КІРЫ́ЛА КАЖАМЯ́КА, Курыла Кажамяка, Мікіта Кажамяка,

вобраз чарадзейных усх.-слав. казак і паданняў; асілак, пераможца змея. У казках пра К.К. зліліся матывы міжнар. казачнага сюжэта і мясц. падання Кіеўскай Русі, якое сустракаецца ў «Аповесці мінулых гадоў», «Ніканаўскім летапісе» і інш. Паводле гэтага падання, юны Кажамяка, які можа разарваць сырамятную шкуру, вырваць у быка на бягу кавалак шкуры, перамагае волата-печанега і вырашае перамогу на карысць Русі. У заключным эпізодзе некаторых казак пра К.К. асілак запрог змея ў вялікі плуг і ўзараў глыбокую баразну (аж да самага мора). Сюжэт пра К.К. мае шмат агульнага з польск. паданнем пра змеяборца Крака і з сербскай эпічнай песняй пра змеяборца Дойчына.

Л.​Р.​Бараг.

т. 8, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МИ́НСКОЕ СЛО́ВО»,

штодзённая грамадска-паліт. газета вялікадзяржаўна-шавіністычнага кірунку. Выдавалася з 4(17).11.1906 да 15(28).6.1912 у Мінску на рус. мове. Працягвала праграму газет «Белорусский вестник» і «Минская речь». Мела падтрымку Мін-ва ўнутр. спраў і асабіста П.​А.​Сталыпіна. Выступала супраць раўнапраўя народаў Рас. імперыі, імкнулася дыскрэдытаваць бел. нац. адраджэнне, бел. друк, адмаўляла нац. і этнакульт. самастойнасць беларусаў, раіла выкрасліць назвы Беларусь і беларусы. Абражала бел. пісьменнікаў (Я.​Купалу, Я.​Коласа, Ф.​Багушэвіча, Цётку і інш.), бел. народ і яго мову. Заклікала губ. адміністрацыю не абмяжоўвацца рэпрэсіямі бел. дзеячаў і «Нашай нівы», а «вырваць зло ў самым корані». У шматлікіх аўтарскіх і рэд. артыкулах («Беларускі сепаратызм», «Пра кніжную беларускую мову» і інш.) патрабавала ад урада забароны бел. нац. культуры. Абвінавачвала рус. дэмакр. прэсу, творчасць М.​Горкага, Л.​Андрэева, Ф.​Салагуба, А.​Купрына і інш. у безыдэйнасці і гандлярстве. За распальванне варожасці паміж народамі Рас. імперыі губ. ўлады канфіскоўвалі асобныя нумары газеты. Праграму «М.с.» працягвалі газ. «Минское русское слово» і «Северо-Западная жизнь».

Літ.:

Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985.

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)