ГАРАДСКІ́ ВЫЯЎЛЕ́НЧЫ ФАЛЬКЛО́Р,

від народнай творчасці, які развіваецца ў рэчышчы мастацтва прымітывізму. Генетычна звязаны з сял. творчасцю, сістэмай нар. выяўленчага і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Выразна выявіўся ў 2-й пал. 18 ст., калі завяршалася дыферэнцыяцыя на прафес. і нар. мастацтва, на сял. і гар. культуру. Як самаст. галіна развіваўся ў 19 — пач. 20 ст. (рускі мяшчанскі, купецкі партрэт). Яго стваральнікі — гар. і прыгонныя дваровыя мастакі, рамеснікі, дробныя гандляры, купцы і інш., найчасцей — самавукі, дылетанты, аматары, былі і прафес. рамеснікі, выхаванцы правінцыяльных маст. школ. Існавалі розныя спосабы і формы выяўлення: станковыя, камерныя (лубок, безыменныя мяшчанскія партрэты), манум.-дэкар. (размалёўка інтэр’ераў шынкоў і корчмаў, шыльды і вітрыны крам, жывапіс на плоце і інш.), тэатр.-дэкарацыйныя (антураж правінцыяльных фотастудый, афішы, дэкарацыі ў балаганах, цырках, батлейках і інш.). Адметныя рысы: рэпрэзентатыўнасць, дэмакратызм, стыхійны рэалізм і непасрэднасць выяўл. мовы, свежасць светаўспрымання, плоскаснасць формаў, перавага стракатых фарбаў, святочныя інтанацыі, гумар і інш. У гарадскім выяўленчым фальклоры відавочны і адбітак маст. кірункаў (класіцызм, рамантызм, рэалізм, мадэрн і інш.). Многія віды традыц. нар. мастацтва істотна паўплывалі і ўзбагацілі яго. На пачатку творчасці многія мастакі 19—20 ст. зазналі ўплыў гарадскога выяўленчага фальклору, сярод іх М.Шагал, М.Ларыёнаў, Н.Ганчарова, А.Шаўчэнка, У.Лебедзеў, І.Машкоў і інш. чл. аб’яднання «Бубновы валет», а таксама інш. жывапісцы, графікі.

Літ.:

Островский Г.С. О городском изобразительном фольклоре // Сов. искусствознание, 74. М., 1975.

М.Л.Цыбульскі.

т. 5, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЭЛЬЕ́Ф

(франц. bas-relief літар. нізкі рэльеф),

від рэльефнай скульптуры, дзе пукатая частка выявы выступае над плоскасцю фону не больш як на палову свайго аб’ёму. Барэльеф (выяўленчы і арнаментальны) — пашыраны від аздаблення архітэктурных збудаванняў і твораў дэкар. мастацтва. Часам барэльефы ўпрыгожваюць пастаменты помнікаў, стэлы, мемар. дошкі, манеты, медалі, гемы.

На Беларусі вядомы з даўніх часоў. У барэльефе выкананы віслыя пячаткі, каменныя і драўляныя абразкі («Канстанцін і Алена», 12 ст.; «Премудрость созда себе храм. Праздники» Ананія, 15—16 ст.); выявы евангелістаў на Віцебскіх царскіх варотах, у Міхайлаўскім касцёле ў в.Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., М.К.Радзівіла Сіроткі ў надмагіллі (17 ст., фарны касцёл у Нясвіжы). Развіццё барэльефу ў 19 — пач. 20 ст. звязана з імёнамі скульптараў В.Смакоўскага, К.Ельскага, К.Барычэўскага, Р.Слізеня, І.Цэйзіка і інш. Барэльефныя выявы часам уключаюць у мемар. помнікі (Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, 1969, А.Бембель; помнік воінам і партызанам на воз. Нарач у Мядзельскім раёне, 1968, Б.Маркаў, Я.Печкін; стэла з мемар. комплексу Рыленкі, 1973, М.Рыжанкоў; помнік І.Буйніцкаму ў в. Празарокі Глыбоцкага р-на, 1976, І.Міско, і інш.). Барэльефы ствараюць самадзейныя разьбяры па дрэве: І.Лук, А.Пупко, Дз.Сталяроў.

А.К.Лявонава.

т. 2, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)