умацаванае на дрэўку ці шнуры палотнішча з надпісамі, упрыгожаннямі, эмблемамі, якое з’яўляецца афіц. знакам (сімвалам) дзяржавы, арганізацый, устаноў, у т. л.міжнар., а таксама караблёў, службовых асоб і інш. Тэрмін «Ф.» шырока ўжываецца ў словазлучэннях у пераносным значэнні і азначае: прызнаць сябе пераможаным, не дасягнуць мэты (напр., выкінуць белы флаг); выступіць пад якім-н. флагам — у імя якой-н. ідэі, справы. Гл. таксама Вымпел, Сцяг, Сцяг воінскі, Сцяг дзяржаўны Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКША́НСКІ Юльян (1824, б. маёнтак Тупальшчына, Смаргонскі р-н Гродзенскай вобласці — 4.4.1863),
удзельнік нац.-вызв. руху, публіцыст. У час вучобы ў Віленскай гімназіі ўстанавіў сувязь з тайнымі студэнцкімі гурткамі. У 1842 за хаванне забароненай л-ры сасланы ў Разанскую губ. У 1846 вярнуўся на радзіму. Аўтар «Адозвы да смаргонскіх сялян» (1847), у якой заклікаў сялян выступіць супраць памешчыкаў. Арыштаваны і засуджаны на 12 гадоў катаргі, якую адбываў да 1858 у Нерчынску. Удзельнік паўстання 1863—64, на радзіме арганізаваў і ўзначаліў атрад паўстанцаў. Загінуў у сутычцы з урадавымі войскамі. У в. Плябань Маладзечанскага р-на на магіле помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ГУАШСКІ РУХ,
міжнародны рух вучоных за мір, ядз. раззбраенне і навук. супрацоўніцтва ўсіх краін. Каля яго вытокаў стаялі вядомыя вучоныя, у т. л. А.Эйнштэйн, Ф.Жаліо-Кюры, Б.Расел і інш., якія ў 1955-заклікалі вучоных усіх краін выступіць супраць выкарыстання ядз. энергіі ў ваен. мэтах. У ліп. 1957 у канадскім г. Пагуаш (адсюль назва) адбылася 1-я Пагуашская канферэнцыя. Тады ж быў утвораны пастаянны Пагуашскі к-т са штаб-кватэрай у Лондане. З таго часу рэгулярна праводзяцца канферэнцыі П.р., на якіх абмяркоўваюцца пытанні захавання міру і ролі ў гэтым вучоных. Нобелеўская прэмія міру 1995 (разам з Дж.Ротблатам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАНСКІ ДАГАВО́Р 1915,
сакрэтнае пагадненне паміж Вялікабрытаніяй, Расіяй і Францыяй з аднаго боку і Італіяй з другога. Падпісана 26 крас. ў Лондане. Вызначаў умовы ўступлення Італіі, якая раней уваходзіла ў Траісты саюз, у 1-ю сусв. вайну 1914—18 на баку Антанты. Паводле дагавора Італія абавязалася не пазней чым праз месяц аб’явіць вайну Аўстра-Венгрыі і выступіць (без вызначэння дакладнага тэрміну) супраць «усіх... ворагаў» Антанты. У абмен на такую згоду Італіі дэкларавалася перадача некаторых тэрыторый у Адрыятычным і Эгейскім морах, М. Азіі, Афрыцы і інш. Пасля заканчэння вайны на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 Італія дамагалася поўнага выканання ўмоў Л.д., але саюзнікі адхілілі многія яе прэтэнзіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ПАЎСТА́НЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ 1863,
арганізацыя па падрыхтоўцы і кіраўніцтву паўстаннем 1863—64 у Мінску і Мінскай губ. На першым этапе гал. ролю ў ёй адыгрывалі «чырвоныя»: А.Трусаў, І.Козел, К.Марцінкевіч і інш.; у Навагрудскім пав. — У.Борзабагаты і В.Клімовіч, у Барысаўскім — М.Цюндзявіцкі. Арг-цыя паступова набыла характар сістэмы губ., гар. і пав. органаў з падзелам на цывільныя і ваенныя. Вясной 1863, з далучэннем да паўстання партыі «белых», многія важныя пасады апынуліся ў руках памяркоўных элементаў, звязаных з памешчыкамі. Асн.ваен. сілу ў арг-цыі складалі «чырвоныя», што дазволіла паўстанцкім атрадам у крас. 1863 арганізавана выступіць супраць царызму. З лета 1863 паўстанцкім губ. камісарам стаў доктар М.Аскерка. Увосень 1863 К.Каліноўскі паслаў у Мінск свайго памочніка І.Яманта, які разам з Аскеркам і К.Пялікшам (губ. цывільны начальнік) рэарганізаваў арг-цыю. Разгромлена царскімі ўладамі ў пач. 1864.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫЛЬЗІ́ЦКІ МІР 1807,
мірны дагавор паміж Расіяй і Францыяй, які завяршыў руска-пруска-французскую вайну 1806—07. Падпісаны 7 ліп. ў г. Тыльзіт (цяпер г. Савецк Калінінградскай вобл. Расіі) у выніку асабістых перагавораў паміж імператарамі Аляксандрам I і Напалеонам I. Паводле Т.м. Прусія страчвала амаль палавіну сваёй тэрыторыі: на адабраных у яе землях утвараліся Вестфальскае каралеўства і Варшаўскае герцагства; Беластоцкая вобласць адыходзіла да Расіі; Данцыг (цяпер Гданьск) абвяшчаўся вольным горадам. Расія абавязвалася спыніць вайну з Турцыяй і пасрэднічаць у мірных перагаворах паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй. Францыя абавязвалася выступіць пасрэднікам паміж Расіяй і Турцыяй. Расія далучалася да накіраванай супраць Вялікабрытаніі кантынентальнай блакады і прызнавала суверэнітэт Францыі над Іанічнымі астравамі, абавязвалася вывесці войскі з Дунайскіх княстваў. Т.м. ускладніў міжнар. і эканам. становішча Расіі, выклікаў руска-англійскую вайну на моры 1807—12. Дзейнічаў да вайны 1812.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АВІ́ЗЫ ГРОДЗЕ́НЬСКЕ»
(«Awizy grodzieńskie», «Гродзенскія весці»),
першы інфармацыйны бюлетэнь на Беларусі. Пачаў выдавацца ў 1678 у час пасяджэнняў у Гродне сеймаў Рэчы Паспалітай. Выходзіў на польск. мове. У Ягелонскай б-цы ў Кракаве захаваўся 1 нумар «А.г.» за 13.12.1698 (фармат 13,5×20 см, 1 аркуш, друк двухбаковы). У ім паведамляецца пра падзеі феад. вайны 1697—1702 у ВКЛ; пра тое, што кароль адправіў з Брэста ў Гродна свайго ўпаўнаважанага, які 21.11.1698 склікаў сенатараў на раду, дзе яны абмеркавалі пазіцыю магнацкага роду Сапегаў, што проціпаставілі сябе інш. шляхце ВКЛ, а кароль праз сваіх пасланцоў і ўплывовых асоб жадаў загладзіць гэту справу. Паведамляецца таксама, што ў час паспалітага рушэння шляхты віцебскі кашталян М.Коцел стаў з войскам пад мяст. Жалудок, а харунжы ВКЛ Р.А.Агінскі — пад в. Стаклішкі; супраць яго былі гатовы выступіць некалькі харугваў з Троцкага ваяв.; што 21.11.1698 арганізавана ген. кола войска ВКЛ, з якога пасланы дэлегаты да караля, каб засведчыць сваё вернападданства. Паведамляецца, што ням. войска (саксонскія атрады караля) падышло да Гродна і затрымаецца там на зіму. Таксама выкладзены інш. падзеі. Невядома, да якога года выдаваўся, колькі нумароў «А.г.» выйшла ў свет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІ БОЙ 1812 Адбыўся 27.7.1812 у г. Кобрын і яго наваколлі паміж рус. дывізіямі К.В.Ламберта і Я.І.Чапліца і атрадам саксонскага корпуса Ж.Л.Рэнье ў вайну 1812. Камандуючы 3-й Зах. арміяй А.П.Тармасаў атрымаў заданне выступіць на Брэст, Кобрын і Пружаны і дзейнічаць у тыле франц. арміі, 17 ліп. ён загадаў Ламберту і А.Р.Шчарбатаву рухацца на Брэст, а потым павярнуць на Кобрын, куды з Ковеля павінны былі падысці асн. сілы арміі. Каб адцягнуць частку саксонскіх войск ад Кобрына, асобы атрад ген. А.П.Мелісіна павінен быў рухацца да Пінска. 25 ліп. атрад Шчарбатава заняў Брэст, злучыўся з дывізіяй Ламберта, і раніцай 27 ліп. яны падышлі да Кобрына. Пасля падыходу перадавога атрада 3-й арміі на чале з Чапліцам пачаўся агульны штурм Кобрына. У выніку 9-гадзіннага бою саксонцы адступілі з горада і здаліся. Было забіта каля 2 тыс. саксонцаў, узяты ў палон 2 генералы, 76 афіцэраў, 2382 чал. ніжніх чыноў; страты рускіх склалі 77 чал. забітымі і 182 параненымі. К.б. быў першай перамогай рус. войск з пачатку вайны. У выніку французы павінны былі трымаць супраць арміі Тармасава значныя сілы, што адмоўна паўплывала на армію Напалеона ў час яе адступлення ад Масквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́БЕЛЕЎСКІЯ ПРЭ́МІІ,
прэстыжныя міжнар. ўзнагароды. названыя ў гонар іх заснавальніка А.Б.Нобеля. Прысуджаюцца штогод з 1901 са сродкаў Нобелеўскага фонду за дасягненні ў галіне фізікі, хіміі, медыцыны і фізіялогіі, л-ры, дзейнасць па ўмацаванні міру, з 1969 і па эканоміцы. Паводле завяшчання Нобеля. прысуджэнне прэмій ускладзена на Каралеўскую Швед.АН (па фізіцы і хіміі), Каралінскі медыка-хірург.ін-т у Стакгольме (па фізіялогіі і медыцыне), Швед. акадэмію ў Стакгольме (па л-ры) і спец.к-т з 5 чал.нарв. парламента (прэміі міру). У 1969 у сувязі са сваім 300-годдзем Швед.дзярж. банк заснаваў таксама штогадовую прэмію памяці Нобеля па эканоміцы. Н.п. складаюцца з залатога медаля з выявай А.Нобеля, дыплома і чэка на вызначаную Нобелеўскім фондам грашовую суму (у 1996 памер прэміі дасягнуў 7,4 млн.швед. крон). Урачыстая цырымонія ўручэння Н.п. адбываецца ў дзень смерці Нобеля (10 снеж.); іх, як правіла, уручаюць нарв. кароль у Осла (прэміі міру) і швед. кароль у Стакгольме (астатнія прэміі). Лаўрэаты абавязаны на працягу 6 месяцаў пасля атрымання прэміі выступіць з т.зв. Нобелеўскай лекцыяй (папулярная лекцыя па тэматыцы сваёй працы) у Стакгольме або Осла. Н.п., як правіла, не прысуджаюцца двойчы і пасмяротна. У 1901—91 іх атрымалі больш за 600 чал.
Літ.:
Лалаянц И.Э., Милованова Л.С. Нобелевские премии по медицине и физиологии. М., 1991;
Сульман Р. Завещание Альфреда Нобеля: История Нобелевских премий: Пер. с англ.М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАНВІ́ЗІН Дзяніс Іванавіч (14.4.1744 або 1745, Масква — 12.12.1792),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1761—62). Служыў у Калегіі замежных спраў. Літ. дзейнасць пачаў у 1761 перакладамі з зах.-еўрап. моў і сатыр. мініяцюрамі. Перарабіў сентыментальную драму Ж.Б.Грасэ «Сідней» у камедыю «Карыён» (паст. 1764). У сацыяльна-быт. камедыі «Брыгадзір» (паст. 1770) высмеяў нізкапаклонства дваран перад франц. культурай. У 1781 напісаў камедыю «Недаростак» — з’едлівую сатыру на прыгонніцтва. Актуальнасць праблематыкі, выключнае майстэрства характарыстыкі персанажаў, жыццёвасць калізій забяспечылі поспех п’есы. Асветнік па светабачанні, дэмакрат па перакананнях, Ф. выступаў за паступовае вызваленне сялян, за законнасць і канстытуцыйную манархію. Пасля апублікавання арт. «Некалькі пытанняў, што могуць выклікаць у разумных сумленных людзей асаблівую ўвагу» спробы Ф. выступіць у друку спыняліся Кацярынай II. Аповесць «Калісфен» выйшла ананімна. Упершыню Ф. наведаў Беларусь у 1777 праездам у Парыж. У лістах з дарогі апісаў Мінск, Оршу, Стоўбцы, Мір, Слонім і інш. Яму належала в. Лісна (Верхнядзвінскі р-н), дзе працаваў над апошняй сваёй камедыяй «Выбар гувернёра». Камедыю «Недаростак» у пач. 20 ст. ставілі прафес. і аматарскія калектывы Беларусі, у 1930-я г. — Польскі дзярж. вандроўны тэатр БССР. На бел. мову яе пераклаў К.Крапіва (1933; паст. БДТ-І, 1933), што падштурхнула яго да творчасці ў жанры драматургіі. К.Крапіва сярод інш. называе Ф. сваім настаўнікам. Бел. драматургі вучыліся ў Ф. майстэрству моўнай характарыстыкі персанажаў.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—2. М.; Л., 1959;
Бел.пер. — Недарасль. Мн., 1947.
Літ.:
Благой Д.Д., Д.И.Фонвизин. М., 1945;
Кулакова Л.И. Д.И.Фонвизин. М.; Л., 1966;
Букчин С. Судебное дело Дениса Фонвизина // Букчин С. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984;
Сцяпанаў С. Фанвізін на Беларусі // Беларусь. 1955. №1;
Шпадарук І. На зямлі беларускай... // ЛіМ. 1975. 8 жн.