КАМПЕНСАЦЫ́ЙНЫ МЕ́ТАД ВЫМЯРЭ́ННЯЎ,

метад, заснаваны на кампенсацыі (ураўноўванні) напружання (эрс), якое вымяраецца, напружаннем, што ствараецца на вядомым супраціўленні токам ад дапаможнай крыніцы. Рабочы ток устанаўліваюць па нармальным элеменце з вядомай эрс. К.м.в. выкарыстоўваюць для вымярэння розных эл. велічынь (эрс, напружанняў, токаў, супраціўленняў), а таксама інш. фіз. велічынь (мех., светлавых, т-ры і інш.), якія папярэдне пераўтвараюць у эл. велічыні.

Пры К.м.в. выніковы эфект уздзеяння велічынь, што вымяраюцца, на прыладу параўнання (нулявую прыладу) даводзяць да нуля (гл. Нулявы метад вымярэнняў). К.м.в. вызначаецца высокай дакладнасцю, якая залежыць ад адчувальнасці нулявой прылады. Электравымяральныя прылады, заснаваныя на К.м.в., наз. патэнцыёметрамі або электравымяральнымі кампенсатарамі.

Літ.:

Электрические измерения. 5 изд. Л., 1980;

Электрические измерения. М., 1985;

Справочник по электроизмерительным приборам. 3 изд. Л., 1983.

т. 7, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЗБРАЕ́ННЕ,

сукупнасць мерапрыемстваў па спыненні гонкі ўзбраенняў, абмежаванні, скарачэнні і ліквідацыі ракетна-ядзернай зброі і інш. сродкаў вядзення войнаў.

З часоў старажытнасці мэтай чалавецтва з’яўляўся мір без узбр. насілля; у больш позні час — усеагульнае і поўнае Р., якое прадугледжвала б роспуск усімі дзяржавамі свету ўзбр. сіл, скасаванне вайск. устаноў, спыненне вытв-сці і ліквідацыю ўсіх відаў узбраенняў і інш.

У наш час Р. — адна з найб. глабальных праблем чалавецтва. Асаблівую небяспеку выклікае ўзмацненне мілітарызму, вытв-сць, накапленне і распаўсюджанне зброі масавага знішчэння: тэрмаядзернай, біялагічнай, хім., а таксама зброі, заснаванай на новых фізічных прынцыпах (напр., прамянёвая зброя, пучковая зброя, нейтронныя боепрыпасы і інш.). Праблема Р. дэкларуецца ў Статуце ААН, разглядаецца ў шэрагу міжнар. дакументаў: Дагавор аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі (1968), Канвенцыя аб забароне бактэрыялагічнай (біялагічнай) зброі (1972), Дагавор аб абмежаванні сістэм проціракетнай абароны (1972); Выніковы акт Хельсінкскага пагаднення (1992) і інш. Іх выкананне значна памяншае патэнцыял мілітарызму ў шэрагу краін. Рэспубліка Беларусь у ліку першых ажыццявіла ракетна-ядзернае Р., скараціла значную ч. сучаснай ваен. тэхнікі і ўзбраенняў, выступіла з ініцыятывай стварэння ва Усх. і Цэнтр. Еўропе зоны, свабоднай ад ядзернай зброі (1996).

В.​І.​Боўш.

т. 13, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРА́ДЫ ПРАДСТАЎНІКО́Ў КАМУНІСТЫ́ЧНЫХ І РАБО́ЧЫХ ПА́РТЫЙ,

форма ідэйна-паліт. сувязей паміж камуніст. і рабочымі партыямі і каардынацыі іх дзейнасці. Праводзяцца міжнар. нарады і сустрэчы, рэгіянальныя сустрэчы, двухбаковыя перагаворы, навук. канферэнцыі і сімпозіумы. Пашырыліся пасля роспуску Камуністычнага інтэрнацыянала, пераважна з 1950-х г. Найб. значэнне ў гісторыі міжнароднага камуністычнага руху мелі маскоўскія нарады: 14—16.11.1957, прадстаўлены 12 партый сацыяліст. краін, прынята Дэкларацыя; 16—19.11.1957, прадстаўлены 64 партыі, прыняты Маніфест міру; 10.11—1.12.1960, прадстаўлена 81 партыя, прыняты Заява камуніст. і рабочых партый (у абарону адзінства камуніст. руху) і Зварот да народаў свету; 15—17.6.1969, прадстаўлены 75 партый, прыняты выніковы дакумент «Задачы барацьбы супраць імперыялізму на сучасным этапе і адзінства дзеянняў камуністычных і рабочых партый, усіх антыімперыялістычных сіл», зварот «Аб 100-годдзі з дня нараджэння У.​І.​Леніна» і інш. Найважнейшыя рэгіянальныя нарады адбыліся ў Берліне (1976), Парыжы (1980), Буэнас-Айрэсе, Дамаску (абедзве 1984) і інш. На Міжнар. сустрэчы ў Афінах (чэрв. 1999) прадстаўлены 55 камуніст. і рабочых партый з 50 краін. У снеж. 1999 у г. Лімасол на Кіпры адбылася 2-я міжнар. сустрэча камуніст., левых і прагрэс. партый краін Еўропы, Б.​Усходу і Міжземнамор’я, дзе былі прадстаўлены 49 арг-цый з 28 краін, у т. л. кампартыі Расіі, Украіны і Арменіі.

т. 11, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)