ПІЛА́Д,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі сын Строфія, цара Факіды (у Сярэдняй Грэцыі), у доме якога выхоўваўся выратаваны пасля забойства Агамемнана яго малалетні сын Арэст. У стараж. афінскіх трагедыях (Эўрыпіда і інш.) П. выступае як верны, самаахвярны сябар і спадарожнік Арэста ў яго шматлікіх прыгодах і выпрабаваннях. Імя П. ў спалучэнні з імем Арэста стала сімвалам вернага, адданага сяброўства.

т. 12, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗЕ́ЦКІ БОЙ 1943.

Адбыўся 30.11.1943 паміж 425-м партыз. палком і карным атрадам гітлераўцаў у в. Гарадзец Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Камандаванню палка стала вядома, што карнікі занялі в. Гарадзец, жыхароў гэтай і суседніх вёсак (больш за 70 чал.) зачынілі ў трох хлявах і 1 снежня збіраліся спаліць. 1-ы батальён партыз. палка на чале з П.​М.​Цагельнікавым хутка дабраўся да ўскраіны Гарадзецкага лесу. Атрымаўшы даныя разведкі пра ўзбраенне гарнізона і выставіўшы засады на дарогах да вёскі, партызаны атакавалі ворага. У выніку бою 66 з 70 карнікаў былі знішчаны, мясц. жыхары выратаваны.

т. 5, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́НЦЫГ (Май Вольфавіч) (н. 27.4.1930, Мінск),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1973). Нар. мастак Беларусі (1995). Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1952), Маскоўскі маст. ін-т імя Сурыкава (1958). З 1958 выкладае ў Бел. АМ (праф. з 1980). Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу. Сярод работ: тэматычныя карціны «Раніца новага Мінска» (1959), «Партызанскае вяселле» (1968), «Купалаўскія радкі» (1972), «Легенда Беларусі» (1975), «І памятае свет уратаваны...» (1985—95); лірычныя пейзажы «Стары і новы Мінск» (1963), «Цішыня» (1976), «Бацькаўшчына мая» (1982), «Мая Лагойшчына» (1985), серыя «Віцебск — радзіма Шагала» (1994); нацюрморты «Бэз» (1962), «Аб Вялікай Айчыннай...» (1968), «Ялінка» (1971), «Палітра новабудоўляў» (1979); партрэты «Сталявар» (1956), «Кінарэжысёр Э.​Клімаў» (1985), пісьменнікаў А.​Адамовіча і В.​Быкава (абодва 1986) і інш. 3 твораў манум. жывапісу: мазаічнае пано ў кінатэатры «Партызан» (1966), мазаіка ў гасцініцы «Юбілейная» (1969, з Б.​Няпомняшчым) — абодва ў Мінску. Творам Д. ўласцівы арыгінальныя кампазіцыйныя рашэнні, драматургічнасць зместу. Канструктыўна-пластычнае валоданне колерам, спалучэнне прыёмаў манум. і станковага мастацтваў, метафарычнасці і канкрэтыкі дазваляюць яму ствараць яркія маст. вобразы, поўна раскрыць сваю творчую індывідуальнасць. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968.

Літ.:

Сурский О.А. М.​В.​Данциг. М., 1975;

Крэпак Б.А. Май Данцыг. Мн., 1976;

Петэрсан С. Убачым новыя творы // Мастацтва. 1995. № 9.

Л.​Ф.​Салавей.

М.В.Данцыг.
М.Данцыг. І памятае свет выратаваны... 1985—95.

т. 6, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААЛАГІ́ЧНЫ ПАРК, заапарк,

навукова-асветная ўстанова, у якой у няволі трымаюць дзікіх жывёл для дэманстрацыі, вывучэння, захавання і ўзнаўлення. Адрозніваюць З.п. стацыянарныя, дзе жывёл трымаюць у клетках, вальерах або на вял. агароджаных плошчах (напаўвольна), і рухомыя — выстаўкі (філіялы). У некат. З.п. дэманструюць пароды свойскіх жывёл і бат. калекцыі (зоабат. паркі, напр., у Будапешце, Казані, Парыжы і інш.); бываюць камерцыйныя, у якіх праводзяць паказальныя выступленні з удзелам жывёл. Асн. задачы З.п.: захаванне калекцый дзікіх жывёл (асабліва рэдкіх і знікаючых відаў) мясц. і сусв. фауны ў штучных умовах (напр., у З.п. былі выратаваны ад знікнення алень Давіда, гавайская казарка, конь Пржавальскага і інш.); правядзенне н.-д., вучэбнай і навук.-асв. работы ў галіне заалогіі і аховы прыроды (напр., акліматызацыя жывёл, вывучэнне хвароб і метадаў лячэння, расплоджванне жывёл, правядзенне лекцый, экскурсій і інш.).

З.п. існавалі ў старажытнасці, напр. у Стараж. Рыме, Азіі і Афрыцы, дзе дзікіх жывёл трымалі з дэкар., рытуальнымі і інш. мэтамі; у Стараж. Егіпце, Кітаі З.п. пад назвай «Сады ведаў» існавалі 3 тыс. гадоў назад; у Еўропе вядомы з 14 ст. (у т. л. на Беларусі пад назвай «Мядзведжая акадэмія» існавалі ў гарадах Нясвіж, Смаргонь і належалі Радзівілам). Большасць З.п. заснаваны ў 19 ст.: у Лондане (1828), Берліне (1844), Мадрасе (1855), Мельбурне (1857), Парыжы (1858), Франкфурце-на-Майне (1858), Капенгагене (1859), Гамбургу (1863), Нью-Йорку (1865), Калькуце (1875). У 1990 у свеце было каля 850 З.п. (у т. л. ў Расіі каля 15, самыя старыя ў Маскве і С.-Пецярбургу). Буйнейшыя — Берлінскі ў Германіі і лонданскі Рэджэнспарк.

На Беларусі працуюць Гродзенскі заалагічны парк і Мінскі заапарк.

Э.​Р.​Самусенка.

У Мінскім заалагічным парку.

т. 6, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)