МАРА́НЫ (ісп. marranos),
яўрэі ў Іспаніі і Партугаліі ў 14—17 ст., якія афіцыйна (у т. л. вымушана) прынялі каталіцтва. Займаліся гандлем, некат. з М. былі на дзярж. службе і нават сярод каталіцкага духавенства. Значная частка М. працягвала тайна выконваць яўр. рэліг. абрады, за што ісп. інквізіцыя падвяргала іх ганенням і пакаранню смерцю.
т. 10, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮДО́ВІК XVI (Louis; 23.8.1754, г. Версаль, Францыя —21.1.1793),
кароль Францыі [1774—92]. З дынастыі Бурбонаў. Унук Людовіка XV [1715—74]. Правіў ва ўмовах вострага эканам. і сац.-паліт. крызісу. У час Французскай рэвалюцыі 1789—99 вымушана супрацоўнічаў з Устаноўчым сходам і Заканадаўчым сходам. У 1791 няўдала спрабаваў уцячы за мяжу. Скінуты з прастола ў выніку нар. паўстання 10.8.1792. Абвінавачаны ў дзярж. здрадзе (тайныя зносіны з урадамі краін антыфранц. кааліцыі, выдача ім ваен. планаў Францыі ў 1792) і паводле прыгавору суда Канвента пакараны смерцю (гільяцінаваны).
т. 9, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́РЧЫНСКІ ДАГАВО́Р 1689,
мірны дагавор паміж Рас. дзяржавай і маньчжурскім Кітаем (Цынскай імперыяй), які завяршыў рас.-маньчжурскі ваен. канфлікт 1680-х г. з-за прыналежнасці Прыамур’я. Падпісаны 6 вер. каля Нерчынскага астрога (цяпер г. Нерчынск Чыцінскай вобл., Расія). Вызначыў умовы развіцця мірных паліт., дыпламат. і гандл. адносін паміж Расіяй і Кітаем. Расія была вымушана адмовіцца на карысць маньчжураў ад тэр. Албазінскага ваяв. (у бас. р. Амур), але замацавала за сабой Усх. Сібір. Н.д. заменены Айгунскім дагаворам 1858 і Пекінскім трактатам 1860.
т. 11, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМ’Е́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1918,
наступальная аперацыя англа-французскіх войскаў 8—13 жніўня супраць германскіх армій у 1-ю сусв. вайну. Праведзена з мэтай ліквідацыі Ам’енскага выступу і аховы ад арт. абстрэлу чыг. Парыж—Кале. На ўчастку прарыву (76 км) былі сканцэнтраваны гал. сілы і сродкі 4-й англ., 1-й і 3-й франц. армій, больш за 500 танкаў і самалётаў супраць 2-й і ч. войскаў 18-й герм. армій. Ням. войскі з вял. стратамі былі адкінуты. Ам’енская аперацыя стала пачаткам агульнага паражэння Германіі, якая ў ліст. 1918 вымушана была капітуляваць.
т. 1, с. 312
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХМУ́Д II (Mahmut; 20.7.1784, Стамбул — 1.7.1839),
турэцкі султан [1808—39]. Узведзены на прастол у выніку дварцовага перавароту. З сярэдзіны 1820-х г. правёў шэраг рэформ, накіраваных на стварэнне цэнтралізаванага дзярж. апарату і ліквідацыю феад. раздробленасці. Знішчыў корпус янычараў (1826), пазбавіў губернатараў права мець уласнае войска (1836—39), адкрыў шэраг свецкіх школ і вучылішчаў. Пры М. II Асманская імперыя пацярпела паражэнні ў войнах з Расіяй (1806—12 і 1828—29), вымушана была прызнаць незалежнасць Грэцыі і аўтаномію Сербіі (1830), вяла няўдалыя войны супраць Мухамеда Алі (1831—33 і 1839).
т. 10, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМНІ́НЫ (Komnēnoi),
дынастыя імператараў Візантыі ў 11—12 ст. Паходзілі фактычна ад военачальніка Ісаака I Камніна, імператара ў 1057—59, але заснавальнікам дынастыі лічыцца Аляксей I Камнін [1081—1118). Інш. прадстаўнікі: Іаан II Камнін [1118—43], Мануіл I [1143—80], Аляксей П [1180—83], Андронік I [1183—85]. Апіраліся на ваенна-феад. знаць і правінцыяльныя гарады. Умацавалі землеўладанне, ліквідавалі рухі багамілаў і інш., уладу ў правінцыях перадалі военачальнікам (дукам), апалчэнне замянілі наёмным войскам, падпарадкавалі правасл. царкву; атрымалі шэраг перамог над сельджукамі, аднак пасля захопу г. Фесалонікі нарманамі вымушана саступілі ўладу дынастыі Ангелаў. Нашчадкі Андроніка I у 1204—1461 правілі ў Трапезундскай імперыі пад імем «Вялікіх Камнінаў».
т. 7, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТЫНЕНТА́ЛЬНАЯ БЛАКА́ДА,
эканамічная палітыка Францыі ў адносінах да Вялікабрытаніі ў 1806—14. Абвешчана дэкрэтам імператара Напалеона I Банапарта ад 21.11.1806 з мэтай зламаць супраціўленне Вялікабрытаніі ў барацьбе за гегемонію ў Еўропе і стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця франц. прам-сці. Саюзным і падуладным Францыі дзяржавам было забаронена весці гандаль, падтрымліваць паштовыя і інш. зносіны з Брыт. а-вамі. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 да К.б. вымушана далучыліся Расія і Прусія. Пасля паражэння арміі Напалеона ў вайне 1812 супраць Расіі большасць краін перасталі прытрымлівацца ўмоў блакады. Фармальна адменена ў сувязі з адрачэннем Напалеона I ад прастола (крас. 1814).
т. 8, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЭКЧЭ́,
адна з трох карэйскіх дзяржаў (П., Кагуро, Сіла), якія ўзніклі ў пач. н.э. Займала ПнЗ Карэйскага п-ва. Першы вядомы цар (ван) П. — Кой [234—286], да часу кіравання якога адносяцца першыя юрыд. ўстанаўленні дзяржавы, пашырэнне будызму, які ў 384 быў абвешчаны дзярж. рэлігіяй. З канца 4 ст. вяла войны з Кагуро, з 5 — з Сіла, у выніку чаго страціла значную ч. сваёй тэрыторыі і вымушана была перанесці сталіцу ў 475 з Хансона (цяпер Кванджу) ва Унчхон (цяпер Канджу), а ў 538 — у Сабуры (цяпер Пуё). У 660 разгромлена аб’яднаным войскам Сіла і кіт. імперыі Тан. З канца 7 ст. тэр. П. ўвайшла ў склад аб’яднанай дзяржавы Сіла.
т. 13, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБЧА́НСКІЯ БАІ́ 1944.
Адбыліся паміж партызанамі брыгады імя Дзяржынскага і ням.-фаш. захопнікамі ў г.п. Любча Вілейскага р-на Мінскай вобл. 3 і 6—8 ліп. ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон у Любчы (каля 450 гітлераўцаў) прыкрываў адступленне гітлераўскіх войск. Партызаны спланавалі яго ліквідацыю. 3 ліп. штурмам авалодалі гар. пасёлкам, захапілі шмат варожага ўзбраення. Выбітыя з пасёлка гітлераўцы пачалі канцэнтраваць сілы ў в. Нягневічы, каб знішчыць партызан і авалодаць пасёлкам. 6 ліп. пры падтрымцы танкаў і артылерыі яны пачалі наступленне. 3-за пагрозы акружэння брыгада вымушана была пакінуць Любчу. Але пасля 2 дзён жорсткіх баёў 8 ліп. партызаны зноў захапілі пасёлак і ўтрымлівалі яго да падыходу Чырв. Арміі.
М.Ф.Шумейка.
т. 9, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРХО́ЎНЫ ТА́ЙНЫ САВЕ́Т,
вышэйшая дзярж. ўстанова ў Расіі ў 1726—30. Створаны паводле ўказа імператрыцы Кацярыны I. Уваходзілі А.Д.Меншыкаў, Ф.М.Апраксін, Г.І.Галоўкін, А.І.Астэрман, Дз.М.Галіцын, П.А.Талстой, К.Ф.Галштынскі, А.Г. і В.А.Далгарукавы (з 1728), М.М.Галіцын і В.У.Далгарукаў (з 1730). Фармальна быў дарадчым органам пры манарху, фактычна вырашаў усе важнейшыя справы ўнутр. і знешняй палітыкі. Савету падпарадкоўваліся Сенат, калегіі, Сінод і інш. Спачатку працягваў палітыку Пятра I, потым адышоў ад яе (скасаванне пад націскам знаці пятроўскага адм. апарату, перанясенне сталіцы ў Маскву). Пасля запрашэння на рас. прастол Ганны Іванаўны члены Вярхоўнага тайнага савета спрабавалі абмежаваць яе ўладу, і яна вымушана была падпісаць адпаведныя ўмовы («кандыцыі»). Але палітыка членаў Савета не атрымала падтрымкі шырокіх слаёў дваранства. Ганна Іванаўна разарвала «кандыцыі». Вярхоўны тайны савет быў скасаваны.
т. 4, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)