ПАЖЫЛО́Е,

грашовая выплата селяніна феадалу пры пераходзе да другога ўладальніка ў Рас. дзяржаве ў 15—16 ст. Упершыню як абавязковае П. ўпамінаецца ў Судзебніку 1497. Поўны яго памер (ад 50 кап. ад 1 руб.) сяляне плацілі пасля 4 гадоў жыцця на зямлі феадала. Памер П. «з варот» (сял. двара) павялічыў Судзебнік 1550. П. садзейнічала запрыгоньванню сялян. Пасля забароны выхаду сялянскага паступова знікла.

М.Ф.Спірыдонаў.

т. 11, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫЦЫПА́ЦЫЯ (лац. anticiparatio ад anticipo прадугадваю),

1) у псіхалогіі і філасофіі здольнасць у той ці іншай форме прадбачыць развіццё падзей, з’яў, выніку дзейнасці; прадугадванне, загадзя складзенае ўяўленне пра што-небудзь. У псіхалогіі мае 2 значэнні: чаканне арганізмам пэўнай сітуацыі, што выяўляецца ў нейкай позе ці руху; уяўленне чалавекам выніку сваёй дзейнасці да яе ажыццяўлення. У філасофіі ідэя антыцыпацыі сустракаецца ўжо ў вучэнні стоікаў і эпікурэйцаў аб пралепсісе — агульным паняцці, якое ўзнікае ў свядомасці яшчэ да ўспрымання канкрэтных адзінкавых рэчаў непасрэдна з логасу. Кант разумеў пад антыцыпацыяй апрыёрнае (незалежнае ад вопыту) пазнанне прадметаў успрымання яшчэ да самога ўспрымання.

2) У логіцы — часовае прыняцце ў якасці даказанай пасылкі, якую мяркуецца абгрунтаваць пазней.

3) У эканоміцы — выплата грошай па даўгавым абавязацельстве раней за агавораны тэрмін.

т. 1, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ КРЭДЫТ,

форма міжнар. эканам. супрацоўніцтва, пры якой дзяржавы, банкі і фін. арг-цыі, а таксама інш. юрыд. і фіз. асобы адных краін выдзяляюць сродкі адпаведным контрагентам інш. краін. Сутнасць міжнар. крэдытных адносін заключаецца ў тым, што крэдытор прадастаўляе пазычальніку ў часовае карыстанне пэўныя рэсурсы ў таварнай або грашовай форме для развіцця канкрэтных галін або на пэўныя мэты нац. эканомікі і для пашырэння ўзаемных гасп. сувязей. Асн. віды М.к.: міждзярж. (міжурадавы), банкаўскі, фірменны (камерцыйны.). У залежнасці ад тэрмінаў выдачы адрозніваюць кароткатэрміновыя, сярэднетэрміновыя і доўгатэрміновыя М.к. Паводле характару пазыкі бываюць таварныя, інвестыцыйныя і валютныя (грашовыя). Таварныя крэдыты характэрны для сферы знешняга гандлю і выдзяляюцца ў выглядзе паставак прамысл., харч. і інш. тавараў. Іх пагашэнне і выплата на іх працэнтаў ажыццяўляюцца звычайна таварамі традыц. экспарту краіны-пазычальніцы. Інвестыцыйныя крэдыты выкарыстоўваюцца пры будаўніцтве, расшырэнні, рэканструкцыі прамысл., трансп., с.-г. і інш. аб’ектаў у выглядзе камплектных паставак машын, абсталявання або поўнага будаўніцтва за кошт сродкаў крэдытора. Такія пазыкі звычайна прадастаўляюцца на кампенсацыйнай аснове і пагашаюцца прадукцыяй тых прадпрыемстваў, на затраты якіх гэтыя пазыкі прызначаліся. Валютныя крэдыты выдаюцца ў свабодна канверсаванай або інш. валюце, золаце.

т. 10, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДКА́ЗНАСЦЬ юрыдычная,

у шырокім сэнсе — пакаранне; прымусовыя меры ў адносінах да вінаватых (фізічных і юрыд. асоб) за правапарушэнні, якія прадугледжаны і рэгулююцца нормамі права. Адрозніваюць адказнасць адміністрацыйную, дысцыплінарную, цывільную, крымінальную і інш.

Адміністрацыйная — адказнасць за адміністрацыйныя правапарушэнні. Настае за ўчыненне антыграмадскіх дзеянняў, якія не маюць вял. грамадскай небяспекі. Адм. спагнанні накладваюць органы ўнутр. спраў, адм. камісіі, суддзі і інш. Дысцыплінарная — адказнасць за парушэнні працоўнай дысцыпліны і службовых абавязкаў. Агульны парадак такой адказнасці вызначаны КЗаП, тыпавымі правіламі ўнутр. працоўнага распарадку, статутамі і палажэннямі аб службе або рабоце. Дысцыплінарныя спагнанні накладваюцца адпаведнымі органамі ці кіраўніком (начальнікам), якому парушальнік падпарадкоўваецца па службе або рабоце. Цывільная — адказнасць за маёмасныя (і некаторыя немаёмасныя) страты, нанесеныя невыкананнем або неналежным выкананнем абавязацельстваў або ўчыненнем якіх-н. проціпраўных дзеянняў. Выяўляецца ва ўскладанні нявыгадных маёмасных вынікаў на асобу, якая дапусціла неправамерныя паводзіны. Найб. пашыраныя формы гэтага віду адказнасці — кампенсацыя страт і выплата няўстойкі. Забяспечвацца ва ўстаноўленым судом парадку. Крымінальная — адказнасць за злачынствы. Падставай для яе з’яўляецца факт учынення небяспечнага для грамадства дзеяння, якое вызначаецца законам як злачынства. Мера пакарання вінаватаму назначаецца прыгаворам суда. Парадак прыцягнення да крымін. адказнасці, а таксама магчымасць вызвалення ад яе рэгламентаваны заканадаўствам.

Прававыя нормы Рэспублікі Беларусь прадугледжваюць таксама матэрыяльную адказнасць — абавязак работніка пакрыць прадпрыемству (установе, арг-цыі) матэрыяльныя страты, якія атрымаліся па яго віне. Падставы для матэрыяльнай адказнасці, парадак і памеры кампенсавання страт вызначаюцца заканадаўствам.

Сучаснае міжнар. права прадугледжвае міжнародна-прававую адказнасць, суб’ектам якой з’яўляецца сама дзяржава. Настае ў выніку парушэння дзяржавай нормаў міжнар. права ці міжнар. абавязацельстваў. Дзяржава нясе таксама адказнасць за неправамерныя дзеянні або ўпушчэнні ўсіх сваіх органаў і дзеянні фізічных асоб, учыненыя на яе тэрыторыі. Адрозніваюць адказнасць палітычную (ужыванне міжнар. санкцый і аддаванне задавальнення пацярпелай дзяржаве) і матэрыяльную (рэпарацыі і рэстаўрацыі). Рознагалоссі ў вызначэнні формаў і аб’ёмаў адказнасці вырашаюцца мірнымі сродкамі, прадугледжанымі Статутам ААН. Найчасцей у такіх выпадках выкарыстоўваецца арбітраж міжнародны. Калі дзяржава-парушальнік адмаўляецца ад выканання мер кампенсацыі або задавальнення, не пагаджаецца на мірнае ўрэгуляванне рознагалоссяў ці не выконвае рашэння кампетэнтнага міжнар. органа, могуць быць ужыты адпаведныя міжнар. санкцыі.

т. 1, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗЫ́КА ДЗЯРЖА́ЎНАЯ,

пасіўная форма дзяржаўнага крэдыту, калі дзяржава выступае ў якасці пазычальніка і прыцягвае часова свабодныя грашовыя сродкі суб’ектаў гаспадарання для фінансавання агульнадзярж. патрэб шляхам выпуску і рэалізацыі аблігацый, казначэйскіх абавязацельстваў, вэксаляў і інш. дзяржаўных каштоўных папер. Паводле права эмісіі П.дз. падзяляецца на пазыкі, якія выпускаюцца ўрадам і мясц. органамі ўлады (муніцыпальныя пазыкі); па катэгорыі трымальнікаў дзяржаўных абавязацельстваў — на пазыкі, якія рэалізуюцца сярод насельніцтва; пазыкі, якія распаўсюджваюцца сярод прадпрыемстваў і ўстаноў; універсальныя пазыкі для іх размяшчэння сярод юрыд. і фіз. асоб; па тэрмінах пагашэння — на кароткатэрміновыя (тэрмін пагашэння 1 год), сярэднетэрміновыя (да 5 гадоў), доўгатэрміновыя (звыш 5 гадоў); па метадах размяшчэння — на добраахвотныя (размяшчаюцца па падпісцы) і прымусовыя. П.дз. могуць быць аблігацыйныя (прадугледжваюць эмісію каштоўных папер дзяржавы) і безаблігацыйныя (казначэйскія абавязацельствы, вэксалі, крэдытаванне цэнтр. банкам дзярж. бюджэту, якія афармляюцца шляхам запісаў у даўгавых кнігах, дагавораў, пагадненняў і выкарыстоўваюцца на міждзярж. узроўні. У залежнасці ад формы выплаты даходаў адрозніваюць П.дз.: працэнтныя (уладальнік штогод атрымлівае цвёрды даход па ўстаноўленай працэнтнай стаўцы), выйгрышныя (трымальнікі пазыкі атрымліваюць даход у форме выйгрышаў у момант пагашэння аблігацыі), працэнтна-выйгрышныя (выплата часткі даходу па купонах, а часткі ў выглядзе выйгрышаў), бяспройгрышныя (гарантуюць, што выйгрыш прыпадае на кожную аблігацыю), беспрацэнтныя (трымальнікам аблігацый гарантуецца атрыманне адпаведнага тавару, попыт на які поўнасцю не задавальняецца). Спецыфічнай формай дзярж. крэдыту з’яўляецца ператварэнне часткі ашчадных укладаў насельніцтва ў Пдз., пры якой размяшчэнне грашовых сродкаў насельніцтва ў дзярж. каштоўныя паперы ажыццяўляецца з дапамогай ашчаднага банка. Знешнія П.дз. характарызуюцца тым, што дзяржава выступае на сусв. рынку як пазычальнік. Яны прадастаўляюцца ў грашовай або таварнай формах і з’яўляюцца крыніцамі паскоранага сац.-эканам. развіцця і ўмацавання фін. становішча дзяржавы-атрымальніка сродкаў, інвесціравання новых тэхналогій і садзейнічаюць умацаванню міжнар. супрацоўніцтва. Найчасцей знешнія П.дз. выступаюць у форме інвестыцыйных крэдытаў, якія выкарыстоўваюцца на капітальныя ўкладанні. Могуць выдзяляцца непасрэдна ўраду на падтрымку эканам. рэформ, рэфармаванне і ўмацаванне дзярж. кіравання, памяншэння бюджэтнага дэфіцыту. Пагашэнне пазык па ўзгадненні бакоў ажыццяўляецца таварнымі пастаўкамі або валютай.

А.Ф.Кірэева.

т. 11, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)