БМВ (BMW),

марка легкавых аўтамабіляў (выпуск з 1928) і матацыклаў (выпуск з 1923) фірмы «Баерышэ маторэнвэрке» (ФРГ). Аўтамабілі маркі БМВ маюць магутнасць рухавіка 140—250 кВт і макс. скорасць 200—250 км/гадз.

БМВ М5.

т. 3, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІЛ,

сям’я аўтамабіляў, якія выпускаюцца акц. аб’яднаннем «ЗІЛ» (г. Масква). Першыя ў Расійскай Федэрацыі аўтамабілі, на якіх выкарыстоўваліся эл. стартэр, гідрапрывод тармазоў, газагенератар. Грузавыя аўтамабілі (выпуск з 1924) вял. грузападымальнасці маюць поўную масу да 18,63 т (аўтапаязды — да 32 т), магутнасць рухавіка да 155 кВт.

Легкавыя аўтамабілі вышэйшага класа (выпуск з 1936) маюць рухавік магутнасцю да 232 кВт, найб. скорасць да 190 км/гадз.

Да арт. ЗІЛ: легкавы аўтамабіль ЗІЛ-4104 (уверсе); самазвал ЗІЛ-4514.

т. 7, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА «МІНСК»,

серыя універсальных лічбавых вылічальных машын агульнага прызначэння. Укаранёна ў вытв-сць Мінскім з-дам ЭВМ імя Арджанікідзе. Выкарыстоўваецца ў вылічальных цэнтрах, вылічальных сістэмах і аўтаматызаваных сістэмах рознага прызначэння.

Выпуск лямпавых машын 1-га пакалення серыі «Мінск-1» распачаты ў 1960 (папярэдняя мадэль — лямпавая выліч. машына М-3М створана ў 1959). Мадыфікацыі вылічальных машын «Мінск-11», «Мінск-12», «Мінск-14» мелі запамінальны блок большай ёмістасці, дадатковыя прылады ўводу-вываду інфармацыі. Выкарыстоўваліся пераважна для рашэння інжынерна-канструктарскіх і навук.-тэхн. задач матэм. і логікавага характару. У 1964 асвоены выпуск вылічальнай машыны «Мінск-2» 2-га пакалення (на дыскрэтных паўправадніковых элементах) з павышанай надзейнасцю, адначасовай работай вылічальніка і выхадных прыстасаванняў; мелі агрэгатную канструкцыю, магчымасць мяняць склад прылад і прыстасаванняў. У мадыфікацый вылічальных машын «Мінск-2», «Мінск-22М» прадугледжваўся ўвод-вывад інфармацыі з перфакартаў, перфастужак, магн. стужак, тэлетайпа і інш. Інфармацыйная вылічальная машына «Мінск-23» (выпуск 1965) максімальна прыстасавана для апрацоўкі розных відаў эканам. інфармацыі. У 1969 асвоены выпуск шматпраграмнай вылічальнай машыны «Мінск-32» (аднапрацэсарная выліч. сістэма), якая мела праграмную сумяшчальнасць з вылічальнай машынай «Мінск-22», ахову адной праграмы ў аператыўнай памяці ад другой, магчымасць далучэння вонкавых прыстасаванняў (у т. л. ЭВМ з утварэннем аднароднай выліч. сістэмы) і інш. У 1970-я г. пачаўся выпуск машын 3-га пакалення адзінай сістэмы электронных вылічальных машынЕС ЭВМ. У 1990-я г. распрацавана і ўкаранёна ў вытв-сць сям’я машын новага пакалення «Мінск-9000». За стварэнне сям’і вылічальных машын «Мінск» групе спецыялістаў з-да, НДІ ЭВМ і Выліч. цэнтра АН Беларусі прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1970.

М.​П.​Савік.

Вылічальная машына «Мінск-9000» (ЕС-1230): 1 — перыферыйныя тэрміналы; 2 — стойка цэнтральнага працэсара; 3 — цэнтральны тэрмінал.

т. 4, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВЕСТЫЦЫ́ЙНЫ БАНК,

спецыялізаваны банк, які займаецца эмісійна-заснавальніцкімі аперацыямі з каштоўнымі паперамі (іх выпуск, купля — продаж на фондавай біржы і па-за ёй), выдачай мэтавых доўгатэрміновых пазык. Ствараюцца з мэтай прыцягнення грашовых сродкаў, здзяйснення доўгатэрміновага крэдытавання, фінансавання мерапрыемстваў у розных галінах нац. гаспадаркі. Крыніцай іх рэсурсаў могуць быць бюджэтныя сродкі, пазыкі, выпуск акцый і інш. Акрамя выдачы доўгатэрміновых крэдытаў яны рэінвесціруюць (ажыццяўляюць паўторныя або дадатковыя ўкладанні сродкаў у дадзеную галіну, рэгіён) крэдыты камерцыйных банкаў на развіццё галін вытворчасці, аказваюць кіраўніцкія, кансультацыйныя і інш. паслугі.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д ПУСКАВЫ́Х РУХАВІКО́Ў.

Пачаў дзейнасць у 1944 з маторазборачнага, мех. ўчасткаў і мех. майстэрняў па рамонце рухавікоў. У 1945 уведзены ў эксплуатацыю маторазборачны і мех. цэхі, у 1947 — маторны. У 1959 перааснашчаны на выпуск трактарных рухавікоў, у 1971 на выпуск інш. прадукцыі. Цяпер завод — шматпрофільнае прадпрыемства па выпуску дызельных і пускавых рухавікоў магутнасцю 6 і 8 к.с., рэдуктараў, запасных частак; адзіны на Беларусі вытворца зварачных электродаў. Выпускае таксама тавары нар. ўжытку: мэблевую фурнітуру, люстры ў літых аправах, свяцільнікі, садова-агародны інвентар, керамічныя вырабы з маст. дызайнам і інш.

т. 5, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗАВО́Д ШАСЦЕ́РНЯЎ.

Засн. ў 1952 у Мінску. Першую прадукцыю даў у 1956. Асвоены выпуск больш як 1000 найменняў дэталей для гусенічных і колавых трактароў, аўтамашын, с.-г. машын, рухавікоў, помпаў, рэдуктараў і інш. Асн. прадукцыя (1999): цыліндрычныя і канічныя зубчастыя колы і валы (шасцерні і валы-шасцерні) з прамым, касым і спіральным зубам, зорачкі, шківы, чарвячныя перадачы; стальныя і штампаваныя пакоўкі, вырабы з метал. парашкоў, тавары нар. ўжытку, інструмент, спарт. інвентар. З 1994 наладжаны выпуск трактарных плугоў (20 мадэлей, ад 2- да 10-корпусных). Мае філіял у г. Смалявічы.

т. 10, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭС-РЭЛІ́З (англ. press-release выпуск для прэсы),

спецыяльныя бюлетэні для работнікаў сродкаў масавай інфармацыі, якія змяшчаюць матэрыялы для тэрміновай публікацыі. Выпускаюцца дзярж. ўстановамі, кіруючымі органамі міжнар. арг-цый, прэс-бюро.

т. 13, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКАЯ ЗАПА́ЛКАВАЯ ФА́БРЫКА Засн. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 1892 пад назвай «Прагрэс-Вулкан». У 1897 многія працэсы механізаваны; выпускала за суткі 250 тыс. карабкоў запалак. У тым жа годзе ф-ка згарэла, пазней адноўлена. У 1902 працавала 674 чал. З 1909 уваходзіла ў акц. т-ва запалкавых ф-к «Прагрэс-Вулкан». У 1915—18 ф-ка не працавала, абсталяванне часткова вывезена ў Германію. У 1918 ф-ка аднавіла выпуск запалак. У 1931 на ф-цы былі 183 машыны па выпуску запалак.У 1939 нацыяналізавана. У 1944 усё абсталяванне было вывезена ў Германію, а будынак спалены. З 1944 П.з.ф. ў складзе Пінскага фанерна-запалкавага камбіната (былы фанерны з-д), а з 1947 аднавіла выпуск запалак, у 1948 набыла самастойнасць і наз. Пінская запалкавая фабрыка «17 Верасня». У 1950 рэканструявана. У 1959—70 у складзе Пінскага фанерна-запалкавага камбіната, з 1971 — Пінскага вытв. дрэваапр. аб’яднання «Пінскдрэў». У 1984—85 пераабсталявана, перайшла на выпуск запалак у кардонных карабках. З 1992 з сучаснай назвай на правах філіяла ўваходзіць у «Пінскдрэў». Асн. прадукцыя (2001) — запалкі.

М.​А.​Галавешкін.

т. 12, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫТВО́РЧАЯ МАГУ́ТНАСЦЬ,

максімальна магчымы выпуск якаснай прадукцыі ці аб’ём здабычы або перапрацоўкі сыравіны за адзінку часу. Вытворчая магутнасць прадпрыемства складаецца з сумарнай магутнасці яго асн. цэхаў, а цэхаў — з магутнасці асн. абсталявання. Разлічваецца на суткі, год або некалькі гадоў. Выражаецца ў натуральных (вырабы, дэталі, штукі, тоны), умоўна-натуральных і грашовых паказчыках. Вытворчая магутнасць — велічыня пераменная, мяняецца з развіццём тэхн. прагрэсу, залежыць ад попыту на прадукцыю на рынку і інш. фактараў. На падставе разлікаў на прадпрыемствах складаецца баланс вытворчых магутнасцей і іх выкарыстання. З павышэннем узроўню выкарыстання вытворчай магутнасці (праз укараненне высокаэфектыўнага абсталявання, прагрэсіўнай тэхналогіі, удасканаленне арганізацыі вытв-сці і працы) павялічваецца выпуск прадукцыі.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 4, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ ЗАВО́Д КАРМАВЫ́Х ДРАЖДЖЭ́Й.

Пабудаваны ў 1983 у г. Мазыр Гомельскай вобл. Выпускаў кармавыя дрожджы. У 1995 перапрафіляваны на выпуск спірту этылавага рэктыфікаванага і гарэлкі. Асн. прадукцыя (1999): спірт этылавы рэктыфікаваны, гарэлка, напіткі пладовыя моцныя і вінныя вінаградныя.

т. 9, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)