці. Асн. спосабы К.: стэрылізацыя, пастэрызацыя, сушка, замарожванне харчовых прадуктаў, вэнджанне, выкарыстанне хім. сродкаў (марынаванне, засольванне), квашанне, вяленне, К. з дапамогай цукру. Распрацаваны таксама метады К. іанізавальным выпрамяненнем, токамі высокай частаты, апрацоўкай ультрафіялетавымі і інфрачырвонымі прамянямі і інш. 2) К. драўніны — глыбокае насычэнне антысептычнымі сродкамі драўляных элементаў пабудоў і збудаванняў, апор ЛЭП і ліній сувязі, руднічных стоек, шпал і інш. з мэтай іх доўгачасовай аховы ад разбурэння грыбамі (гніення), насякомымі і бактэрыямі. Робіцца пад ціскам ў аўтаклавах, метадам гарача-халодных ваннаў, дыфузіяй і інш. 3) К. шкур — апрацоўка іх кухоннай соллю або высушванне для засцярогі ад гніення.

т. 7, с. 590

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)