Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМІНА́РНАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,
упарадкаванае цячэнне вадкасці (або газу), пры якім яе рух адбываецца слаямі, паралельнымі напрамку цячэння. Назіраецца ў вязкіх вадкасцях, пры малых скарасцях цячэння, пры абцяканні цел малых памераў. З павелічэннем скорасці ў пэўны момант пераходзіць у неўпарадкаванае турбулентнае цячэнне. Тэарэтычна Л.ц. вывучаюцца з дапамогай ураўненняў Наўе—Стокса. Вязкае Л.ц. вадкасці ў трубе вызначаецца Пуазёйля законам.
т. 9, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗБУРЭ́ННЕ матэрыялаў, кінетычны працэс дэградацыі (пашкоджання) матэрыялаў, які працякае пад уздзеяннем нагрузкі і завяршаецца раздзяленнем аб’екта на часткі. Бывае Р. крохкае і вязкае (пры статычным нагружанні), стомленаснае (пры паўторна-пераменным — цыклічным нагружанні).
Крохкае Р. пры статычным расцяжэнні звычайна суправаджаецца вельмі малымі (раўнамернымі) пластычнымі дэфармацыямі, узнікае раптоўна і развіваецца практычна імгненна (звычайна шляхам адрыву). Вязкаму Р. пры статычным расцяжэнні папярэднічае вял. пластычная дэфармацыя, напр., у мяккай сталі на ўзоры ўтвараецца шыйка. Стомленаснае Р. метал. матэрыялаў пры паўторна-пераменным (цыклічным, выпадковым) нагружанні працяглы час развіваецца без прыкметнай макрапластычнай дэфармацыі і звычайна заканчваецца імгненным даломліваннем узору. Працякае шляхам развіцця стомленаснай шчыліны ў яго небяспечным сячэнні.
Л.А.Сасноўскі.
т. 13, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБАРАЧА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С,
фізічны працэс, які можа самаадвольна працякаць толькі ў адным пэўным напрамку. У адрозненне ад абарачальных працэсаў Н.п. выключае магчымасць вяртання тэрмадынамічнай сістэмы ў зыходны стан без якіх-н. істотных змен у навакольным асяроддзі. Усе Н.п. з’яўляюцца нераўнаважнымі працэсамі і з мікраскапічнага пункту гледжання вывучаюцца ў фіз. кінетыцы; тэрмадынаміка ўстанаўлівае для іх толькі няроўнасці, якія паказваюць магчымы напрамак працякання працэсу (гл. Другі закон тэрмадынамікі).
Да Н.п. адносяць дыфузію, цеплаправоднасць, вязкае цячэнне, хім. рэакцыі, рэлаксацыйныя і інш. працэсы, дзе адбываецца накіраваны прасторавы перанос рэчыва, энергіі, імпульсу, зараду. У замкнутых сістэмах Н.п. заўсёды суправаджаюцца ўзрастаннем энтрапіі (крытэрый неабарачальнасці; гл. Больцмана прынцып). У адкрытых сістэмах пры Н.п. энтрапія можа заставацца пастаяннай ці змяншацца за кошт абмену з навакольным асяроддзем, аднак ва ўсіх выпадках вытв-сць энтрапіі (яе ўзрастанне ў адзінку часу за кошт Н.п.) застаецца дадатнай.
П.С.Габец.
т. 11, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАНО́СУ З’Я́ВЫ, кінетычныя працэсы,
нераўнаважныя працэсы, у выніку якіх у фіз. сістэме адбываецца прасторавы перанос эл. зараду, масы, імпульсу, энергіі ці інш. фіз. велічыні. Тэарэт. аснова вывучэння П.з. — кінетыка фізічная. Найб. агульны падыход да апісання П.з. грунтуецца на тэрмадынаміцы нераўнаважных працэсаў.
Прычынай П.з. можа служыць аб’ёмная неаднароднасць шчыльнасці, т-ры, сярэдняй скорасці руху часціц сістэмы, уздзеянне знешняга эл. поля і інш. Ва ўсіх выпадках перанос адбываецца ў напрамку, адваротным градыенту адпаведнай велічыні. Да П.з. адносяць электраправоднасць (перанос эл. зараду пад уздзеяннем знешняга эл. поля), дыфузію (перанос рэчыва, у т. л. кампанентаў сумесі, пры наяўнасці ў сістэме градыента яго канцэнтрацыі), цеплаправоднасць (перанос цеплыні ў выніку градыента т-ры), вязкае цячэнне (перанос імпульсу, звязаны з градыентам сярэдняй масавай скорасці; гл. Вязкасць), а таксама тэрмадыфузію, гальванамагнітныя з’явы і тэрмамагнітныя з’явы, якія наз. перакрыжаванымі працэсамі (градыент адной фіз. велічыні выклікае перанос другой фіз. велічыні).
т. 12, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)