Выснова, гл. Розумазаключэнне

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЖЫ ((Morzy) Юзаф) (н. 10.8.1921, в. Лопуш Падляскага ваяв., Польшча),

польскі гісторык. Д-р гіст. н. (1962). Скончыў Маскоўскі ун-т (1955). Да 1991 працаваў ва Ун-це імя А.​Міцкевіча ў Познані, дацэнт (1968). Вывучае гісторыю ВКЛ і Расіі. Аўтар манаграфіі «Дэмаграфічны крызіс у Літве і Беларусі ў II палове XVII ст.» (1965; бел. пераклад фрагментаў у час. «Спадчына», 1992, №5), дзе на падставе шматлікіх крыніц зроблена выснова пра значнае (да 50%) скарачэнне насельніцтва ВКЛ у час войнаў 1648—67.

т. 10, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВАРО́ТНАЯ ТЭАРЭ́МА,

тэарэма, умовай якой з’яўляецца выснова зыходнай (прамой) тэарэмы, а высновай — умова. Прамая і адваротная тэарэма — узаемна адваротныя. З іх праўдзівасці вынікае, што выкананне ўмовы адной з іх не толькі дастаткова, але і неабходна для праўдзівасці высновы, напр., тэарэмы: «калі 2 вуглы трохвугольніка роўныя, то іх бісектрысы роўныя» і «калі 2 бісектрысы трохвугольніка роўныя, то адпаведныя ім вуглы роўныя», — узаемна адваротныя і абедзве праўдзівыя. З праўдзівасці якой-н. тэарэмы не вынікае праўдзівасць адваротнай тэарэмы да яе, напр., тэарэма: «калі лік дзеліцца на 6, то ён дзеліцца на 3» — праўдзівая, а адваротная тэарэма: «калі лік дзеліцца на 3, то ён дзеліцца на 6» — непраўдзівая.

т. 1, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́ЦГЕН ((Dietzgen) Іосіф) (9.12.1828, г. Бланкенбург, Германія — 15.4.1888),

нямецкі філосаф. Самастойна авалодаў асновамі філас. навукі і развіваў матэрыяліст. дыялектыку. Знаходзіўся пад уплывам ідэй Л.​Феербаха, К.​Маркса і Ф.​Энгельса. Жыў і працаваў у Германіі, Расіі і ЗША. Асн. працы «Сутнасць галаўной работы чалавека» (1869), «Экскурсія сацыяліста ў галіну тэорыі пазнання» (1887), «Аквізіт філасофіі» (1895) і інш. прысвечаны гнасеалогіі, якую Д. лічыў тэарэт. падставай даследавання сац.-эканам. праблем. Цэнтр. месца ў яго філас. поглядах займае выснова, што мысліцельная здольнасць чалавека з’яўляецца прыроднай функцыяй яго мозга. Вывучаў таксама формы, ступені і супярэчнасці працэсу пазнання, магчымасці адлюстравання бясконцага універсуму ў формах адноснай і канкрэтнай ісціны.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. философские сочинения. М., 1941.

В.​І.​Боўш.

т. 6, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭІДЭАЛАГІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + ідэалогія),

1) плынь у зах. грамадска-паліт. і філас. думцы 2-й пал. 20 ст. Узнікла на глебе адмаўлення ідэалагізаваных форм інтэрпрэтацыі сучасных грамадска-гіст. працэсаў, сцвярджэння непрыдатнасці ідэалогіі ў якасці сродку пазнання грамадства. Тэарэт. падставай Д. сталі погляды ням. сацыёлага К.Мангейма аб супрацьпастаўленні навукі і ідэалогіі, дзе апошняя траціць права на валоданне навук. ісцінай. У 1950—60-я г. ў працах Р.Арона, Д.Бела, К.Попера і інш. Д. набыла рысы паліт. канцэпцыі. На падставе паляпшэння матэрыяльных умоў жыцця ў высокаразвітых краінах Захаду абвешчана выснова пра «згасанне» ў гэтых краінах класавай барацьбы і паступовае знікненне саміх класаў. Канцэнтраваным увасабленнем канцэпцыі Д. лічыцца палажэнне аб «канцы веку ідэалогіі», якое дапаўняе тэорыі індустрыяльнага грамадства і постіндустрыяльнага грамадства. Паводле гэтых тэорый, змены тыпу грамадскай арг-цыі пад уплывам навук.-тэхн. рэвалюцыі, становішча класаў, сац. груп і нацый вядуць да стварэння «новага светапогляду», які абапіраецца выключна на «факты навукі» і адмаўляе навук. вартасць і значэнне абстрактна-тэарэт. ідэй.

2) У шырокім сэнсе Д. — незалежнасць ад уплыву пэўных ідэалаг. прынцыпаў.

В.​І.​Боўш.

т. 6, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)