А́НГЛА-ФРАНЦУ́ЗСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1904.
Падпісана 8 крас. ў Лондане. Прадугледжвала ўзаемнымі ўступкамі вырашыць спрэчныя каланіяльныя «правы» Вялікабрытаніі ў Егіпце, Францыі — у Марока. Разам з франка-рус. саюзам 1891—93 і англа-рус. пагадненнем 1907 стала асновай Антанты.
т. 1, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗУІ́СТЫКА разгляд асобных выпадкаў, здарэнняў у іх сувязі з агульнымі прынцыпамі права, маралі і інш. У юрыспрудэнцыі адшуканне норм права, якія дазваляюць вырашыць казусы (складаныя выпадкі), што ўзнікаюць у працэсе вядзення справы. У сярэдневяковай схаластыцы і багаслоўі — прымяненне агульных дагматычных палажэнняў да асобных выпадкаў. У тэалогіі (асабліва ў каталіцызме) — вучэнне пра ступень граху. У пераносным сэнсе — спрытнасць, выкрутлівасць у доказах, уменне адстойваць заблытаныя або фальшывыя палажэнні; кручкатворства.
т. 7, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСТАНО́ЎЧЫ СХОД,
1) вышэйшы дзярж. орган, які выбіраецца з мэтай выпрацоўкі і (або) прыняцця канстытуцыі. Побач з т.зв. устаноўчай уладай У.с. у перыяд сваёй дзейнасці звычайна ажыццяўляе функцыі заканадаўчага органа. Інстытут У.с. склаўся ў перыяд бурж. рэвалюцый. У канцы 20 ст. ў рамках У.с. распрацаваны і прыняты канстытуцыі Балгарыі, Румыніі, Камбоджы, Бразіліі, Калумбіі і інш. 2) У Расіі — выбарная прадстаўнічая ўстанова, якая пасля звяржэння царызму павінна была вырашыць пытанне аб дзярж. ладзе краіны. Гл. Устаноўчы сход у Расіі.
т. 16, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГЕ́ДАС (Arguedas) Хасе Марыя (18.1.1911, г. Андаўайлас, Перу — 2.12.1969),
перуанскі пісьменнік, прадстаўнік т.зв. індыянісцкага кірунку ў л-ры Лац. Амерыкі. Аўтар зб. апавяданняў «Вада» (1935), аповесці «Свята Явар» (1941), раманаў «Брыльянты і крамяні» (1954), «Глыбокія рэкі» (1958), «Кроў усіх расаў» (1964), «Ліса ўнізе, ліса ўверсе» (1971), у якіх адлюстраваў жыццё індзейцаў і метысаў. Імкнуўся вырашыць праблему пераадолення іспана-індзейскага культурнага дуалізму ў працэсе фарміравання нац. культуры, карані якой бачыў у стараж. традыцыях карэннага насельніцтва.
Тв.:
Los rios profundos. La Habana, 1965.
т. 1, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́КАСНАЯ ТЭО́РЫЯ дыферэнцыяльных ураўненняў,
матэматычная дысцыпліна, якая вывучае ўласцівасці рашэнняў звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў без знаходжання саміх рашэнняў.
Асновы Я.т. былі закладзены ў канцы 19 ст. Ж.А.Пуанкарэ і А.М.Ляпуновым. Асн. метадамі Я.т. з’яўляюцца геам. метады (гл. Графічныя вылічэнні), з дапамогай якіх рашэнні сістэмы дыферэнцыяльных ураўненняў (ДУ) разглядаюцца як крывыя ў адпаведнай прасторы. Атрыманыя крывыя дазваляюць «якасна» вырашыць пытанні паводзін рашэнняў ДУ, у т. л. ў тых абласцях вызначэння гэтых ураўненняў, дзе надзвычай складана атрымаць іх агульнае рашэнне інш. метадамі.
т. 18, кн. 1, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РВІ (Garvey) Маркус (17.8.1887, г. Сент-Анс-Бей, Ямайка — 10.6.1940),
дзеяч негрыцянскага руху ў ЗША. У 1914 заснаваў на Ямайцы Сусветную асацыяцыю паляпшэння становішча неграў (САПСН). У 1916 пераехаў у Нью-Йорк, перавёў туды штаб-кватэру САПСН, дамогся яе ператварэння ў масавую арг-цыю. Заклікаў вырашыць негрыцянскае пытанне шляхам перасялення амер. неграў у Афрыку і стварэння там негрыцянскай дзяржавы (т.зв. гарвізм). Для здзяйснення гэтай мэты ўвайшоў у кантакт з ку-клукс-кланам і атрымаў субсідыі ад улад. Пасля арышту Гарві (1925) САПСН распалася. У 1927 сасланы на Ямайку.
т. 5, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛЬГА́РНЫ МАТЭРЫЯЛІ́ЗМ,
філасофская плынь сярэдзіны 19 ст., якая спрашчала і агрубляла асн. прынцыпы матэрыялізму. Яе прадстаўнікі К.Фогт, Л.Бюхнер, Я.Молешот адмаўлялі сац. прыроду свядомасці, лічылі, што яе змест абумоўлены гал. чынам хім. саставам прадуктаў харчавання, атаясамлівалі мысленне з матэрыяльнымі фізіял. працэсамі, што адбываюцца ў чалавечым мозгу (мозг выдзяляе думку накшталт таго, як печань жоўць). Вульгарны матэрыялізм — у многім рэакцыя на ідэаліст. (асабліва ням.) дыялектыку, якую яго прадстаўнікі характарызавалі як філас. шарлатанства і з свайго боку спадзяваліся вырашыць усе філас. праблемы праз канкрэтныя прыродазнаўчыя даследаванні. У тлумачэнні сац. з’яў вульгарны матэрыялізм прымыкае да сацыял-дарвінізму.
У.К.Лукашэвіч.
т. 4, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ САЛДА́ТАЎ 1905,
рэвалюцыйнае выступленне салдатаў дысцыплінарнага батальёна ў Бабруйскай крэпасці, дзе за рэв. дзейнасць трымалі на суровым рэжыме 900 салдатаў (4 роты), у т. л. 300 матросаў Балтыйскага флоту. 5 снеж. салдаты 3 рот адмовіліся ісці на страявыя заняткі, захапілі зброю і запатрабавалі ў 5-дзённы тэрмін вырашыць пытанне аб іх вызваленні. На мітынгу выпрацаваны дадатковыя патрабаванні: неадкладная мабілізацыя прызваных у армію з запасу, скарачэнне тэрміну службы, адмена цялесных пакаранняў, ліквідацыя дысцыплінарных батальёнаў і штрафных рот, вызваленне паліт. зняволеных, перадача зямлі сялянам, 8-гадзінны рабочы дзень і інш. Віленскі ген.-губернатар накіраваў у Бабруйск карную экспедыцыю на чале з ген. Арловым, якая прымусіла паўстанцаў здацца. Па справе аб паўстанні было адсуджана 28 чалавек.
т. 2, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУ́ЛЕР (Fuller) Джон Фрэдэрык Чарлз (1.9.1878, г. Чычэстэр, Вялікабрытанія — 10.2.1966),
брытанскі ваенны дзеяч, гісторык і тэарэтык. Ген.-маёр (1930). Скончыў Акадэмію Генштаба, служыў у арміі на штабных пасадах. Удзельнік англа-бурскай вайны 1899—1902 і 1-й сусв. вайны. Спланаваў 1-ю ў гісторыі войнаў масіраваную танкавую атаку каля франц. г. Камбрэ (20.11.1917). З 1926 пам. нач. Генштаба. З 1933 у адстаўцы. Аўтар ваен.-гіст. і ваен.-тэарэт. прац, у якіх у 1920—30-я г. абагульняў вопыт 1-й сусв. вайны і распрацоўваў тэорыю стварэння невял. высокамеханізаванай арміі, здольнай масіраванымі ўдарамі танкаў і авіяцыі вырашыць зыход вайны. У 1940—50-я г. выдаў шэраг прац па гісторыі 2-й сусв. вайны і інш. ваен.-гіст. праблемах.
Тв.:
Рус. пер. — Вторая мировая война 1939—1945 гг. М., 1956.
т. 16, с. 498
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРУ́ГЛАГА СТАЛА́» КАНФЕРЭ́НЦЫІ 1930—32 (1-я ў 1930—31, 2-я ў 1931—32, 3-я ў 1932). Адбыліся ў Лондане паміж брыт. і інд. прадстаўнікамі, калі брыт. ўрад абвясціў пра намер прадаставіць Індыі статус дамініёна, і павінны былі вырашыць пытанні канстытуцыйнага ўладкавання Індыі. З інд. боку ў канферэнцыях удзельнічалі пераважна князі (больш за 600 чал.), група інд. лібералаў і прадстаўнікі рэліг. меншасцей. Найб. уплывовая партыя Індыі — Інд. нац. кангрэс (ІНК), якая праводзіла ў той час кампанію грамадз. непадпарадкавання, байкатавала 1-ю і 3-ю канферэнцыі, дамагаючыся поўнай незалежнасці Індыі. У сак. 1931 ІНК прыпыніў кампанію грамадз. непадпарадкавання, а яе лідэр М.К.Гандзі прыняў удзел у 2-й канферэнцыі, дзе выступіў супраць навязанага брыт. бокам асобнага прадстаўніцтва ніжэйшых каст у органах дзярж. улады. Вынікі «К.с.» к. скарыстаны пры распрацоўцы Закона аб кіраванні Індыяй (1935).
т. 8, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)