ПІНЦЫРО́ЎКА (ад ням. pinzieren выдаляць канец),
прышчыпка, выдаленне верхавінкі парастка. У пладаводстве робяць у гадавальніках пры фарміраванні кроны ў раслін (абрыкос, груша, персік, яблыня) і ў садзе для рэгулявання росту парасткаў ці плоданашэння дрэў. Уручную або садовымі нажніцамі (секатарам) выдаляюць верхавінку і пакідаюць ч. парастка з 7—10 лістамі. За вегетац. перыяд П. праводзяць да 3 разоў. У агародніцтве П. робяць пры вырошчванні агуркоў (у цяпліцах), баклажанаў, брусельскай капусты, насенных раслін сталовага бурака і морквы (у адкрытым грунце); у паляводстве — пры доглядзе за насеннікамі цукр. буракоў (звычайна хім. сродкамі).
В.І.Кіцікаў.
т. 12, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПАНЕ́НТ (ад лац. componens састаўная частка),
складальная частка, элемент чаго-н. К. у хіміі і тэрмадынаміцы — кожнае з хім. індывід. рэчываў, найменшага ліку якіх дастаткова для ўтварэння ўсіх фаз сістэмы.
Маса кожнага К. ў сістэме не залежыць ад масы інш. К. можна ўводзіць у сістэму і выдаляць з яе. Калі рэчывы могуць уступаць у рэакцыю, колькасць К. ў сістэме вызначаецца рознасцю паміж лікам складальных рэчываў і лікам незалежных хім. рэакцый, якія могуць ісці ў сістэме. Калі хім. рэакцыі ў сістэме не адбываюцца (напр., сумесь бензолу і гліцэрыны), то такая сістэма наз. фізічнай і для яе лік К. роўны ліку складальных рэчываў. Гл. таксама Гібса правіла фаз.
т. 7, с. 535
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)