ІНКУБА́ЦЫЯ (ад лац. incubatio выседжванне яец),

1) час развіцця зародка ў яйцы.

2) Штучнае вывядзенне маладняку с.-г. птушкі з яец у інкубатарах, гусеніц з грэны тутавага шаўкапрада ў спец. будынках (інкубаторыях), моладзі рыб з аплодненай ікры ў вадаёмах або рыбаводных (інкубацыйных) апаратах. Пры штучнай І. ствараецца спец. рэжым (т-ра, вільготнасць паветра, асвятленне, вентыляцыя), спрыяльны для развіцця зародка. У птушкагадоўлі вядома з глыбокай старажытнасці, практычна выкарыстоўваюць з канца 19 ст. 3) Скрытае, без знешніх праяўленняў размнажэнне і развіццё ў арганізме хваробатворных мікраарганізмаў; час гэтага працэсу да з’яўлення першых знешніх сімптомаў захворвання наз. інкубацыйным, ці латэнтным, перыядам.

т. 7, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЛАКТЫ́Н, пралакцін

[ад лац. pro для + lac (lactis) малако],

лактагенны гармон,

гармон пазваночных жывёл і чалавека, які выпрацоўваецца клеткамі пярэдняй ч. адэнагіпофіза. Паводле хім. прыроды — бялок, мае 198 амінакіслотных астаткаў, структурна блізкі да гармону росту і плацэнтарнага лактагеннага гармону. У млекакормячых жывёл стымулюе развіццё малочных залоз, лактацыю, рост унутр. органаў, праяўленне мацярынскага інстынкту; у пацукоў і мышэй уплывае на функцыянаванне жоўтага цела яечнікаў (адсюль больш ранняя назва П. — лютэатропны гармон). У птушак рэгулюе сакрэцыю малачка клеткамі валляка, стымулюе абмен тлушчу, рост пер’я, унутр. органаў, выседжванне яец, выкормліванне патомства. У ніжэйшых пазваночных П. кантралюе осмарэгуляцыю, водна-салявы абмен, пігментацыю скуры, міграцыю ў перыяд размнажэння. Сакрэцыя П. рэгулюецца гіпаталамічнымі рылізінг-гармонамі, эстрагенамі і інш.

С.​С.​Ермакова.

т. 12, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)