ЛО́БІК (Лявон Сцяпанавіч) (1871, в. Кукавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — сак. 1918),

бел. паэт і публіцыст. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Настаўнічаў. За ўдзел у рэвалюцыі 1905—07 сасланы на 3 гады ў Краснаярскі край. Пасля жыў у Пінску, потым на радзіме. З 1910 друкаваўся ў газ. «Наша ніва» (вершы, нататкі). Аўтар вершаваных апавяданняў «Залом у жыце» (1911), «Лекар-вядзьмар» і «Калядны вечар» (1912), якія вызначаюцца вострай сац. накіраванасцю, крытычным пафасам.

Тв.:

У кн.: Беларуская дакастрычніцкая паэзія. Мн., 1967.

Літ.:

Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984.

т. 9, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗМІ́НСКІС ((Kuzminskis) Іонас) (14.12.1906, с. Бяцігала Расейнскага р-на, Літва — 19.8.1985),

літоўскі графік. Нар. маст. Літвы (1960). Нар. маст. СССР (1965). Правадз. чл. АМ СССР (1975). Скончыў Каўнаскую маст. школу (1933). З 1944 выкладаў у Маст. ін-це Літвы (Вільнюс; з 1957 праф.). Майстар дрэварыту. Сцвярджаў нац. традыцыі ў сучаснай графіцы, творча пераасэнсоўваў нар. лубок. Творам уласцівы напружанасць танальных суадносін, экспрэсіўнасць штрыха: «Араты», «На працу» (абодва 1933), «Пастушкі з Дубісы» (1941), «Касцёл бернардзінцаў» (1944), «Вуліца Віта» (1946), цыкл паводле нар. песень («Ой ляціць, ляціць чарада лебедзяў», 1963; «Як на тым беразе цвілі тры ліпы», 1965; «На гары вербы гайдаліся», 1970; «Стаіць явар каля дарогі», 1971, і інш.). Аўтар ілюстрацый да аповесці В.​Крэве «Вядзьмар» (1980) і інш. Дзярж. прэмія Літвы 1967.

Я.​Ф.​Шунейка.

І.Кузмінскіс. «Як на тым беразе цвілі тры ліпы». Па матывах літоўскіх народных песень. 1965.

т. 8, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭВЕ́ (Krévé; сапр. Міцкявічус) Вінцас

(19.10.1882, в. Субартоніс Варэнскага р-на, Літва — 7.7.1954),

літоўскі пісьменнік, фалькларыст. У 1904—08 вучыўся ў Львоўскім і Кіеўскім ун-тах. У 1922—40 праф. Каўнаскага ун-та. У 1940 нам. прэм’ер-міністра і міністр замежных спраў Нар. ўрада Літвы. У 1941 прэзідэнт АН Літвы. З 1944 жыў у Аўстрыі, ЗША. Друкаваўся з 1909. У літ. легендах «Паданні Дайнаўскай даўніны» (1912), гіст. драмах «Шарунас» (1911), «Скіргайла» (паст. 1924) адлюстраваў гіст. мінулае літ. народа, у кн. апавяданняў «Пад саламяным дахам», драм. аповесці «Зяць» (абедзве 1922), аповесці «Вядзьмар» (1939) — вясковы побыт, непарыўную сувязь чалавека і прыроды. Яго творы спалучаюць рамантычнасць і экзатычнасць, фалькл. стылізацыю і інтэрпрэтацыю біблейскіх сюжэтаў з элементамі крытычнага рэалізму, псіхал. і побытавай дакладнасцю. Збіраў і публікаваў літ. фальклор. Выкарыстоўваў матывы інд. і перс. легенд («Усходнія казкі», 1930). На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.​Кенька.

Тв.:

Рус. пер. — Колдун: Рассказы и повесть. М., 1963.

т. 8, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЖЭ́ЧНІКАЎ (Іван Іванавіч) (25.9.1792, г. Каломна Маскоўскай вобл. — 8.7.1869),

рускі пісьменнік. Удзельнік Айч. вайны 1812 і замежных паходаў рус. арміі 1813—15. У 1820—37 (з перапынкамі) дырэктар навуч. устаноў Пензенскай, Казанскай, Цвярской губ. З 1843 віцэ-губернатар у Цверы, у 1853—54 — у Віцебску. У 1856—58 цэнзар у Пецярбургу. З 1858 у Маскве. Друкаваўся з 1807. Адзін з пачынальнікаў рус. гіст. рамана («Апошні Навік», ч. 1—4, 1831—33; рамантызаваная версія першых перамог Расіі ў Паўн. вайне 1700—21). Лепшы гіст. раман — «Ледзяны дом» (1835), у якім праўдзіва ўзнавіў эпоху царавання Ганны Іванаўны і «біронаўшчыны». Суровы каларыт часоў стварэння цэнтралізаванай Маскоўскай дзяржавы ў 15 ст. апісаў у рамане «Басурман» (1838). Пісаў вершаваныя трагедыі («Апрычнік», нап. 1842, забаронена цэнзурай, выд. 1859; паводле яе аднайм. опера П.​Чайкоўскага), вадэвілі. Аўтар раманаў «Вядзьмар на Сухаравай вежы» (1840, незавершаны), «Няшмат гадоў таму» (ч. 1—4, 1862), «Унучка панцырнага баярына» (1868; напісаны па матэрыялах, сабраных ім у Віцебску, дзе з кансерватыўных пазіцый паказана паўстанне 1863—64), мемуарнай аповесці «Беленькія, чорненькія і шэранькія» (1856), нарысаў-успамінаў пра А.​Пушкіна, В.​Бялінскага, вайну 1812. У «Паходных запісках рускага афіцэра» (1820) акрамя сваіх ваен. уражанняў змясціў запісы пра бел. гарады. Эпісталярная спадчына часоў службы ў Віцебску адлюстроўвае спачувальнае стаўленне аўтара да бел. сялян.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. Можайск, 1994.

Літ.:

Петров С.М. Русский исторический роман XIX в. 2 изд. М., 1984. С. 95—142;

Воробьева Т. Лажечников в Витебске // Неман. 1970. № 9;

Симанович Д. Сквозь даль времен. Мн., 1984.

Л.​В.​Календа.

т. 9, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́БЕЛЕЎ (Эдуард Марцінавіч) (н. 8.12.1935, Мінск),

бел. пісьменнік. Засл. дз. культуры Беларусі (1996). Скончыў Маскоўскі ін-т міжнар. адносін (1959). З 1959 у пасольстве СССР у Швейцарыі, з 1961 у Мін-ве замежных спраў Беларусі, з 1966 у апараце ЦК КПБ. З 1991 нам. дырэктара міжнар. цэнтра Акадэміі кіравання пры СМ Рэспублікі Беларусь, з 1994 у Бел. ін-це інфармацыі і прагнозу пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з 1996 гал. рэдактар «Информационного бюллетеня Администрации Президента Республики Беларусь». Друкуецца з 1964. Піша на рус. мове. Вершы з паэт. зб-каў «Дарога» (1969), «Кроплі дажджу» (1973), «Вячэрнія цені» (1977), «Мой дом» (1988), «Славянские сутры» (1996) і інш. вызначаюцца афарыстычнасцю і філасафічнасцю. У празаічных творах звяртаецца да гіст. (раманы «Міраслаў — князь Дрыгавіцкі», 1979; «Сведка», 1987, і інш.) і сучаснай маральна-этычнай праблематыкі (раманы «Крокі за тваёй сцяной», 1971; «Катастрофа», 1984; «Уцякач», 1989). У прагнастычна-філас. рамане «Скачок д’ябла» (2001) паказана асн. праблематыка сучаснага грамадства, супрацьстаянне стваральнікаў нац. духоўнасці і яе разбуральнікаў. Аўтар вершаваных драм пра С.​Буднага, Сімяона Полацкага, К.​Лышчынскага, Ф.​Скарыну. К.​Каліноўскага, Я.​Купалу, Дзмітрыя Данскога, Дж.​Бруна, Сакрата і інш., публіцыстычных і літ.-крытычных артыкулаў. Піша для дзяцей: «Прыгоды Арбузіка і Бябешкі» (1983, экранізавана пад наз. «Падарожжа ў краіну пачвар»), «Хлапчукі купілі востраў» (1989), «Уладар часу» (1992), «Чорны вядзьмар» (2000) і інш. Перакладае на рус. мову вершы бел. паэтаў. Некат. яго вершы пакладзены на музыку. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

Маятник надежды: Роман. Мн., 1978;

Выпускники: Повесть. Мн., 1984;

Фигуры: Драмы Мн., 1986;

Исцеление: Стихи. М., 1989;

Гефсиманский сад: Роман. Мн., 1993;

Узелки на память: Заметки о лит. мастерстве. Мн., 1997;

Сыны Отечества: Ист. драмы. Мн., 1999;

Венки сонетов. Мн., 2001;

Государь мой, куда Вы спешите?: Афоризмы и суждения. Мн., 2001.

т. 14, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)