АБСО́РБЕР

(ад лац. absorbere паглынаць),

апарат для паглынання (абсорбцыі) газаў з іх сумесі вадкімі абсарбентамі. У хім. і нафтаперапр. прам-сці выкарыстоўваюць некалькі канструкцый. Паверхневы абсорбер — рэзервуар з абсарбентам, над паверхняй якога прапускаюць газ, і кампаненты газавай сумесі часткова паглынаюцца абсарбентам. Выкарыстоўваюць, калі газавая сумесь добра раствараецца ў абсарбенце. Насадачны абсорберверт. метал. або керамічная калона (труба) з некалькімі гарыз. рашоткамі, на якія насыпаюць слаі насадкі (кокс, каменне, метал. або керамічныя кольцы і інш.). Абсарбент падаецца зверху і праз насадку сцякае ўніз, а сумесь газаў — знізу. У талерчатым абсорберы (гл. рыс.) газавую сумесь з рэчывамі, якія неабходна выдаліць, прадзімаюць знізу ўверх праз абсарбент, што сцякае з талеркі на талерку па пераліўных трубках. Адбываецца барбатаж (перамешванне) вадкасці з газам, што спрыяе паглынанню рэчываў абсарбентам. Абсорбер выкарыстоўваюць і ў сістэмах жыццезабеспячэння касм. апаратаў.

Схема абсорбера: 1 — перагародка; 2 — патрубак; 3 — каўпак; 4 — пераліўная тоубка; 5 — абсарбент.

т. 1, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЛО́ЎСКІ РАССТРЭ́Л 1905,

расстрэл царскімі войскамі і паліцыяй мітынгу ў Мінску 31.10.1905. У гэты дзень да гараджан дайшлі звесткі пра Маніфест 17 кастрычніка 1905, які абвясціў у краіне дэмакр. свабоды, надаваў заканад. паўнамоцтвы Дзярж. думе, але захаваў у Расіі манархію. Жыхары выходзілі на вуліцы. Натоўпы людзей ператвараліся ў мітынгі і дэманстрацыі, удзельнікі якіх з чырв. сцягамі і рэв. песнямі накіроўваліся да Віленскага вакзала Лібава-Роменскай чыгункі (зараз вакзал Мінск-Пасажырскі). Па патрабаванні ўдзельнікаў мітынгу губернатар П.Р.Курлоў вызваліў палітвязняў. Пад вечар на плошчы перад вакзалам сабралася каля 20 тыс. чал. Каб разагнаць мітынг, жандарскі палкоўнік Вільдэман-Клопман са згоды Курлова распарадзіўся адкрыць стральбу па яго ўдзельніках. Ахвярамі сталі каля 100 чал., каля 300 чал. былі паранены. У адказ на гэта злачынства Мінская арг-цыя РСДРП звярнулася да жыхароў горада з адозвай, у якой патрабавала: неадкладна аддаць пад суд Курлова і інш. асоб, вінаватых у расстрэле, распусціць паліцыю, выдаліць з горада казакоў, забяспечыць сем’і ахвяр за кошт дзяржавы, адміністрацыі горада і ўзбр. сілам не ўмешвацца ў сходы грамадзян. Мінскі кааліцыйны савет у знак пратэсту аднавіў усеагульную стачку, якая працягвалася да 6.11.1905. Пачалося афіцыйнае расследаванне. Аднак злачынцаў да адказнасці не прыцягнулі. Курлоў не прызнаў сваёй віны і пераклаў яе на вайск. камандаванне.

У.Г.Філякоў.

Курлоўскі расстрэл. З карціны І.А.Давідовіча. 1939 Нац. мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.

т. 9, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)